Выбрать главу

Эдгар цярпліва чакаў. Па прастаце сваёй ён не падазраваў нічога дрэннага. Ён быў упэўнены, што яны хутка вернуцца, - бо ж барону трэба атрымаць адказ. Але праходзіла гадзіна за гадзінаю - і пакрысе ім авалодаў непакой. Наогул, з таго дня, як гэты чужы, спакуслівы чалавек уварваўся ў яго маленькае бесклапотнае жыццё, хлопчык увесь час нерваваўся, хваляваўся, не знаходзіў спакою. У кволым дзіцячым арганізме любое звышмоцнае пачуццё пакідае глыбокі след, як на мяккім воску. Нервовае дрыжанне павекаў узнавілася, твар зноў пабляднеў. Эдгар чакаў і чакаў - спачатку спакойна, потым страшэнна ўсхваляваны, пад канец ледзь стрымліваючы слёзы. Але ён усё яшчэ нічога не падазраваў. Ён слепа верыў у свайго цудоўнага сябра і думаў, што адбылося нейкае непаразуменне, і яго мучыў тайны страх, што ён няправільна зразумеў дадзенае яму даручэнне.

Але як дзіўна яму здалося, што калі яны нарэшце вярнуліся, абое весела балбаталі і не выказалі ніякага здзіўлення. Быццам яны зусім не заўважылі яго адсутнасці.

- Мы пайшлі табе насустрач, Эдзі, і спадзяваліся ўбачыць цябе па дарозе, - сказаў барон, нават не пытаючыся пра адказ; а калі хлопчык, спалоханы, што яны марна шукалі яго, пачаў запэўніваць, што ён бег па галоўнай дарозе, і пачаў распытваць, у які бок яны пайшлі, мама абарвала размову:

- Хопіць, хопіць! Дзеці не павінны так многа балбатаць!

Эдгар пачырванеў ад прыкрасці. Гэта была ўжо другая спроба зняважыць яго на вачах у сябра. Навошта яна гэта робіць, навошта яна так намагаецца паказаць яго дзіцём, калі ён цвёрда перакананы, што ўжо дастаткова дарослы? Няйначай, яна зайздросціць яму і хоча адабраць у яго сябра. І гэта, напэўна, яна наўмысна павяла барона другою дарогаю. Але ён не дазволіць, каб з ім так абыходзіліся, - яна гэта хутка ўбачыць. Ён здолее пастаяць за сябе. І Эдгар вырашыў ні слова не гаварыць з ёю сёння за сталом і звяртацца толькі да сябра.

Але гэты намер яму здзейсніць не ўдалося. Здарылася тое, чаго ён менш за ўсё чакаў: ніхто не заўважыў, што ён злаваўся. Ды яны і яго самога як быццам не заўважалі, а яшчэ ж учора ён быў у цэнтры ўвагі; цяпер яны размаўлялі толькі паміж сабою, жартавалі, смяяліся, быццам яго і не існавала, быццам ён зваліўся пад стол. Кроў кінулася яму ў твар, камяк падступіў да горла, дыхаць стала цяжка. З усё большай горыччу думаў ён пра сваё бяссілле. Значыцца, ён павінен спакойна сядзець і глядзець, як мама адбірае ў яго сябра - адзінага чалавека, якога ён любіў, - і ён нічога не можа зрабіць супраць, акрамя як маўчаць. Яму хацелася ўстаць з крэсла і стукнуць кулакамі па стале - хоць бы дзеля таго, каб напомніць ім аб сабе. Але ён стрымаўся, адно адклаў убок нож і відэлец і не дакрануўся болей да яды. Аднак і гэта доўга заставалася незаўважаным, і толькі калі прынеслі апошнюю страву, мама звярнула ўвагу, што ён нічога не есць, і папыталася, ці не хворы ён. «Агідна, - падумаў ён, - у яе толькі адно ў галаве, ці не хворы я, усё астатняе ёй усё роўна». Ён буркнуў, што яму не хочацца есці, і яна гэтым задаволілася. Нічым, абсалютна нічым не мог ён прыцягнуць да сябе ўвагі. Барон быццам зусім забыўся пра яго, прынамсі, ён не сказаў яму ні слова. Слёзы пяклі Эдгару вочы, і ён нават ужыў дзіцячую хітрасць - засланіўся сурвэткаю, каб ніхто не ўбачыў, як гэтыя праклятыя дзіцячыя слёзы цякуць па твары, пакідаюць на губах салёны прысмак. Нарэшце абед скончыўся, і ён уздыхнуў з палёгкаю.

У час абеду мама прапанавала разам з'ездзіць у Марыя-Шуц. Пачуўшы гэта, Эдгар закусіў губу. Ні на хвіліну не пакіне яна яго сам-насам з сябрам. Але як жа ён узненавідзеў яе, калі яна сказала, устаючы з-за стала:

- Эдгар, ты забудзеш усё, што вывучаў у школе, табе лепш пасядзець дома і пазаймацца.

Эдгар сціснуў маленькія кулачкі. Зноў яна зневажае яго перад сябрам, зноў напамінае адкрыта, што ён яшчэ дзіця, што павінен хадзіць у школу і што яго толькі церпяць сярод дарослых. Але гэтым разам яе намер быў занадта відавочны, - ён нават не адказаў і павярнуўся да яе спінаю.

- Ну вось, зноў ты пакрыўдзіўся, - сказала яна з усмешкаю і звярнулася да барона: - Няўжо так цяжка пасядзець з гадзінку над урокамі?

І тут - хлопчыкава сэрца быццам застыла і анямела - барон, які зваў сябе ягоным сябрам, барон, які смяяўся над тым, што ён любіць сядзець у пакоі, сказаў:

- Пазаймацца гадзінку-другую, думаю, не пашкодзіла б.