Пачаў вікарый тлумачыць Пятру Аляксеевічу, што да чаго. Спыняліся каля кожнага алтара. Цар, здавалася, уважліва слухаў, нервова круціў плячыма, скуб вусы.
— А это кто? Что за святой? — цар невядома чаго пачаў распаляцца, стражэў усё больш і больш, вочы наліваліся крывёю.
Айцец Канстанцін, трэба было прызнаць, праявіў смеласць, спакойна і з гордасцю прамовіў:
— Гэта, ваша царская вялікасць, полацкі арцыбіскуп Іясафат Кунцэвіч. Прыняў пакутніцкую смерць.
— Кто же его отправил на тот свет? — самадзержац крутнуў шалёна галавой, набычыўся, чакаючы, што скажа святы айцец.
Такім жа смелым быў і адказ:
— Святога айца Іясафата пазбавілі жыцця віцебскія схізматыкі, вашая царская вялікасць!
Пудовы кулак расейскага цара тут жа апусціўся на галаву пажылога святара. Зайкоўскі ўпаў, і цар пачаў біць яго важкім кіем, а потым, стаўшы шалёным і непазнавальным, замахаў шабляй.
Меншыкаў, бачачы, як забаўляецца цар, сам выхапіў палаш і забіў прапаведніка Феафана Кальбячынскага, які маліўся на святога Кунцэвіча. А афіцэры ўжо секлі рэгента саборнага хору Якуба Кнышэвіча, айцоў Анкудовіча і Мялеція Кандратовіча...
Са сценаў кафедральнага сабора глядзелі святыя.
Па падлозе храма ракой цякла густая кроў, і па ёй, слізгаючы і падаючы, мацюкаючыся, коўзаліся цар і яго афіцэры.
Мне было бачна, як афіцэры дапіналі старога архімандрыта Якуба Кізікоўскага, катавалі яго, рэзалі па жывому, дапытваліся, дзе саборны скарб. Не дапыталіся. Павесілі, так нічога і не дазнаўшыся.
Такі ж лёс напаткаў і акрываўленага Зайкоўскага...
Упаў, абезгалоўлены, і мой татка. У мяне пацямнела ў вачах, усё пачало перакульвацца, і я адчула, што вось-вось страчу прытомнасць.
— Татка, татулечка! — крычу што ёсць сілы, але голас у мяне прапаў — нават і прашаптаць слова не магу, прасіпела невыразнае штосьці... Усярэдзіне ўсё здранцвела.
Вочы мае выразна бачылі, што вытвараў расейскі антыхрыст у Божым храме. Але мой дзіцячы розум адмаўляўся што-небудзь асэнсаваць і ўспрыняць убачанае. То было ўсё супраць логікі. Супраць чалавечнасці і Бога...
Усіх, хто быў у храме, цар і яго афіцэры пасеклі, як капусту. Цар звар'яцеў і сек усё, што пападала пад руку. Потым ужо, як стаміўся, асунуўся на лаўку. Загадаў тут жа спаліць пяцярых нябожчыкаў, а попел развеяць над Дзвіной.
— Для того, чтобы это место никогда не было местом поклонения! — растлумачыў цар. Ён цяжка дыхаў — значыць, цяжкая была праца адбіраць чалавечыя душы.
Дзе ты, Божа? Дзе ты, заступніца нашая, святая Еўфрасіння? Паглядзіце, што ў святым храме робіцца! Чаму дазволілі вырадкам утварыць такое? Ці пакарае іх хто за тое?
Сведкі таму злачынству былі.
Я і ёсць першая сведка: праз мае вочы будучыя пакаленні павінны ведаць пра гэткі жах, гэткае крывавае злачынства. Нездарма ж, мусіць, мяне паслаў нехта ўбачыць праявы антыхрыста...
Меншыкаву ж крывавы дыктатар загадаў:
— Забрать всё — книги, иконы, золотые кресты и всяческую церковную утварь... и мы приумножим богатства России!
Як толькі яны пераступілі парог і выйшлі на вуліцу, я, мусіць, страціла прытомнасць. Пад грудзі падкаціўся даўкі камяк, закружылася галава. Нават не паспела заплакаць. Я правалілася некуды ў бяздонне, дрыжучы ўсім целам. Не магла набраць на поўныя грудзі паветра, каб выдыхнуць з лёгкіх боль, каб хоць як-небудзь аблягчыць свае пакуты...
Мяне разбудзілі галасы.
Едкі дым выядаў вочы. Унізе ўжо маскавіты цягалі і цягалі дарагі скарб да павозак. Насілі кнігі, шытыя золатам і срэбрам рызы, скіпетры, аздобленыя дарагімі камянямі крыжы. Здзіралі баграмі са сцен іконы святых. Усё складвалі ў куфэркі і неслі да павозак. Яны ўжо даверху былі набіты царкоўным багаццем. Павозак было некалькі дзесяткаў...
Крычалі, смяяліся, мацюкаліся, хадзілі і не зважалі на слізкую кроў; мачыліся і спраўлялі патрэбу тут жа, у храме... Ні сораму, ні павагі да Бога. Няўжо антыхрысты? Няўжо на іх няма крыжа? Пэўна ж, няма, калі такое ўтварылі. Калі рабуюць, калі загубілі столькі жыццяў! Не ў баі загубілі, не на вайне, а на безабаронных святароў накінуўся Пётр Першы...
Праклён табе шлю, маскоўскі самадзержац! За бацьку свайго. За той сорам, што ты наслаў на Сафійку і на народ Полаччыны!
Праклён табе ад усяго княства Полацкага! Анафема!
Такі сорам табе, расейская дзяржава, трымаць не адно стагоддзе. То будзе табе кара Божая! Анафема табе, анафема!
Я была як нежывая — як спалярушавала ўсю мяне. Не слухаліся ні рукі, ні ногі. Нават пальцам не магла паварушыць. А слёзы яшчэ так і не прарваліся, не аблягчылі боль. Ён тупой стрэмкай упіўся ў маё сэрца...