Вады прынёс у гліняным глечыку з вузкай гарлавінай. Наліў у такі ж гліняны кубак, амаль палову.
Піла яна прагна, быццам мучыла яе смага цэлую вечнасць. З кожным глытком улівалася ў яе жыццёвая энергія, па венах расцякалася порстка кроў, і клапаны сэрца запрацавалі рытмічна і спакойна.
Потым яна зняможана ўпала на падушку. Глыбока ўздыхнула, заплюшчыла вочы. Слаба сціснула маю руку, як старалася ўтрымацца на гэтым свеце.
Нейкі час не гаварылі. Ды і нельга было ёй гаварыць. Нават думаць.
З яе грудзей на волю вырваўся першы, як аблягчэнне, уздых. Потым другі, трэці...
— Чаго не паклікала адразу, як стала блага?
— Я клікала... Але голас мой так аслабеў, што не меў ужо моцы. Я чула цябе, але пра сябе не магла паведаміць...
— Тваё сэрца крычала аб дапамозе. Чаму ж тут ніхто не памог табе? Хіба ж не ведалі?
У адказ — маўчанне. Потым глыбокі ўздых. Вызваліла сваю руку, пацягнулася. Хруснулі суставы рук і ног.
— Ведалі. Але і яны былі бяссільныя мне памагчы. Тое напаткала мяне там, у Полацкім княстве. Я не дазволіла табе дагледзець маё падарожжа да канца. Не хацела, каб ты тое ўбачыў. Баялася, што не так зразумееш. Бо там, напрыканцы, і здарылася тое страшнае і агіднае...
Не перабіваў, не хацеў, каб неасцярожнае слова напалохала яе.
— Нас адвялі ад родных мясцін далёка-далёка. Шмат загінула людзей на тых дарогах смерці. Гналі ў палон не толькі нас, а дзесяткі тысяч і іншых, дарослых і дзяцей, нашага княства. На нейкай вярсце я ўбачыла нечакана, што і ты ішоў, павязаны вяроўкамі, — памкнуўся ратаваць мяне, кінуўшыся, не разабраўшыся, што і да чаго, у гэты вір. У вір гульні і крывавай трагедыі. Думала, што на згубу сваю...
Мяне ўпадабаў царскі вершнік. У нейкім, ужо расейскім, пасяленні ён развязаў мяне і завёў у цёплую хату, каб сагрэлася. Напаіў цёплай вадой, накарміў. Думаў, што я абрадавалася яго ласцы...
Трошкі счакаўшы, калі я прыйшла ў сябе, калі перастала жаваць, пачаў распранацца і распранаць мяне. Хаця што мне было распранацца — была амаль голая. Нейкая мешкавіна ліпела на мне...
Я ўбачыла, як ты збялеў, бачачы ўсё тое, як ты памкнуўся следам. Ведаю, калі б ты зайшоў у хату і ўбачыў усё, то забіў бы яго... Я ж не разумела нічога да тае пары, пакуль ён не занёс мяне на ложак...
Каля галавы ён паклаў сваю вайсковую амуніцыю, і я ўбачыла рукаятку клінка. Тады ж убачыла і твае вочы, вочы маёй маці, Сафійку і крыважэрнага цара і... ухапіла той клінок. З усяе сілы пырнула ім у горла гвалтаўніку. Кроў пырснула мне ў твар...
І цяпер памятаю пах тае крыві...
Палачанка Парасачка-Яніна плакала, закрыўшы твар рукамі.
Яна выказала мне самае балючае, што непакоіла, хвалявала.
— Ты ж невінаватая. Ты ж абаранялася...
— Я ўтварыла непапраўны грэх. Бо адабрала чужое жыццё. А тое не ўваходзіла ў мае планы. Мне нельга было рабіць таго ні пры якіх абставінах, бо са мною нічога кепскага не магло і здарыцца... Вось тая душа, якую я адабрала, і не адстае ад мяне, помсціць мне і ледзьве не забрала да сябе мой панцыр...
«Дык вось яно што...»
«Вінаватая я, Антон, яшчэ і як вінаватая...»
«Бог уклаў у твае рукі меч правасуддзя і пакараў замест цябе ворага. Ты ў чым вінаватая, Янінка? Нездарма ж Валадар Усёмагутны вучыць нас: «Усё выпрабоўвайце, але трымайцеся добрага. Пазбягайце ад усялякага роду зла!» Ты думаеш, мусіць, пра гэтыя запаветы. Правільна. Але чаму ж не ўспомніш пасланне апостала Паўла да каласянаў: «І так знішчыце зямныя члены вашы: блуд, нечысціню, страсць, злую пажаднасць і любасцяжанне, якое ёсць ідаласлужэнне, за якія гнеў Божы ўпадзе на сыноў праціўлення...»
Не ведаў, чым можна было супакоіць жанчыну яшчэ. Страшнае ж мінула для яе і не вернецца, можа, больш.
— Цябе дакаралі за тое падчас справаздачы?
— Не. Але я адчула ўнутраны папрок сяброў Рады і князёўны Ліцвініі. Яна найбольш шкадавала мяне. Бо адна і працівілася таму, каб я адпраўлялася туды... Я ж не паслухалася яе.
— Ды і не маглі яны цябе ні ў чым папракнуць. Чаму ж тады дапусцілі да такога? Ніводзін на свеце суд не можа абвінаваціць цябе. Нават Божы.
— А ты?
— І я не магу. Не маю такога права.
— Дзякуй табе, любы мой! Ты зняў цяжар з маёй душы. Самы важкі цяжар.
— А ты зняла з маёй.
Яе даверлівы і цнатлівы позірк зазірнуў на самае донца маёй душы:
— Праўда? Не маніш?
— Навошта? Сама ж пра тое ведаеш. Мы ж здольныя лячыць і сябе, і адно аднаго ад любых хвароб...
Твар жанчыны кранула стомленая ўсмешка. Яніна Альшанская, палачанка Парасачка і сведка крывавых падзей, нараджалася зноў. Зноў вярталася да жыцця, каб праз нейкі час адправіцца па загаду свайго сэрца на пошукі ўкрадзеных старонак...