Выбрать главу

Хавалі, значыць, ад нас праўду тыя, хто пісаў для нас такі падручнік?

Тады ж — чаму не праверыць, не пераканацца, раз ёсць такая магчымасць, што нешта ж тады адбывалася такое, раз вырвалі тыя падзеі з нашай памяці. Мне трэба было на свае вочы пабачыць, не давяраючы нават даследчыкам і летапісцам...

І тады я клічу тое чароўнае Слова, якое ёсць Бог і якое дасць рух і энергію майму падарожжу ў невядомае:

— Ахутавана! Дай сілы, Валадар, вытрымаць выпрабаванне... І на крывавых дарогах нашага Княства нічога не прапусціць, убачыць сваім зрокам, зафіксаваць, засведчыць да драбніц!..

Лес густы, непраходны, з пагрозлівым подыхам таямнічасці і магутнасці. Хаваў ён у сабе тайны тысячагадовай даўніны.

Вакол нас — топкае балота, багна. Гіблыя мясціны. Сунецца туды чалавек, не ведаючы, — і згіне, прападзе ў бяздонных нетрысках...

Звяры асцерагаюцца дрыгвы. За некалькі вёрстаў адчуваюць, што нельга сюды патыкацца. Аббягаюць далёка, задраўшы насцярожана пысы, каб не ўскочыць у мёртвую прорву...

Сярэдзіна лета. Нетрыскі патыхаюць вечнасцю і пагрозлівым спакоем. Патыхае багуном і хмелем. Да самае Прыпяці падступаюцца дубы. Ім па пяць-шэсць стагоддзяў. Шмат чаго чулі і бачылі на сваім вяку. Шмат чаго маглі расказаць. Але расказаць яны могуць толькі таму, хто іх чуе і разумее...

Шляхта і мяшчане пазбягалі ўсе ў лес. У балотах ды густых зарасніках хаваюцца ад лютага ворага.

Яшчэ гады са два прыязджаў да нас ад вялікага князя Януша Радзівіла пасланец — шляхціц Дрынеўскі. Перадаваў ці то загад, ці то пажаданне, каб «купкаваліся, мацнелі духам і верай у сваю непахіснасць і моц».

Не надалі значэння, не прыслухаліся да парад і прадказанняў. На тыя ж балоты паспадзяваліся, што хавалі не раз і да гэтага ад жорсткага ворага. Між сабой вялі размовы, супакойвалі адзін аднаго: «Не павінен прыйсці масковец і царскія ратнікі на нас — у багне загінуць...»

Аж яно іначай выйшла — дайшлі. Без перашкод амаль. Нехта ж падказаў, а мо і прымусілі каторага, на кол пасадзіўшы. Праз нашыя патаемныя сцежкі і дарогі прайшлі царскія коннікі і пешы збройны люд, больш магутны і большы.

«Божа, не адбяры ад мяне розум! Не заслані святло, пакінь сілу і моц! — на дзень па сотні разоў адбіваў паклоны Ўсявышняму Валадару. Вымольваў у яго спагаду і любоў, Яго прыхільнасць і заступніцтва. — Злітуйся нада мною і даруй мне слепату і дурноцтва, а я буду Тваім верным рабом, адданым служкаю Тваёй Валадарнасці...»

Ці чуў мяне толькі Бог?

Не раз і не два дапінаў я да тураўскага падстаросты Хведара Ляўковіча — разумнага і дабрачага чалавека. Хведар некалі разам з бацькам маім меў гандлёвы хаўрус, таму да мяне адносіўся з павагай, калі не любоўю. Даваў чытаць рэдкія кнігі (я вельмі рупіўся да навукі, дзякуючы Божай ласцы і падтрымцы маіх бацькоў, якія мелі гонар быць шляхціцамі і мелі ладны надзел зямлі, быдла і дзесяцін колькі лесу з сажалкамі), вучыў жыццю, даючы парады ў маіх юначых памкненнях.

Частаваў мяне медавухай, а пад настрой любіў паразважаць пра жыццё ў Вялікім Княстве.

І цяпер нашая сустрэча была цёплаю і радаснаю. Доўга мы сядзелі за вячэрнім сталом.

— Ласкі, сокал мой ясны, ад Масковіі нам чакаць не з рукі. Як і літасці ад іх. У траўні ў Маскве дзялілі тэрыторыю нашага Вялікага Княства Ліцвінскага. Паміж кім дзялілі? Паміж Масковіяй і Швецыяй. Чатыры разы перамервалі нашыя межы — то праз Слуцак мерыліся, то праз Нясвіж, а то і праз Менск... А потым Масква і цар яе наогул не пажадалі дзяліць.

— Гэта ж чаму, шаноўны падстароста Хведар? — адставіў я кубак з медавухаю — ударыла ў скроні: умеў ён рыхтаваць гэты напой, сакрэт ведаў нейкі, не ў кожнага такі і атрымліваўся.

Падстароста ўздыхнуў, расшпіліў шаўковую вішнёвую сарочку, пагладзіў акуратную ссівелую бараду, зірнуў на мяне, як дакараў усё роўна, што не ведаю такіх простых рэчаў.

— А таму, сокал мой ясны. Летась цар прапанаваў Швецыі разам выступіць супраць Рэчы Паспалітае, і багацце, што нарабуюць, вырашылі падзяліць пароўну. Але падтрымкі надзіва не знайшоў. Цяпер Аляксей Міхайлавіч тым шведскім паслам дулю з макам паказаў — упэўнены, што вайну і сам выйграе...

— А што ж Швецыя? — Мне вельмі карцела даведацца, што ж думаў пра тое Хведар, — бо хто ж мог данесці да маіх юначых мазгоў тое разуменне — ніхто вакол за дзесяткі вёрстаў не мог пра тое ведаць так добра, як падстароста.

— Хм... Шведскі кароль Карл Густаў параіўся са сваімі дарадцамі, і ў сакавіку 1655 года рушылі на вайну з Рэччу Паспалітай. Зручнейшага моманту, скажу табе, сокал мой ясны, і прыдумаць было цяжка, які так спрыяў бы разгрому ненавіснага суперніка! Добрая ж мажлівасць падгрэбці пад сябе ягоныя землі. А потым і Масква адумаецца... І ў чэрвені палявы маршалак Густаў Адольф Левенгаўпт рушыў на Дынабург. Роўна праз месяц на Вялікае Княства скіраваў свае сілы Магнус Дэлягардзі і скарыў Біржы. Шведы пайшлі на Польшчу — аж чатырнаццаць тысячаў, якія вёў палявы маршалак Вітэнберг. Каля трынаццаці тысяч жаўнераў вёў сам кароль. Артылерыяй камандаваў Густаў Стэнбок. У сярэдзіне ліпеня Вітэнберг высадзіўся ў Памор'і, пад Вусцем, дзе непадалёк стаяла польскае рушанне. А раніцай яно здалося ў палон... А далей што — ідзі без перашкод, ніхто ўжо замінаць не будзе... Эхе-хе, жыццё нашае...