- Давайце вернемся, - раптам сказала маці. Яна адчувала, што болей не вытрымае, што павінна штосьці зрабіць - хоць бы закрычаць ад гэтага катавання.
- Як шкада, - спакойна адазваўся Эдгар, - тут так хораша.
Абое яны разумелі, што хлопчык здзекуецца з іх. Але яны не адважваліся што-небудзь сказаць, так бездакорна маленькі тыран за два дні навучыўся валодаць сабою. Ніводзін мускул на яго твары не выдаваў злой іроніі. Не сказаўшы ні слова за ўсю доўгую дарогу, яны павярнулі назад. Калі маці засталася ў сваім пакоі адна з сынам, яна ўсё яшчэ не магла супакоіцца і сярдзіта адкінула ўбок парасон і пальчаткі. Эдгар адразу заўважыў, што нервы яе напружаны да крайнасці і яна толькі шукае, на чым спагнаць гнеў; але ён прагнуў выбуху і наўмысна заставаўся ў пакоі, каб яшчэ болей раззлаваць яе. Яна прайшлася ўперад і назад, села, пабарабаніла пальцамі па стале, потым зноў ускочыла з месца.
- Які ты раскудлачаны, брудны. Пасаромеўся б людзей! Бо ты ж ужо не маленькі!
Без пярэчання хлопчык пайшоў і прычасаўся. Гэтае маўчанне са здзекліваю ўсмешкаю на вуснах прыводзіла яе ў шаленства. Яна з радасцю адлупцавала б яго.
- Ідзі ў свой пакой! - крыкнула яна, не могучы болей выносіць яго прысутнасць. Эдгар усміхнуўся і выйшаў.
Як яны абое дрыжалі цяпер перад ім, як яны, барон і мама, баяліся застацца ўтраіх, як яны баяліся ягонага ўчэпістага бязлітаснага позірку! Чым горш яны адчувалі сябе, тым большае задавальненне свяцілася ў яго вачах, тым больш адкрытаю рабілася яго радасць. Эдгар мучыў безабаронных з амаль неўсвядомленаю дзіцячаю жорсткасцю. Барон яшчэ стрымліваў свой гнеў, спадзеючыся, што яму ўдасца перахітрыць хлопчыка, і думаў толькі пра сваю мэту. Але Эдгарава маці раз-пораз траціла самавалоданне. Было палёгкаю прыкрыкнуць на яго.
- Не круці відэльцам! - накінулася яна на яго за сталом. - Ты не ўмееш паводзіць сябе, цябе нельга садзіць побач з дарослымі.
Эдгар толькі ўсміхаўся, крыху нагнуўшы галаву ўбок. Ён ведаў, што яна крычыць з роспачы, і ганарыўся, што яны ўвесь час выдаюць сябе. Яго позірк быў цяпер зусім спакойны, як позірк урача. Раней ён, мусіць, гаварыў бы дзёрзкасці, каб пазлаваць маму, але нянавісць хутка навучае шмат чаму. Цяпер ён толькі маўчаў, маўчаў і маўчаў, пакуль яна не пачынала стагнаць пад цяжарам яго маўчання.
Яна болей не магла стрымлівацца. Калі яны выйшлі з-за стала і Эдгар з той самай упартаю назойлівасцю сабраўся ісці за імі, яе раптам скаланула. Яна забылася пра асцярожнасць і кінула яму ў твар усю праўду. Не могучы трываць яго неадступнае высочванне, яна ўстала на дыбкі, як змучаны мухамі конь.
- Чаго ты ўсё бегаеш за мною, як трохгадовае дзіця? Я не хачу, каб ты ўвесь час мазоліў мне вочы. Дзецям не месца сярод дарослых. Запомні гэта! Займіся чым-небудзь хоць на гадзіну! Чытай ці рабі што хочаш. Пакінь мяне ў спакоі! Ты нервуеш мяне сваім высочваннем і агідным настроем.
Нарэшце ён вырваў у яе прызнанне! Эдгар усміхнуўся, а барон і маці адчувалі сябе збянтэжанымі. Яна адвярнулася і хацела пайсці, злуючы на сябе, што не здолела схаваць ад сына сваю прыкрасць. Але Эдгар спакойна адказаў:
- Тата не хоча, каб я заставаўся адзін. Тата ўзяў з мяне слова, што я буду ўвесь час з табою.
Ён напіраў на слова «тата», бо ўжо заўважыў, што яно ўздзейнічала на іх прыгнятальна. Значыцца, і тата неяк ублытаны ў гэтую таямніцу; мабыць, тата мае над імі нейкую тайную, незразумелую ўладу, калі яны палохаюцца аднаго яго імя. І гэтым разам яны зноў нічога не адказалі. Яны склалі зброю. Мама пайшла наперад, барон побач з ёю. Эдгар ішоў за імі, але не пакорна, як слуга, а сурова і строга, як няўмольны вартавы. Ён звінеў нябачным ланцугом, які яны беспаспяхова спрабавалі разарваць. Нянавісць загартавала яго дзіцячую сілу; ён, каму не была адкрыта тайна, быў мацней за тых, каму яна звязвала рукі.
Ілгуны
Але часу заставалася ўсё меней, усяго некалькі дзён, і трэба было спяшацца. Яны разумелі, што зламаць упартасць раздражнёнага хлопчыка немагчыма, і звярнуліся да апошняга, самага ганебнага сродку, каб хоць на адну-дзве гадзіны пазбавіцца ад яго дэспатычнага прыставання, - да ўцёкаў.
- Здай гэтыя заказныя лісты на пошту, - сказала Эдгару маці. Яны стаялі ў вестыбюлі, барон каля пад'езда наймаў фіякр.