— Добра, што разумееш, спадар Яён! Дзякую за тое. У мяне будуць сюрпрызы для тваіх студэнтаў. Цікавыя відэазапісы жыцця мінуўшчыны. Я папрашу, каб Касмічная Рада дазволіла іх паказаць... Каб навучэнцы адчулі і паверылі ў немагчымае. Вельмі цікавыя дакументы-сведкі. Іх шмат. Ёсць жудасная сцэна ўкрыжавання Ісуса Хрыста. Пасля яе прагляду чалавеку цяжка жыць на зямлі без веры. Ён разумее, які ён грэшны... Шмат старонак пра «нябесны агонь», пра бессмяротнасць душы, як мяняецца з кожным годам час і прастора.
Расчыніліся дзверы, і на парозе з'явілася Яніна.
Была яна ў вязанай шапачцы, балонневая зялёная куртка ладна выдзяляла яе стан.
— Дзень добры ўсім! — павіталася з парога, на Змітраку позірк спыніла.
— Знаёмцеся: Яніна Альшанская, — назваў яе імя, абрадаваўся нечаканаму яе прыбыццю і яшчэ таму, што яна выглядала бадзёрай і вясёлай. — Даведалася пра Змітрака, прыйшла праведаць.
Села яна позаду мяне. Сабралася нас ніштаватая кампанія.
Мы яшчэ пагаварылі нейкі час — пра ўсё і ні пра што, і Кісялёў позіркам папрасіў, каб пакінулі іх з Веранікай адных.
Трошкі счакаўшы, падняўся з табурэціка, сказаў:
— На гэтым, Змітрок, усё. Нам пара. Клопатаў у нас шмат. Да сустрэчы. Папраўляйся.
Кісялёў неўпрыкмет міргануў мне.
Падняўся і Яён, паціснуў на развітанне руку хвораму. У вачах майго двайніка праглядвалася стома. І адначасова ўзнёсласць. Мо яшчэ і крыўда на мяне. За нетактоўнасць.
Калі выйшлі на вуліцу, бралася ўжо на вечар. Шэрыя воблакі нізка кусціліся над зямлёю, схавалі святло раней часу. Павяваў слабы ветрык, трывожыў галіны дрэў.
— Каму куды?
— Мне ў другі бок, прабачце, — прамовіў Яён, паціснуўшы мне руку, пасля Альшанскай. — Да сустрэчы на нашых арбітах.
— Бывай, Яён! Пра абяцанне памятаю. Чакаю выкліку.
І ён пашыбаваў асветленай ліхтарамі вуліцай, што вяла да прыпынку тралейбуса. Мой двайнік ніводнага разу не азірнуўся.
— Дык добры дзень, Янінка! Ты неяк раптоўна з'явілася. Як ты знайшла нас усіх?
Засмяялася, гледзячы на мяне, і я адчуў, як ёй цяпер хораша і лёгка.
— Ты ж штохвілінна клікаў мяне. Вось я і з'явілася.
Прытуліў да сябе, стараўся сагрэць, бо і сапраўды на вуліцы ўжо было па-вечароваму золка.
— Цябе, спадар Антон, выклікаюць на пасяджэнне Касмічнай Рады. Ты павінен падрыхтавацца і прыбыць з гатовымі прапановамі. Час і месца дзеяння ты выбіраеш сам. Рада толькі дасць табе неабходныя рэкамендацыі.
— Калі неабходна з'явіцца?
— Як сам вырашыш, але скажаш загадзя.
— Зразумеў. Значыць, праз тыдзень. З панядзелка я адпрацую за Змітрака, а потым зраблю два выхадныя. Такі расклад падыходзіць?
— Канечне.
— А ты ўжо выбраў час, у які адправішся?
— Выбраў.
Нясмела папыталася:
— А мяне з сабою возьмеш? Я вытрымаю... Буду табе памочніцай...
Рэзка адпрэчваць мне не хацелася (ці не досыць з яе таго, што перажыла?), таму адказаў няпэўна:
— А мо пакуль давай не будзем пра тое? Абмяркуем пасля.
— Хай будзе так, — уздыхнула мая спадарожніца. — А чым зоймемся цяпер?
— Давай сходзім у тэатр. Ставяць «Перамогу пад Воршай» — пра Кастуся Астрожскага. Яго перамога ўвайшла ў сусветныя аналагі вайсковага майстэрства і славы ліцвінаў.
— З радасцю пагляджу.
Яна ўзяла мяне пад руку.
Праз колькі хвілін на сцэне ажылі героі, і сюжэт п'есы паглынуў нас, захапіў, зачараваў. Выдатны твор, цудоўныя акцёры і праўдзівы сюжэт!
Як хораша, што ў нашай ліцвінскай гісторыі былі дні, якія множылі славу і гонар нашай дзяржавы.
Якія дабратворныя і жыццядайныя промні вылучала сцэна!
Мы бачылі, якой магутнай энергіяй напітваліся ў зале людзі.
Вялікая сіла ў мастацтва і праўды!
Я не прызнаўся Яніне Альшанскай, што для свайго падарожжа выбраў роднае Палессе — Тураўшчыну і Мазыршчыну...
Мяне даўно цікавіў з паляшуцкага жыцця адзін год — 1654-ы. Чаму менавіта гэты час? Бо пра падзеі гэтага года нідзе не змог прачытаць ні радка. Здзівіўся. Папытаўся ў пенсіянеркі-настаўніцы, што вяла ў нас гісторыю, хударлявай і строгай жанчыны, чаму такі прагалак у падручніку па гісторыі.
Яна зірнула на мяне праз шкельцы акуляраў і незадаволена адказала:
— Будзеш шмат ведаць, рана пастарэеш...
І добра, што так адказала. Яна толькі ўзмацніла маю цікавасць да таго перыяду, тым больш да сваіх родных мясцінаў. Не раз пасля той размовы думаў: ну няўжо маленькі лапік тураўска-мазырскай зямлі нічым не выдзяляўся на абсягах гісторыі, не адыгрываў ніякай ролі ў ліцвінскім Княстве? Ды быць жа такога не магло!