Да пачатку працы заставалася каля гадзіны. Можна было б яшчэ і падрамаць трошкі, расслабіцца — я ж таксама стаміўся.
Але за паўгадзіны раней прыехаў Рыгор Шамоцька — прывёз тару. Ледзьве разбудзіў мяне, грукаючы ў дзверы, здзіўляўся, скалячы жоўтыя пракураныя зубы:
— А дзе ж напарнік? Памагаць табе не буду — радыкуліт, каб на яго трасца, скруціў. Мо яшчэ і на бальнічны прыйдзецца ісці. Так што прабачай...
— Ды няма Зміцера. У паліклініку ўчора пайшоў і не вярнуўся, — праціраю кулаком вочы, ледзьве ўцямліваю, што ён ад мяне хоча.
Усхопліваюся з раскладушкі, бягу да крана, спалоскваю твар халоднай вадой. Астатні марафет навяду ў абед, калі льга будзе.
— Мо і захварэў Змітрок. А ты не хвалюйся, я і сам усё панашу — колькі там тых скрынак, на паўгадзіны клопату...
— Ну, давай, давай, — хмыкнуў Рыгор, сцепануў плечуком, недаверліва зіркануў на мяне, калываючыся, пайшоў да машыны — адкрываць барты.
«Браць ці не браць у яго хабар? — пакутаваў ён пытаннем. — З Дзімам было ўсё зразумела — прыходжу, сядаю ў кабіну, а на сядзенні ляжаць купюры ў канверціку... Люба-дорага... А гэты нейкі хмурына. Што ў яго наўме, адзін хрэн ведае...»
«Не перажывай, дам табе ў лапу...» — хацелася мне сказаць уголас, супакоіць чалавека.
Ну, што, пара ўключацца на пятую хуткасць? За Змітрака і за сябе. Трымайся, браце! Палундра!! Дзе мая маладая сіла? Дзе мой гонар? Наперад, спадар Клімовіч, не падвядзі працоўны калектыў і памочніка, які шмат праліў поту за цябе на гэтай падлозе...
Перш-наперш я выгрузіў тару. Ссунуў на край і бегаў з шалёнай хуткасцю туд-сюд, несучы ажно пяць скрынак. Назад — зноў ухапіў столькі, але з бутэлькамі. Хвілін пятнаццаць мне хапіла, каб справіцца з усім.
— Ну ты і даеш, малато-ооок! — пакруціў здзіўлена галавой Рыгор, не могучы даўмецца, як я змог так хутка разгрузіць і загрузіць машыну. — Аўтамат ты, а не чалавек... Ад Зміцера, мусіць, навучыўся?
— Не ад цябе, канечне ж! А барты ўжо закрывай сам, не ўмею тое рабіць, — прамовіў я на поўным сур'ёзе і не ўсміхнуўся нават.
Пакуль ён закрываў борт, я кінуў на сядзенне канверцік — няхай дзеліцца са сваім начальствам.
Да абеду, такім чынам, не разагнуў спіны — прымаў шклатару.
Прымаў, а ўсё пра напарніка думаў, хваляваўся. Не выходзіў з галавы — перажываў надта за яго. Мне без цяжкасцей можна было даведацца пра стан, калі скіраваў бы думкі і энергію на Зміцера. Але з ім рабіць такога не хацелася, не меў маральнага права: яго нараджэнне павінна праходзіць натуральна і без касмічнага ўмешвання.
У абед прывёў сябе, так бы мовіць, у належны выгляд — пагаліўся, памыўся. Бо апошняя жанчына, што прынесла посуд, настаўніца-пенсіянерка, была парторгам у школе, праведніца, падумала пра мяне: «Як гэны апусціўся хлапец! Ужо і галіцца лянуецца — спіўся зусім. А яшчэ такі малады. І адкуль у нашай Айчыне лад будзе? Такія морды штодня бачыць! Жах! Дзе, на чым можа спыніць свой позірк інтэлігентны чалавек? Брыдота вакол, брыдота...»
Але ж гаварыла са мной ветліва, нават «дзякуй» сказала і «да пабачэння». Культурная.
Пасля абеду пайшло лягчэй. Меней з'явілася чамусьці народу. Адзін дзівак прывёз на машыне пяць мяхоў пляшак з-пад піва. Дык я яму паставіў скрынкі, сказаў, каб сам іх і ставіў — без маёй праверкі. Яму тыя пляшкі ні ішлі ні ехалі. То з брыгады будаўнікоў яго адкамандзіравалі — напілі столькі за месяц. Кінулі жэрабя — і яму выпала здаваць. Ён жа на тыя грошы зноў піва накупляе і адвязе на будоўлю.
Пад канец працы, як на тое, збегліся людзі, здавалася, з усяго горада. І смеласці не хапіла закрыць кантору, і сіл ужо не было маіх складваць тыя скрынкі...
Сядзеў, лічыў, а здатчыкі самі і ставілі ў скрынкі. Радыя былі, дзякавалі, што памог пазбавіцца ад непатрэбнага посуду.
— Скажыце, каб за вамі больш не займалі чаргі, прымаць болей не буду, — папрасіў я сівога дзядка, што стаяў з сеткай бутэлек, — ужо і так гадзіну лішнюю прымаю — і я ж чалавек, і я адпачыць хачу...
Я ўжо гатоў быў падключыць касмічную энергію, каб аблягчыць сваю долю.
Апошнія рухі рабіў як у сне...
І ў рэшце рэшт замкнуў дзверы. Напрацаваўся, як дурны мыла наеўся.
Не ведаю чаму, але ад гэтага працоўнага дня я атрымаў незразумелае задавальненне.
Ляжаў, з прыемнасцю выдаўжыўшы ногі, на раскладушцы. Думаў пра рознае. Пра кепскае і добрае.
«А зерне, якое ўпала на добрую зямлю, гэта тое, якое, пачуўшы Слова, захоўвае яго ў добрым і чыстым сэрцы і прыносіць плод у цярпенні. Сказаўшы тое, Ён усклікнуў: «Хто мае вушы чуць, хай пачуе!» Ніхто, запаліўшы свечку, не накрывае яе сасудам ці ставіць пад ложак, а ставіць на падсвечнік, каб тыя, хто зойдзе, убачылі святло.