Выбрать главу

І мяне як што падштурхнула, падкінула з зямлі. Я ўскочыў, наблізіўся да яе. Яна як быццам абрадавалася, адчуўшы мае намеры.

— Вядзі, птушка! — загадаў я ціха і адразу паскорыў крок, пашыбаваў следам. — Я памагу табе!

Яна ляцела паперадзе, вяла мяне па сцежцы, потым крута павярнула ўправа — у гушчарняк — і ціліўкала ўсё званчэй і званчэй, пацвярджаючы, што яна дамаглася свайго, дастукалася да свядомасці чалавека. Сумнення не было — цяпер я яе не пакіну, буду бегчы за ёй праз любыя нетры. Я прабег балотца з ванючай тванню, пырскі ўдарылі па твары, але я не звяртаў увагі — стараўся не згубіць амялушку. Узгорак з чэзлага сосніку я прабег што было сіл...

І тут я пачуў крык.

— Памажыце! ...амажыце! — крычаў мужчына знясіленым і хрыплым голасам, бегаў вакол глыбокай калюжыны, у якой загрузла, вышэй колаў, легкавушка. — Людзі добрыя, памажыце!..

Калі я падбег да яго, не разумеючы, што здарылася, ён упаў на калені перада мной, хлапчуком, прасіў выратаваць ад нечага страшнага і непапраўнага.

Толькі цяпер я ўбачыў — як хто засланіў перад гэтым вочы, — што пярэднія дзверцы «жыгулёнка» былі прачынены і яны ж заціснулі дзяўчынку, якая спрабавала, пэўна, вылезці з машыны, ды папалася нечакана ў такую пастку — палавіна яе, з жывата, была ў машыне, а рукі, плечы і галава былі наверсе. І чым больш засмоктвала твань легкавік, тым мацней дзверцы сціскалі дзяўчынку. «Жыгулі» ўсё глыбей і глыбей пагружаліся ў брудную ваду...

Я паспрабаваў яе пацягнуць, узяўшы пад пашкі, але яна закрычала ад болю — дзверца мёртва ўціснула яе, ужо як не счарнела ўся...

Дзяўчынка ўжо не крычала — яна сплакалася і знемаглася. Пакрысе, сантыметр за сантыметрам, багна ўцягвала ў сябе легкавік — было жахліва назіраць і нічога не зрабіць для выратавання жывой душы...

— Я маментам! Тут мужыкі недалёка! — крыкнуў я і стрымгалоў кінуўся ў кустоўе, адзначаючы пра сябе, што толькі мужчыны могуць выбавіць малую з палону. Толькі б яна засталася жывой да іх прыходу.

Бегучы, яшчэ прыкмеціў, што голасу амялушкі не было чуваць — значыць, яна прылятала за дапамогай да людзей. Ды не той адгукнуўся, хто трэба быў, — які я збавіцель? Няўжо амялушка адчувала няшчасце з раніцы, калі ляцела за намі? Тады ж і легкавушка не праязджала там. Прадчувала няшчасце?.. Прасіла, стукалася ў нашы сэрцы, каб мы папярэдзілі бяду?

Я бег і ашчаджаў сілы, каб хапіла яшчэ дабегчы і назад, бо мужчыны маглі і не ведаць таго месца...

Яны ўжо шукалі мяне, спалохаўшыся, што я некуды знік, гукалі.

— Тата, там бяда... туды трэба... хутчэй... — стараюся крычаць, але не было ў мяне голасу, паказваю толькі рукой у той бок. — Бяда там... Дзяўчынка памірае ў машыне — заціснула дзверцай, і легкавік грузне ў багну...

— Які легкавік? Дзе?!

— У Міколікавым бродзе. Ратаваць трэба! Хутчэй!..

Бацька нешта зразумеў, скамандаваў, каб беглі туды. Яны забыліся пра мяне. Я ж сядзеў, змакрэлы, аддыхваўся, набіраўся сіл. А пасля і сам пабег іх даганяць — быццам ад маёй дапамогі там залежала жыццё дзяўчынкі.

Калі ж я прыбег на тое месца, то ўбачыў, што мужчыны выбілі ў легкавушцы вокны, дручкамі падважвалі яе, стараючыся вырваць яе з багны, але нічога ў іх не выходзіла. Мікіта залез наверх, хацеў, як і я, выцягнуць дзяўчо, але клубы ўпіраліся ў метал і не адпускалі. Прорва балота, як пачвара, засмоктвала легкавік у сябе, як старалася праглынуць...

— Мужчынкі, памажыце, азалачу, калі ўнучку ўратуеце! — прасіў дзяцюк, поўзаў на каленях, размазваў па твары бруд і слёзы. — Век на вас маліцца буду... Пашкадуйце яе, чым жа яна саграшыла перад Богам?

— У вайну ты маліўся добра, ведаем, — пра нешта намякнуў Зміцер Аляшкевіч. — Не цябе шкода, а яе, нявіннае дзіця...

— Ёй памажыце. Маё жыццё забярыце, ёй аддайце...

Твар у дзецюка чорны, як у негра, чорныя пісягі сцякаюць па шыі на грудзі, вочы чырвоныя, крывяныя, умольныя.

— Мо б «Дружбай» разрэзаць? — падказвае бацька.

Я адчуў дзікасць сітуацыі — кагорта мужчын, дужых і здаровых, а зрабіць нічога не могуць — бездапаможныя перад смерцю. А на вачах жа гіне дзяўчынка...

— Не возьме, — сумняваецца Мікіта, але і тут жа абураецца: — Дык я ж, маць тваю, не ўзяў яе... Адкуль мне было ведаць пра такое?

Ні сякеры, ні лома... Як на злом галавы. Чаму, чаму я не здагадаўся падказаць, каб сякеры з сабою ўзялі, — мо б выламалі, выбілі дзверцы, не можа быць, каб не прыдумалі чаго... Збегаць? Але туды паўгадзіны, назад столькі ж. І так, напэўна, ужо позна — дзяўчынка ўжо схіліла галаву, бездапаможна абвялі рукі...

— Людзі! — зразумеў дзяцюк, пабег, плюхнуўся ў гразь, абняў унучку, пачаў цалаваць яе, яшчэ больш плакаць. — Чаму мне такую кару прыдумаў Бог? Чаму не мяне забраў на той свет? А-ааа!.. Чаму, скажы, Божа?!