Таму што няма нічога тайнага, што не зрабілася б яўным, ні патаемнага, што не зрабілася б вядомым і не праявілася б...»
Як правільна пра ўсё сказаў святы Лука!
Мы маем вушы і вочы, душу і сэрца і павінны тайну мінулага ператварыць у вядомае і адкрытае для ўсіх.
Павінны і абавязаны.
Тое пацвердзілася мне тут, сярод пустых пляшак і слоікаў.
Нядзелька — законны выхадны. І распарадзіцца гэтым днём я мог па сваім жаданні.
Павінна была ўжо да гэтага часу прачнуцца і Яніна. Ці не спалохалася за маю адлучку? Не ведаў — чакаць яе ў пэпэша ці вяртацца да яе.
Калі ж падключыўся да яе хвалі, душа маўчала і не падавала ніякіх трывожных сігналаў. Супакоілася? Каб тое так і было...
А як жа ўсё-ткі Змітрок Кісялёў? Мо пачакаць да заўтра і потым ужо прадпрыняць што-небудзь? Калі здаровы, то павінен паказацца тут. Але трывога за яго здароўе не пакідала мяне.
Не вытрымаў, падключыўся да яго хвалі. Не адразу і пачуў яго.
Змітрок плакаў. Клікаў мяне. Умольваў, каб пабачыўся з ім. Неадкладна. Звяртаўся да Бога, абяцаў паверыць у Яго, калі пакажуся яму на вочы.
Знаходзіўся мой сябрук у бальніцы. З паліклінікі і забрала яго «хуткая», і адразу ж завезлі дактары ў рэанімацыю — запаленне лёгкіх, цяжкая форма. Везлі амаль нежывога — страціў прытомнасць і ніяк не мог выбавіцца з таго стану.
Зазваніў тэлефон.
Званіла яна, Вераніка. Без майго ўдзелу і просьбы. Мусіць, наступіў той час і момант, калі ўсё павінна ісці па тым адным сцэнарыі, які ім падрыхтавала жыццё.
— Мне Дзімку, — трывожна і стоена папрасіла дзяўчына, забыўшыся нават павітацца.
— Вераніка? Добры дзень. Яго няма. Ён...
— Прабачце, адкуль вы мяне ведаеце?
— Як добра, што ты пазваніла. Слухай мяне ўважліва. Змітрок чакае цябе. Яму вельмі цяжка ў гэтыя хвіліны. Толькі ты яму можаш памагчы. Толькі ты.
— Памагчы? У чым? Дзе ён, скажыце. Вы — Антон? — Дзяўчына, здаецца, пачала плакаць і не хавала ўжо сваіх слёз.
— Так, я — Антон. А Зміцер, Вераніка, у бальніцы. На пятым паверсе. У шостай палаце. Але пакуль у рэанімацыі. Заўтра ты прыйдзі да яго ў семнаццаць гадзін — ён да гэтага часу будзе пераведзены ў палату.
— Што з ім? — Сэрца ў дзяўчыны выскоквала з грудзей, ірвалася на волю.
— Ды на нашых скразняках застудзіўся, — стараўся гаварыць як мага спакайней, каб заглушыць трывогу дзяўчыны, — запаленне лёгкіх падхапіў... Не хвалюйся, усё будзе добра.
— Адкуль вы ведаеце? Хто вам сказаў?
— Доктар паведаміў. Я званіў паўгадзіны назад.
— Дзякуй, Антон! Вы мне памаглі вельмі. Ён шмат расказваў пра вас. Ён без вас не можа, як і без мяне. Вы ведаеце пра тое?
— Здагадваюся.
«Божачка! Памажы выжыць Дзімку, памажы!.. Я ведаю, здагадваюся, адчуваю, што ў яго нешта больш страшнае, але Антон не хоча гаварыць праўды, шкадуе мяне... Божа, як я вінаватая перад Змітраком, як заве яго Антон... Божа, уратуй яго!..»
Вераніка вымольвала ў Бога каханага. Праз боль і пакуты, праз недавер і рэўнасць, праз спадзяванне і роспач ішла насустрач яму, несучы свой нялёгкі крыж. І — верыла, што дойдзе. Перакананая была, што здабудзе сваё шчасце. Сэрцам тое адчувала.
Змітрок усё яшчэ быў беспрытомны. Калі дактары адышлі ад яго, глыбокай ноччу пракраўся ў той рэанімацыйны пакойчык. Паклаў халодную далонь на гарачы лоб — забраў гарачку і боль, шапнуў на вуха, лечачы яго:
— Аху-ху-ху-тавана-ааа!..
Ён усміхнуўся, не расплюшчваючы вачэй, здзівіўся:
«Ты ўсё-ткі прыйшоў да мяне? Я верыў, што ты наведаешся. То Бог цябе паслаў, бо я прасіў Яго пра тое. Святы Лука пра тое ж казаў: «І сказаў яму: «Устань, ідзі! Вера твая выратавала цябе!» Вось і мая, Антон, вера ў цябе, выратавала мяне...»
«Так, сапраўды — выратавала вера. І — Божае слова. Цяпер ты чуеш мяне, Змітрачок, мой добры сябручок?»
«А як жа, чую. Я і раней чуў цябе, ды не хацеў прызнавацца. Не разумеў напачатку, што такое са мной адбываецца. Баяўся чуць цябе, Вераніку... Мне думалася, што я звар'яцеў...»
«Ты стаў чалавекам. Стаў тым, кім і павінен быць. Ты быў здольным, таленавітым вучнем. Нам з табой неабходна зрабіць шмат добрых спраў для нашай Ліцвініі. Калі ты таго жадаеш. Калі сваім жыццём і ўчынкамі жадаеш памагчы Княству...»
«Таго я вельмі хачу. Дзеля гэтага жыву...»
«Прабач, што натаміў цябе, таму знікаю. Калі трэба, пакліч. Пачую цябе ў любы час...»
«Дзякую. Ідзі...»
Сэрца Кісялёва білася ўжо роўна і спакойна.