Выбрать главу

Усе трое з палёгкаю ўздыхнулі, калі каляска спынілася перад гатэлем. Прагулка атрымалася няўдалаю, гэта адчувалі ўсе, але ніхто не адважваўся сказаць аб гэтым. Эдгар першы саскочыў з каляскі. Яго маці спаслалася на галаўны боль і паспешна паднялася да сябе. Яна вельмі стамілася, і ёй хацелася пабыць адной. Эдгар і барон засталіся ўнізе. Барон расплаціўся з фурманам, паглядзеў на гадзіннік і пайшоў у вестыбюль, не звяртаючы ўвагі на хлопчыка. Стройны, элегантны, ён прайшоў міма яго лёгкаю, пругкаю хадою, якая яшчэ ўчора так зачаравала Эдгара, што ён спрабаваў пераняць яе перад люстэркам. Ён прайшоў міма Эдгара, нават не зірнуўшы на яго. Відаць, ён забыўся пра хлопчыка, пакінуў стаяць яго каля каляскі з конямі, быццам не меў да яго ніякага дачынення.

У Эдгара штосьці надламалася ў душы, калі ён убачыў, як абыякава ідзе ад яго той, каго ён, нягледзячы ні на што, усё яшчэ абагаўляў; роспач авалодала ім - пайшоў, нават не дакрануўся да яго плашчом, не сказаў ні слова. Ён жа не адчуваў за сабою ніякай віны. Самавалоданне, якое каштавала яму столькіх намаганняў, пакінула яго; цяжар уласнай годнасці, які ён нёс цераз сілу, саслізнуў з яго слабых плячэй, і ён зноў зрабіўся дзіцём - маленькім і пакорным, якім быў яшчэ ўчора і раней. Усё далейшае адбылося незалежна ад яго волі. Ён ірвануўся дробненькімі крокамі ўслед за баронам, дагнаў яго, загарадзіў яму дарогу да лесвіцы і, увесь дрыжачы, выціснуў здушаным голасам, ледзь стрымліваючы слёзы:

- Што я вам зрабіў, што вы на мяне і глядзець не хочаце? Чаму вы ставіцеся да мяне, як да чужога. І мама таксама. Чаму вы заўсёды адпраўляеце мяне куды-небудзь? Няўжо я вам перашкаджаю ці я ў чым вінаваты?

Барон збянтэжыўся. У Эдгаравым голасе было нешта, што яго засароміла, кранула. Яму стала шкада прастадушнага хлопчыка.

- Эдзі, ты дурненькі! Проста я сёння не ў настроі. А ты добры хлопчык, і я цябе вельмі люблю. - Ён моцна пакудлаціў Эдгараў віхор, але адвярнуўся, каб не глядзець у поўныя слёз умольныя вялізныя дзіцячыя вочы. Камедыя, якую ён разыгрываў, пачынала дакучаць яму. Яму стала сорамна, што ён з такім халодным разлікам абудзіў да сябе любоў у гэтага дзіцяці, і балюча было слухаць тоненькі, дрыготкі ад затоеных рыданняў голас. - Ідзі наверх, Эдзі, а вечарам мы зноў будзем сябрамі, вось пабачыш, - сказаў ён прыміральна.

- І вы паможаце мне, калі мама будзе адпраўляць мяне адразу спаць? Паможаце?

- Памагу, Эдзі, памагу, - усміхнуўся барон. - А цяпер ідзі, мне трэба пераадзецца на вячэру.

Эдгар, супакоены на момант, падняўся да сябе. Але хутка ў яго сэрцы зноў застукаў малаточак. З учарашняга дня ён пастарэў на некалькі гадоў; невядомы госць - недавер - ужо трывала пасяліўся ў яго дзіцячым сэрцы.

Ён чакаў. Бо хутка ўсё павінна было вырашыцца. За вячэраю яны сядзелі ўсе за сталом. Час наблізіўся да дзевяці гадзін, але мама не адпраўляла яго спаць. Гэта ўстрывожыла хлопчыка. Чаму яна, наперакор звычаю, якраз сёння дазваляе яму так доўга заставацца ўнізе? Ці не сказаў барон маці пра іх дамоўленасць? Ён ужо горка раскайваўся, што пабег за баронам і даверліва раскрыў яму душу. У дзесяць гадзін мама раптам паднялася з месца і развіталася з баронам. І дзіўна: відаць, і ён не здзівіўся гэтаму ранняму адыходу і не затрымліваў яе. Усё мацней стукаў малаточак у хлопчыкавых грудзях.

Настаў рашучы момант. Ён, як нічога і не было, без пярэчанняў пайшоў за мамаю да дзвярэй. Каля іх ён раптам падняў вочы. І ў гэты момант ён перахапіў усмешлівы мамін позірк, кінуты цераз яго галаву ў баронаў бок, - позірк, які сведчыў аб тайнай змове. Значыцца, барон выдаў яго. Вось чаму мама так рана ідзе: яны вырашылі сёння развеяць яго падазрэнне, каб ён не перашкаджаў ім заўтра.

- Нягоднік, - прамармытаў ён.

- Што ты кажаш? - спыталася маці.

- Нічога, - працадзіў ён праз зубы. І ў яго цяпер ёсць свая таямніца. Імя ёй - нянавісць, бязмежная нянавісць да іх абаіх.

Маўчанне

Эдгарава хваляванне прайшло. Нарэшце ўсё праяснілася і стала на сваё месца. Значыцца - нянавісць і адкрытая варожасць. Цяпер, калі ён пераканаўся, што ён ім замінае, не адыходзіць ад іх стала для яго жорсткай вытанчанай асалодай. Ён упіваўся думкаю, што перашкаджае ім, што можа, нарэшце, уступіць з імі ў бой, узброены ўсёю моцаю сваёй варожасці. Першы выклік ён кінуў барону. Калі той раніцаю спусціўся ўніз і, праходзячы міма, ласкава прагаварыў: «Маё шанаванне, Эдзі», - Эдгар, не гледзячы на яго і не ўстаючы з крэсла, прабурчаў: «Добрай раніцы», - а на пытанне: «Мама ўжо ўнізе?» - не адрываючы вачэй ад газеты, адказаў: «Не ведаю».