Выбрать главу

«Не схіляйся пад чужое ярмо з нявернымі, — вучыў святы апостал Павел у другім пасланні карынфянам, — бо як жа можа ўжывацца праведнасць і беззаконне? Што агульнага ў святла з цемраю?»

Так, сапраўды, чужое ярмо — цемра.

А ліцвіны тое ярмо на сваім плячы і сваёй шыі паспыталі спаўна, і яшчэ мульмо не прайшло...

Бог вучыць нас — у імя выратавання сваёй душы, сваёй Айчыны і трэба жыць. Там жа, у апостала Паўла, прызнанне: «...Таму што сказана: у час спрыяльны Я пачуў цябе і ў дзень выратавання памог табе». Вось цяпер і час спрыяльны, небам падораны час выратавання і выбаўлення з ярма няволі, з задушлівых абдымкаў магутнага суседа...

Княства маё роднае! Краіна мая магутная і гаротная!

Колькі пакут вынесла, колькі вытрывала зняваг і болю, пагарды і здзекаў! Колькі ліцвінаў прысвяціла сваё жыццё служэнню табе, не беручы нічога ўзамен! Не чакаючы ні падзякі, ні ўхвалы, не крыўдуючы, што сам застаўся невядомы, нябачны. І адзін быў кліч усім:

— Лепей смерць, чым няволя!

А што ў душах сённяшніх ліцвінаў?

Калі прачнуцца?

Як і чым памагчы ім выбавіцца з пачварнага сну?

— Паможам, Антон, — кажа Яніна. — І не толькі мы. З кожным днём прачынаецца ад летаргічнага сну ўсё больш і больш ліцвінаў...

І я шчыра верыў яе словам...

Змітрака перавялі ў палату на трэція суткі.

Я прыйшоў да яго пад вечар. Кісялёў быў не адзін. Сядзелі каля яго Яён і Вераніка. На тумбачцы яблыкі і апельсіны.

— Здароў быў, Кісель! — прамовіў весела, вітаючыся з гасцямі, і далучыўся дарункамі да прынесенага. — А памерці табе не дадуць!

— Навошта ж паміраць? У нас яшчэ наперадзе — уга! — колькі спраў і клопатаў.

— Правільна, шмат. Так што доўга тут і не трэба залежвацца.

«Антон, — перайшоў на нашую хвалю Змітрок. — Скажы, прыгожая Віка, праўда?»

«Прыгожая. Надта. Званіла табе, ну я і накіраваў яе сюды...»

«Дзякую... Ведаю, што сама. І таму — рады».

«І я таксама. За вас абаіх...»

Вераніка бачыла мяне ўпершыню, разглядвала з цікавасцю. Пэўна ж, другім я ёй уяўляўся. Маўчаў сур'ёзны мой двайнік, паклаў нагу за нагу, сашчапіўшы на каленях рукі. Абое ні пра што не думалі — пульсацыі энергіі ад іх не зыходзіла.

— Чаго ж замоўклі? Мо перашкодзіў вашай інтымнай размове? Дык я магу і пайсці! — разламаў я маўклівасць не надта жартоўным пытаннем, бо і сапраўды зайшоў неяк нечакана і выглядаў, пэўна, няйначай як Піліп з канапель.

— Не, што вы... — успрыняла Вераніка ўсё сур'ёзна, заружавелася, паправіла косы, весела зірканула на Змітрака. — Мы рады вашаму з'яўленню, і Дзіма казаў, што вы павінны падысці...

«А ён вясёлы, Дзімаў сябра, — пацяплела поле Веранікі, — такім я яго і ўяўляла. Па тэлефоне толькі не вельмі ветліва з ім пагаварылі... Але ён зразумее мяне і прабачыць...»

«Бачыш, Антон, як прыхільна думае пра цябе... Спадабаўся ты ёй...»

«Файная яна дзяўчына. Не крыўдзі яе. У цябе апошні шанец».

«Мне і Бог не дазволіць тое зрабіць...»

— А Яён рады? — паглядзеў я на сябе, чакаю адказ.

— Як і ты. Нешта апошнім часам рэдка бачу цябе. Знікаеш некуды — ніхто і не ведае куды.

— Ды праца такая — нацягаешся тых скрынак, дык потым спіш як мёртвы, без задніх ног... Зміцер вунь хай пацвердзіць, за мяне як не тыдзень пупок надрываў...

Сябар кіўнуў галавой:

— Пекла, а не праца. Таму і не даспадобы такі занятак Вераніцы.

Госця зноў чырванее, апускае галаву. Яе рука ляжыць на Змітраковай.

— То я раней гаварыла так. Цяпер — не.

«Праўду кажу, не хлушу... Дурніца была. Кніжак начыталася, прынца чакала. Цяпер я іншая. Цяпер я зноў на свет нарадзілася... Дзякуючы табе, Змітрок... Як я кахаю цябе! Таму і не магу ўголас сказаць...»

«Чуеш, Кісель? Ёлупень ты гэтакі...»

«Чую, Антон, і яна цяпер, аказваецца, нас чуе... «І слова было ў Бога...»

Вераніка паглядала на нас і смяялася. Здзіўлена была свайму адкрыццю. Раней яна думак чужых не чытала.

Прыбывае людзей у нашай кагорце!

— Як там праца ідзе ў інстытуце? — звярнуўся я да Яёна, каб перамяніць тэму размовы і выбавіць Вераніку з няёмкасці пачування ў такой сітуацыі.

— Згодна з планам. Ужо вывучаем іншыя сусветы. Знаёмімся з іх цывілізацыяй, мовай і звычкамі. Шмат ёсць таленавітых студэнтаў. Пераконваюся, палешукі надта таленавіты народ. Але пакуль тэорыя, не ўсе яшчэ пранікліся цвёрдай верай у тое, чым ім належыць займацца...

— А ты раней сумняваўся ў іх таленце?

— Ды не. Але ўсе сродкі масавай інфармацыі далдонілі, што самі па сабе палешукі тупыя і бескультурныя. Што толькі пад уплывам дабрадзеяў-акупантаў з іх «великим и могучим» ды яшчэ «направляющей и руководящей» мы можам сігануць да сапраўдных вяршыняў культуры і цывілізацыі.