— Памажы!..
— Уратуй, Божа, і захавай!..
Каб адагрэцца, спускаемся ўніз. Нас не трымаюць ногі.
Дзяк маўкліва запальваў свечкі, і прыемна патыхала вашчынай. Пасля прыйшлі і іншыя вуніяцкія святары, пачалі служыць імшу.
І зноў стала ціха. Гаварылі пра тое, што Пётр Аляксеевіч быў набожным чалавекам — прыціхаў перад вучоным манахам Сімяонам Полацкім. На той час ішла вайна са Швецыяй. У Паўночнай вайне памагаў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аўгуст Другі.
Вось на сустрэчу з ім, у Біржайскі замак, і ехаў у лютым 1701 года на паштовых падводах праз Полацак маскоўскі цар.
Нейкі ж злы лёс наканаваў, каб праз чатыры гады зноў выпала дарога цару праз Полацак...
Беларускія і летувіскія магнаты, што былі пад Сапегамі, падтрымалі шведскага караля Карла XII і памагалі яму войскам. Прыхільнікі шведаў абралі сабе каралём і вялікім князем Станіслава Ляшчынскага. Такім чынам, Рэч Паспалітая набыла сабе двух гаспадароў, і нечакана між імі разгарэлася вайна.
Тады скандынавы занялі Летуву і Гарадзеншчыну.
Ой як тое не спадабалася маскоўскаму самадзержцу!
Ён проста азвярэў, мацюкаўся і пасылаў праклёны скандынавам. А ў душы і радаваўся такому зыходу падзей: ёсць жа выдатная прычына распачаць вайну ў Беларусі!
І вось сямідзесяцітысячная армія рушыла ў бок Полацкага княства. Цар быў упэўнены ў сваёй перамозе. Ён абвясціў паслам, што робіць справядлівы паход.
Але полацкія святары ведалі, што цар не настолькі быў набожны, каб клапаціцца пра жывыя чалавечыя душы, пераканаліся ў ранейшых яго паходах. Таму манахі-базыльяне адаслалі з кляштара, што быў пры Сафійскім саборы ў Барысаглебскай царкве, што ў Задзвінні, срэбную труну з мошчамі Іясафата Кунцэвіча ў Жыровічы. Ведалі святары, як адносіцца манарх да вуніяцкай царквы...
Тым часам развіднела. Праехалі паўз кафедральны сабор адны сані, другія. Нейкі вазніца прывёз у горад сена, ды не ведаў, дзе пражываў купец, таму і распытваў у людзей пра яго.
Нам зноў прыйшла пара падымацца на званіцу. Каб аддзячыць Богу за клопаты пра нас, папрасіць прабачэння за грахі і памылкі.
— Бум-ммм!.. Бууу-ммм!
Гул званоў нарастаў і нарастаў. З ім і нарастала трывога. Яна мацнела, набывала неабдымныя памеры...
Да нас падняўся напалоханы дзяк. Быў ён задыханы, і ў голасе дрогкім быў спалох. Абвясціў:
— Бяда, Мікітка, бяда! Божачкі!.. Не звані... Цар загадаў. Ён унізе. Гразіўся, калі не перастане звінець... ой, Божа!..
І пабег тут жа ўніз. Бацька нічога не зразумеў з яго слоў. Загадаў мне сядзець і затаіцца. А калі што якое, то раіў схавацца ў невялічкую прыбудоўку, дзе мяне ніхто знайсці не зможа. Сам падаўся следам за дзякам.
Мне боязна было парушыць бацькаў загад. Нейкае падсвядомае пачуццё і сіла штурхалі мяне туды, уніз, каб я, менавіта я засведчыла сваім вокам тое, што магло адбыцца... А што магло здарыцца ў святым кафедральным Сафійскім саборы, акропленым і ахрышчаным святой вадой патрыярха? Бог абароніць, Бог заступіцца за невінаватых...
З вялікай насцярогай спускалася ўсё ніжэй і ніжэй.
Нехта ўладарна і гучна закрычаў унізе. Рэха паскакала па белых сценах з фрэскамі святых. Зажмурылася ад страху маляваная на сцяне Еўфрасіння. Рэха заскочыла пад вільчык купала, забілася там пад чорны звон.
Бачыла зверху, што шараговых вернікаў-вуніятаў у Сафійцы не было. Малілася шасцёра святароў і манахаў.
А дзе ж той, пра каго гаварылі са страхам, якога баяліся як агню? Дзе ж ён, чаму не бачна? А, вунь... вунь ён — цар! І памагаты побач — Меншыкаў. Там жа і некалькі афіцэраў. З імянінаў у Божы храм — да мяне далятае пах гарэлкі. На добрым, мусіць жа, падпітку, бо вунь як Меншыкаў калываецца — вось-вось упадзе...
— ...токмо не уважаете царя всероссийского, который несет вам освобождение! — грымеў голас, і зноў рэха ўзляцела пад вільчык Сафійкі.
Я сцялася ад страху, да крыжа прыціснулася. Зноў праціўная дрыготка падкацілася да мяне.
Потым жа цікаўнасць усё ж узяла верх — захацелася яшчэ ніжэй спусціцца. Легла на прыступкі так, каб можна было назіраць за тымі, хто быў унізе.
Схілілі ў малітве галовы святары. Чарнарызцы выглядалі супраць бамбізы-цара няйначай казуркамі.
А ён стаяў у батфортах, з мячом у похвах, у камзоле з залатой абшыўкай. Побач і афіцэры — крыўляліся, перадражнівалі святароў. Якімі дурнямі выглядалі, самі таго не адчувалі, не ведалі, не здагадваліся...
— Осмотреть желаю Софию, которую вы называете святой! — перапыніў цар нечакана імшу. — Убедиться хочу в этом. Ну-ууу!..
Вікарый Канстанцін Зайкоўскі спыніў богаслужэнне. Пачаў выконваць царскі загад. А кажуць, што ў чужую царкву са сваімі параносвамі не лезуць. Але то, мусіць, не цароў тычылася.