Выбрать главу

Но оные... видя наших малолюдство, начали сим его царского величества людям противиться и кричать о помощи, так что еще иные к ним из их причету на монастыре со оружием приставили, хотя их отбить, и в том сопротивлении некоторых из его царского величества людей ранили... за что оные, озлоблясь, начали сами сих злодеев не щадя рубить, так что четыре из них, против воли царского величества, смертельно ранены и померли, избавя себя по отчуждению от достойной смертной безчестной казни...

Сие есть тако истинное возвещение того случая, еже всякому по известию служит, дабы клеветники того, ко вреду его царского величества высокой справедливости и приятственных к Речи Посполитой поступков, не могли инако разглосити...»

Я ж ведала цану гэтым словам. Кожнае слова — хлусня!

Працверазеўшы, мусіць жа, раніцай, забойца святароў задумаўся, зразумеў, што ўтварыў, вось і напісаў той мемарыял. Каб апраўдацца ў вачах нашчадкаў?

Не, памыляўся ён надта, злачынства нельга схаваць ні за якімі хлуслівымі радкамі. Як і не схаваюць грэнадзёры цара таго, што ў Менску абчысцілі жаночы вуніяцкі манастыр Святой Тройцы, шукалі спажывы — золата. Пасля таго — Святадухаўскую царкву на Высокім рынку, а храмы, а кляштары? То рабілі ўсё крывавыя рукі царскай арміі.

А злачынствы царскіх казакаў і калмыкаў? Здабычы падалося ім мала, і пачалі яны рабаваць цэрквы аднаверцаў. Менскае брацтва кінула кліч: «Да зброі!..» І тады ж адбылася крывавая бітва на Нямізе...

Вынікі той Паўночнай вайны трагічныя: з двух мільёнаў ліцвінаў (беларусаў) засталося... дзевяцьсот тысяч...

Супакой, Божа, душы невінаватых, закатаваных салдатамі Пятра Крывавага!

Да мяне словы царскіх пасланцоў даляталі як з-пад зямлі. На сваім целе я адчула ласку і пяшчоту царскай міласэрнасці. Перад вачыма ўсё жыццё будзе стаяць відовішча ў Сафійцы і па калені ў крыві расейскі самадзержац. А, адумаўся! Датумкаў, дайшло да яго розуму, што супраць Бога ўтварыў яго меч? Цяпер свой грэх і злачынства хлуснёй прыкрыць хоча? Спадзяецца, што яго мемарыял увойдзе ў гісторыю і будуць праз сотні гадоў ламаць гісторыкі галаву — чаму ж гэта такі супярэчлівы ўказ цар выдаў? Са страху? Пра нас жа, смердаў, людзей зямлі, карміцеляў, у летапісах і не ўспомняць. Летапісцаў у шараговага люду ніколі не было...

Але мы — не мёртвая гісторыя. Мы — не безжыццёвы радок у ёй...

І ўсё ж мы не нямыя цяпер, а жывыя з жывых сведкі. І на Вялікім судзе ў судны дзень сведчыць будзем пра тое, што бачылі. Таму і абвінавачваем сваіх ворагаў і таго, хто выдаваў «высочайшие указы и мемориалы» аб нашым зняволенні.

Царская армада, ідучы на Полацак, вынішчыла дарогай усе паселішчы, папаліла і ў палон пагнала тысячы і тысячы ліцвінаў... Потым жа, вяртаючыся на Масковію, зусім ужо іншай дарогай, набіўшы з коптурам вазы і павозкі нарабаваным багаццем, зноў палілі, забівалі, рабавалі, гвалтавалі дзяўчат і маладых мацярок...

Такога здзеку над сабой даўно ўжо не ведалі людзі Вялікага Княства! Ды мо і не было такога і зусім...

Мы зноў пакрысе рухаемся наперад. Сунемся, як здані, як нежывыя, і невядома, што нам дае яшчэ сілы, каб перастаўляць ногі.

Усе падаюць на мёрзлую зямлю, у камяністую храпу, каб адпачыць. Але пасля гэтага падымаецца ўсё меней і меней люду... Я ўжо даўно не бачу сваёй матулі. Не памятаю, дзе і калі яна загінула ў гэтым пекле...

Дзе ж ты, Магутны Валадар, чаму адвярнуўся ад нас? Чым угнявілі Цябе, што дазволіў чужынцам так здзекавацца з нас?!

З усёй нашай вялікай грамады засталася невялічкая купка людзей. Мы і не людзі, можа, бо непадобны ні на адну жывую істоту на зямлі. Мы — ніхто. Мы — міраж. Мы — здані і смерць...

Завіруха шпурляла ў нас снежныя крупы і льдзінкі, секла даўно абмарожаныя твары, якія ўжо нічога не адчувалі, не рэагавалі ні на што.

Не ўсе, вядома, дойдуць з нас да той далёкай і ненавіснай Масквы, каб стаць там прыгоннымі і рабамі. Колькі таленавітых майстроў і дойлідаў аддадуць свой Божы талент чужынцам, будуючы, узводзячы той горад!

Колькі таленавітых дойлідаў, мастакоў, паэтаў, друкароў загінула па той дарозе ў маскоўскае рабства!

Таму хай не здзіўляюцца нашчадкі ліцвінаў, калі праз шмат стагоддзяў, наведваючы гэты горад, у вас шчымліва зойдзецца сэрца і ўздрыгне ад незразумелага болю. То вас прашчур пазнаў і перадае праз вас прывітанне сваёй зямельцы. Далёкі прадзед ваш ці прабабуля... Адкажыце ім нізкім паклонам, прачытайце, калі ўмееце, малітву! Вы аблегчыце ім боль і пакладзяце бальзам на іх душэўныя раны...