Выбрать главу

Тады яны абавязкова крыкнуць вам услед: «Родныя мае! Землякі! Ніколі не забывайцеся на далёкае мінулае! Ні-коо-лі! Чуеце, ніколі! Бо вялікі грэх возьмеце на сваю душу!..»

У мяне сціскалася сэрца і разрывалася ад таго, што я бачыў, што адчуваў і перажываў. Я стаяў побач, клікаў Парасачку, але яна не заўважала мяне, глядзела няўцямна некуды наперад...

Яна ўжо была непадобнай на чалавека — змарнелая, адзенне абарвалася і спаўзло з цела. Дзяўчына была амаль голая і босая...

Здаецца, на маіх вачах выступілі слёзы, і я выдаўжыў руку, каб націснуць на кнопачку, каб спыніць і яе, і свае пакуты...

Але мяне апярэдзіла рука Яніны.

У пакоі зноў стала светла. Але я не расплюшчваў вачэй. Быў яшчэ пад уражаннем убачанага і перажытага.

— Божа, як гэта страшна! Янінка, каханая мая, як ты толькі ўсё тое і вытрымала?! Але я хачу даглядзець усё тое да канца, як бы цяжка ні было тое ўспрымаць...

Яніна акругліла вочы, як азёры, спалохана запярэчыла:

— Не-не-не!.. Ні ў якім разе! Не трэба, Антон, вельмі прашу! Ну, нельга...

— Ты там... на той дарозе... памерла?

— Не, я дайшла да Масквы. Але ў тым і была мая трагедыя. Прашу, не пытайся ў мяне ніколі пра тое падарожжа. Паабяцай!

Маё маўчанне задоўжылася. Ніяк не мог асэнсаваць яе словы. Даўмецца не мог — чаму так не жадае Яніна, каб я ведаў усё да канца? Чаго асцерагаецца?

Альшанская стаяла ў мяне ззаду, паклала рукі на маю галаву — забірала ад мяне трывогу. Ахоўвала і аберагала мяне ад таго, што магло зашкодзіць нам, нашым адносінам. І я зразумеў, што яна баялася, каб у мяне нічога не з'явілася прыкрага ад убачанага пра яе. Во дурніца, хіба ж я нічога не разумею?

Ці яна баялася, што шкадаванне пераможа пачуццё кахання?!

На маё пытанне яна не адказала нічога. Ледзь-ледзь, чуваць было, кончыкі пальцаў вылучалі трывожныя біятокі.

— Прашу, Янінка, не хвалюйся — у сузор'і Кахання ніводная зорка не пагасне. Што б ні здарылася. Мы ж — суцэльны Сусвет. А ён не раздвойваецца.

Яніна нахілілася і пацалавала мяне — у шыю.

Але цяпер ужо яе праціналі дрыжыкі, як быццам стаяла ўсё яшчэ на тым марозе і халодныя вяроўкі ўпіваліся ў зняможанае цела дзяўчынкі.

Я ўстаў, павярнуўся да яе, прыхінуў да сябе, сціснуў да хрусту ў суставах. І трымаў да тае пары, пакуль не адчуў, што яна сцішылася, што па сасудах пачала пералівацца кроў спакойна, рытмічнымі штуршкамі. На шчоках выступіла слабая чырвань...

Цяпер я быў спакойны за яе стан. Цяпер яна была той, ранейшай, блізкай і жаданай, вясёлай і зямной.

Хваробу Яніны я ведаў. Быў упэўнены, што магу лёгка вылечыць яе. Па штуршках сэрца адчуваў. Па дыханні.

— Дзякую, мой рыцар, — прашаптала стомлена, — цяпер я зноўку нарадзілася. Сама не ведаю, што адбылося са мною.

«Божачка, што робіць са мною каханне! Я ж так баялася страціць цябе...»

«Калі толькі гэта, то дарэмныя твае перажыванні... Я ж побач, я ж заўсёды з табой...»

Мы вярнуліся зноў у яе пакой.

Яна легла на ложак. Прымружыла вейкі. Мая рука легла на яе цёплы лоб, і яна прыціснула яе яшчэ мацней. Ад мяне ў яе істоту пералівалася дужасць і жыццядайнасць. Дыханне рабілася больш спакойным і ціхім.

Жанчына правалілася ў сон. Зноў адправіў яе на росныя палескія лугі, дзе пах атавы адганяў лядайкае і даваў спакой.

Я сеў у прасторнае і мяккае крэсла-канапу, адкінуў да цёплага аксаміту галаву. Не скора да мяне прыйшла лёгкасць і супакаенне — перад вачыма стаялі, павязаныя вяроўчынамі, людзі. І сярод іх тая дзяўчынка, у якую перасялілася душа Яніны...

У такое падарожжа неўзабаве адпраўлюся і я.

Толькі якое стагоддзе выбраць? Які час?

Паглядзеў на Яніну — цяпер ёй патрэбен толькі спакой. Спаць яна будзе некалькі сутак — нервовая перагрузка так лёгка і хутка не праходзіць. Яніна лячылася сном. Маёй прысутнасцю. Нашым каханнем.

Мяне зноў апёк напамінак — я ж зусім забыўся пра працу на зямлі! Пра Змітрака забыўся! Я зірнуў на сонную Яніну — твар спакойны, ледзь-ледзь адкрыты рот, роўнае дыханне.

Цяпер яе доўга не будзе нішто трывожыць. Тым часам мне ўдасца ўладзіць свае пытанні. Мне не трэба яе папярэджваць, яна і сама здагадаецца, куды я падаўся.

Я лёг на дыван, выдаўжыў рукі па баках — уздоўж цела, прашаптаў затоена нашае чароўнае слова:

— Ахутавана! Ахутавана!

Цененька закалола ў скроні. Пасля адчуў бязважкасць. Перахапіла дыханне.

Мяне нехта падхапіў дужымі рукамі, падняў, а потым апусціў на брызент нашай раскладушкі.

Доўга не расплюшчваў вачэй — прыходзіў у належны стан.

Адразу ж пачуўся знаёмы пах — адкрытая бляшанка кількі ў тамаце, якую паспелі паспытаць мышы, патыхаў аднекуль бензін — з вуліцы? І смурод са сметніцы даносіўся, знаходзілася яна з тыльнага боку нашай прыёмні.