Я растраціў амаль усе свае злотыя. Як, дарэчы, і ротмістр.
Паспалітае рушанне страчвала сваю моц і сілу, хаця і яно было не вельмі вялікім. Як мне, адданаму шляхціцу, было ехаць да вялікага гетмана ў той час, калі крыважэрны і жорсткі захопнік, усё палячы і рушачы, быў каля нашых паселішчаў?
Соймікі яшчэ спрабавалі рабіць выгляд, што яны нешта прадпрымаюць, рупяцца. Прымалі нават нейкія рашэнні, каб сабраныя ў паветах і ваяводствах злотыя ішлі на харугвы — дзеля абароны іх жа саміх. О, як радаваліся маскоўскія ваяводы — тады і накіраваўся цар і казакі Залатарэнкі на Менск...
А пасля захопу Менска прамая дарога да сталіцы Вялікага Княства Ліцвінскага — Вільні...
На тым шляху стаялі мы — ваяры ротмістра Глябовіча.
Вялікі гетман прасіў ротмістра стрымаць націск, але і сам бачыў, што просіць немагчымага... І цяпер у вачах стаіць вобраз Януша Радзівіла — вочы вільготныя, і ён хавае іх ад ротмістра, абняўшы яго:
— Сыночкі, лепей ужо загінуць, чымся ў ярмо маскавітаў. Адбіце ім ахвоту да нас совацца, вельмі прашу, правучыце супастатаў...
— Добра, ваша мосць, пастараемся. Ведаем, за што ў бой ідзём — маскоўскі цар з нас рабоў зрабіць жадае.
— Во-во, рабоў... І адносяцца яны да людзей Княства як да быдла. Не людзі мы для іх, а прыгонныя. Не ліцвіны, а дадатак да Масковіі...
Вялікі гетман выпраміўся, потым сеў на вёрткага каня і падаўся за ўзгорак, балюча перажываючы незайздроснае становішча — і войска, і сваё.
Ніхто ў свеце не мог пазайздросціць яму ў гэты момант, ніхто...
Мы толькі зняліся з месца, каб заняць больш-менш лацвейшую пазіцыю, каб з узгорачка было нам усё выразна бачна — як на далоні. І трэба ж было тут такому здарыцца...
Мы ўжо рухаліся ўздоўж Нёмана, як на нас раптоўна з нейкім страшным і пагрозлівым гігіканнем з кустоў наляцелі казакі Залатарэнкі. Ляцелі яны з шалёнай хуткасцю. Цар Аляксей Міхайлавіч шчодра ўзнагародзіў Залатарэнку за перамогу над Радзівілам — аддаў яму Быхаўскае і Крычаўскае староствы, далучыў да яго рэшткі казакаў ліцвінскага палка Паклонскага. А наказному гетману выдаў грамату, каб ён мог набіраць сабе ліцвінаў з Магілеўскага ды Крычаўскага паветаў.
Пад ранішнім сонцам заблішчэлі клінкі ды мячы.
— Казакі! — крыкнуў я што было сілы, каб пачулі, каб звярнулі ўвагу, каб паспелі павярнуцца да ворага. — Займай абарону!
Ды было позна. Конніца казакаў урэзалася ў нашыя рады.
Мы біліся з апошніх сіл, высільваліся, але адчувалі, што перавага не на нашым баку. І тут нечакана я пазнаў яго, хахла Залатарэнку!
Як ён імпэтна і ўзнёсла махаў мячом! Не згінаўся, сядзеў на кані прама, выпнуўшы грудзі наперад, як быццам яго не мог зачапіць ніводзін меч ліцвіна... Ён як здзекаваўся з іх...
Я не адчуваў да яго ні варожасці, ні пагарды. Але было жаданне пакараць яго за такую пыху, правучыць. Падскакаў да яго, замахнуўся вострым палашом, але ён раптоўна, нават не азірнуўшыся, секануў мяне канцом мяча па плячы. Ён нават і не бачыў, каму нанёс удар...
Эх, ротмістр, ротмістр! Як я недаацэньваў цябе! Ты прымушаў апрануць мяне пад адзенне вязаную з дроту засцярогу, а я ўпарціўся, дурань, выхваляўся сваёй храбрасцю. Дзякуй табе, любы дружа, што абсмяяў мяне і амаль сілком прымусіў надзець тую апранаху. Ты ўбярог мяне ад смерці. Удар мяча зменшыўся, таму і не перасек жыццёва важную артэрыю...
Заліўся кроўю раптоўна. Зброя выпала з маіх рук. На маіх вачах пачала пераварочвацца зямля, а потым і зусім прапала. Я страціў прытомнасць і не чуў, як асунуўся на зямлю, выпаўшы з сядла.
Мяне абвалакло мроіва спакойнасці і жаданне спачыну. Пульхная багна, пах багуну, жывіцы і хмелю. Атрутная даўкасць лясной жывіцы пахіліла ў сон...
Разбудзіў мяне месяц. Зазірнуў цікаўна ў твар, бы рупіўся спытаць, ці не патрэбна была мне помач. Доўга не мог зразумець, дзе я знаходзіўся і чаго ляжаў на зямлі...
Побач нехта застагнаў. Перамагаючы свой боль і галавакружэнне, падпоўз да такога ж няшчаснага, як і я.
Паранены быў шляхціц Валенка-Марыніч. Нічым яму памагчы ўжо не мог — кішкі выпаўзлі на траву. Папрасіў, каб «пазбавіў яго жывата»...
Ён аціх; праз колькі хвілін я закрыў яму вочы, у якіх адбіваўся месяц.
Збольшага прыйшоў у сябе. Агледзеўся. На ўзгорку, пад высокімі соснамі, было шмат забітых. І нікога з жывых навокал. Усе паразбягаліся. Калі хто і быў жывы, то пастараўся знікнуць з гэтага страшнага месца.
Вось яна, цана нашай бязладнасці, нашаму непаслухмянству абставінам. Цяпер што — шлях цару і яго ратнікам адкрыты. На яе, родную, на Вільню, адкрыты шлях...
Даруй нам гэтую паразу, яснавяльможны Януш Радзівіл!