Полацак — як на далоні. Хаця ж яшчэ і прыцемак, але ўгадваюцца хаты, цэркаўкі, рамесніцкія майстэрні. Тата мяне прытульвае да сябе, да свайго худога цёплага цела, хавае ад холаду, пытаецца:
— Прыгожы наш Полацак, дачушка?
— Надта прыгожы, татачка! Мо і ў свеце прыгажэй за яго няма.
— Так, дачушка, так, праўду гаворыш... Святая Еўфрасіння праславіла яго на ўвесь свет. І сябе ўзнесла на вялікі нябесны прастол. Бог упадабаў яе за добрыя святыя клопаты. Бо шмат дабра людзям зрабіла. Не холадна табе, Парасачка?
— Не. То напачатку было холадна, а цяпер сагрэлася ўжо. Горача нават стала.
Яшчэ нейкі момант стаім, углядаемся ў засмужаную далеч, маўчым. Бацька парушае маўчанне:
— Пара, дачка! Цяпер — пара!
Ён адвязвае ад праслаў вяроўчыны, дае мне:
— Пачынай, дачка! І запомні: з першым звонам на Сафійцы ты становішся іншым чалавекам... Цябе чакаюць вялікія выпрабаванні — ты іх пераадолееш, бо тваёй заступніцай заўсёды будзе Прадслава — святая Еўфрасіння. Звані!..
Ледзьве стрымлівала дрыготку ў руках. Не ад холаду яна да мяне прычапілася, а ад хвалявання, узбуджанасці, ад урачыстасці святога моманту. Сапраўды, я гэтым ранкам пераступіла нейкую нябачную, але вельмі важную мяжу...
Падымалася наверх дзіцем, назад жа, дадому, вярнуся дарослай палачанкай, з разуменнем адказнасці і свайго прызначэння. Разуменне ўсяго гэтага прыйшло нечакана — і назаўсёды.
— Звані, Парасачка, звані! Скажы толькі святой Багародзіцы і Госпаду нашаму, што мы чуем іх і верым ім, дзякуем, што маем з Божае ласкі такую прыгожую зямельку!
Я працягнула вяроўчыну, накручваю, як вучыў бацька, на руку, цягну на сябе важкую булаву — «язык», што вісіць у звоне. Ён пакрысе гайдаецца, але марудна, і тады мне памагае бацька — раз тузануў, другі... Я амаль і не адчуваю, як ён памагае мне...
— Бум-ммм! Бум-ммм!.. ммм! — панеслася слабое напачатку, як бы нясмелае, але настойлівае гудзенне.
— Бум-ммм!.. Бу-ууумм! — і другі, і трэці раз — ужо мацней, упэўненей і гучней — цяпер ужо чуўся працяжны і магутны ўладарны звон, які чулі людзі не толькі ў далёкім Кіеве, а і ў небе.
Мой слабейшы звон уплятаўся ў басавіты бацькаў, што быў побач, аздабляў яго, узмацняў, і гэтае суладдзе гукаў даносілася да кожнага праваслаўнага верніка, усяляла ў яго святую веру, давала сілу, спадзяванне на лепшыя часіны — жыве Сафійка, то будзе жыць і народ!
Ніколі ў мяне ні да гэтага, ні пасля не было такой урачыста-лёгкай узнёсласці, яднання з Богам, разумення Сусвету, свайго месца сярод людзей. Ніколі мяне потым не наведвала такая шчымлівая, што даходзіла да слёз, радасць. Мне здавалася, што з кожным уздыхам звона, чароўнага звона, ляцела ў паднябессе і мая душа.
Я была птушкай з магутнымі крыламі. Я абдымала нашую зямлю і ратавала яе ад няшчасцяў і гора.
Першы раз у жыцці перажыла ў сваёй душы вялікае свята. Свята яднання з Богам. І тады ж я адчула, як стогне полацкая зямля і просіць у Неба паратунку і заступніцтва. Пачула яшчэ крыкі людзей і жывёлы — кароў і свіней, якія больш за людзей адчувалі трывогу і гора, і тое перадавалася іх гаспадарам...
Да маіх наздрынаў данесліся смярдзючыя пахі пажараў, пахі попелу і вуголля, што заставаўся замест хацін...
Да вушэй далятаў крык адчаю.
Мяне пранізваў усю крык аб дапамозе.
Я яшчэ адчувала кроў. Шмат крыві.
— Татачка, чуеш — зямля гарыць! — крычу яму на вуха. Ён усміхаецца, аж прыжмурваецца, але, мусіць, не чуе, хаця трывога, што пасялілася ў ім звечара, не знікла. Яна вырасла яшчэ больш. І мае словы перасцярогі толькі больш яшчэ пераканалі, што з гэтым звонам, які абудзіў раніцу, пачаўся адлік новага часу, крывавага часу — новай жорсткай эры...
Мы пра тое ў тую раніцу толькі здагадваліся...
І тады бацька пачаў званіць ужо неяк інакш. Не так, як заўсёды. Я тое адразу заўважыла. У звона з'явіліся душа, боль і трывога. І ён разлягаўся па ўсім наваколлі, будзячы ў людзей трывогу, папярэджваў, крычаў пра гора і боль, што абрынуліся на Полацкую зямлю... Адчула тое сэрцам, бо яно пачало сціскацца і шчымець — як яго нехта прымушаў браць на сябе неабдымны боль усяго княства...
— Цяпер пачуў! Цяпер я пачуў! Валадар Нябесны, памажы нам, грэшным! Жыццё забяры, а зямлю маскавітам на здзек не аддавай! Перад продкамі будзе сорамна, што чужынец топча і паліць вёскі і гарады, высякае сякерамі і мячамі жывых людзей, забірае іх душы! Памажы, Гасподзь Усёмагутны!..
— Памажы, Божачка, памажы, Святая Багародзіца, заступніца наша, як просіць мой татачка! — прашу я, умольваю, а трывога ўзрастае, шыецца халоднай вужакай пад грудзі, без жалю джаліць, дастае атрутным язычком да самага сэрца.