Выбрать главу

— Вы валодаеце ведамі і ў гэтай галіне. З усімі тэмамі вы справіліся выдатна. Цяпер вы зраўняліся з Янінай. Жадаем вам поспехаў у высакароднай справе на карысць нашага Вялікага Княства!

— Дзякуй! Я — сын яе! Жыве Ліцвінія!

Усе падняліся са сваіх месцаў, і нават прысутныя на галёрцы ў адным імкненні адказалі, сціснуўшы правую руку ў кулак і прыставіўшы яго да правага пляча:

— Жыве! Жыве! Жыве!

— Я віншую цябе, Антон Клімовіч!

Яніна ганарыцца тым, што я выдатна вытрымаў іспыты на Вярхоўнай Радзе, што падняўся на тую ж прыступку, што і яна.

— То ты мне памагла ўзняцца, пераскочыць дзве прыступкі.

— Добраму вучню і памагчы прыемна, — туліцца да мяне, напявае нейкую песеньку. Выдатны ў яе настрой!

— У мяне з'явілася пачуццё нестамлення. То для заўтрашняга дня так неабходна. Ці магу я паглядзець копію тваёй справаздачы? Шмат чаго зразумеў бы яшчэ. Каб не паўтараць тваіх памылак. Чаму князёўна Ліцвінія не дапусціла на тваю справаздачу? І чаго гэта так уз'еўся самадзержац Пётр Першы пасля прагляду тваёй відэастужкі?

— Нельга было табе глядзець. Ліцвінія асцерагалася, што ты не вытрымаеш... Без падрыхтоўкі. Сэрца ў цябе яшчэ не прыйшло ў належную стадыю. Цяпер ужо можна. А цару не спадабалася тое, што я бачыла... Касета ў мяне ў тумбачцы.

Мы выйшлі зноў у калідор. Прадстаўнікі і сведкі Вялікага Княства розных стагоддзяў і эпох удакладнялі адзін у аднаго незразумелыя для сябе пытанні. Гаварылі яны на мове свайго народа. Пісалі гусінымі пер'ямі, выціскалі літары на бяросце...

Цяпер я ведаў, што яны рабілі тут...

— Куды цяпер, Яніна?

— Адпачываць будзем. Я вельмі стамілася, буду спаць. Ты ж можаш глядзець касету пра маё падарожжа ў Полацак. У цябе яшчэ шмат часу ў запасе.

Мы ступілі на невялічкі ўзгорачак, і за намі адразу ж зачыніліся дзверы. Той жа калідор, тыя ж пахі і тая ж музыка. Праз колькі хвілін мы апынуліся ў жытле Яніны.

Усё было акуратна складзена і прыбрана — скрозь быў ідэальны парадак. Нехта ж прыбраў, хаця гаспадыня жытла гаварыла, што ніхто пераступіць парог не мае права. Значыць, на адлегласці таго пажадала Альшанская...

Даносілася лёгкая музыка, пошум сосен. Было спакойна і лагодна.

— Як я, любы мой, стамілася, — паскардзілася Яніна, скідваючы з сябе зялёны хітон — кінула бязладна на спінку мяккай доўгай канапы, ён асунуўся на зямлю. І тут жа паляцеў і завіс на краю вешалкі. — Прылягу, кружыцца галава...

— Кладзіся, у вачах тваіх вялікая стома. Я буду ахоўваць, каханая, твой сон.

Распрануўся і я, застаўся ў белым адзенні, што нячутна і цесна аблягала ўсё цела.

Я занёс яе на ложак — і была яна бязважкая. Па белай прасціне рассыпаліся косы, рукі абвілі маю шыю і не адпускалі.

— Любы мой, не расчаравала я яшчэ цябе? — прашаптала яна набалелыя словы, горача дыхала ў вуха.

— Каханая, а я цябе? — адказваю ёй тым жа пытаннем, прыціскаю да сябе, чую, як грымотліва стукае яе сэрца ў маіх грудзях.

— Божа, як мне хораша... — зняможана выдыхае яна з сябе паветра. — Я баялася напачатку адкрываць цябе, бо не хацела, каб між намі нарадзілася каханне... Таму і была такая жорсткая з табою...

— Хіба адно другому перашкаджае?

— Так я думала. Але ты не паслухаўся і не пакінуў мяне... Ты і цяпер не пакінеш мяне, каханы мой, скажы? Я ж казала-абяцала, што буду тваім кацяняткам — буду ляжаць каля тваіх ног, каля тваёй падушкі і спяваць табе песні-калыханкі, калі табе будзе цяжка. Калі будзе сціскацца ад болю тваё сэрца...

Настрой яе мне дужа не падабаўся. Яна, здаецца, плакала і таму хавала вочы, каб я не ўбачыў слёз. Што так устрывожыла яе?

— Што здарылася, дзівосная мая птушка? — следам трывожуся і я, слухаю, хачу зразумець яе неспакой. — Ты ж сама вучыла мяне ніколі не думаць пра кепскае, не трывожыцца...

— Вучыла. Бо я была настаўніца. А цяпер ты параўняўся са мною, і я не ведаю больш, чаму цябе навучаць. Ты ж цяпер будзеш атрымліваць яшчэ большую асалоду і сілу, таму памкнешся да другой планеты, а мо і душы...

— У мяне ёсць ты. І толькі ты... У цябе ж ніколі не было да гэтага страху. Адкуль ён?

Зноў маўчыць, прыплюшчыла салёныя вейкі. З яе знікае адзенне, растае, як прырэчны туман.

— Не глядзі на мяне — сорамна.

— Я ўжо не бачу цябе...

— Антон, пацалуй мяне. Моцна. Мне сапраўды страшна. Страх такі, як быў там, пад Полацакам. Мо тое і яшчэ сядзіць ува мне. Чаму ж так доўга?

— Мо паклічам лекара?

Яніна кісла ўсміхнулася:

— Мы ж не на зямлі. У нас тут такога няма. Мы самі сабе лекары...

І зноў быў вечар. Каханне з яшчэ большай сілай разгаралася ў нашых сэрцах.