Выбрать главу

На лесвіцы яна запаволіла крок. Яна заўсёды гублялася ў сур'ёзных сітуацыях і ў глыбіні душы баялася размовы, якая яе чакала. Віны сваёй яна адмаўляць не магла, і, акрамя таго, яе палохаў сынаў позірк - гэты новы, чужы, такі дзіўны позірк, перад якім яна адчувала сябе бяссільнай. Са страху яна вырашыла дзейнічаць ласкаю, бо ведала, што ў выпадку барацьбы раззлаваны хлопчык выйдзе пераможцам.

Яна ціха адчыніла дзверы. Эдгар сядзеў спакойны і халодны. У вачах, звернутых на яе, не было страху, не было нават цікаўнасці. Ён здаваўся вельмі ўпэўненым у сабе.

- Эдгар, - пачала яна па-мацярынску ласкава, - што табе прыйшло ў галаву? Мне сорамна за цябе. Як можна быць такім невыхаваным! Ты яшчэ дзіця і так размаўляеш з дарослымі! Ты павінен зараз жа папрасіць прабачэння ў барона.

Эдгар глядзеў у акно. Ягонае «не» было як быццам адрасавана дрэвам.

Яго самаўпэўненасць уразіла яе.

- Эдгар, што з табою? Чаму ты так змяніўся? Я проста не пазнаю цябе. Ты быў заўсёды разумны, паслухмяны хлопчык, з табою заўсёды можна было дагаварыцца. І раптам ты паводзіш сябе так, быццам у цябе ўсяліўся д'ябал. Што ты маеш супраць барона? Ты ж вельмі любіў яго. Ён быў заўсёды такі ласкавы з табою.

- Гэта так, бо ён хацеў пазнаёміцца з табою.

Яна збянтэжылася.

- Глупства! Што ты выдумляеш? Адкуль у цябе такія дзіўныя думкі?

Хлопчык ускіпеў:

- Ён ілгун, фальшывы чалавек. Ва ўсім, што ён робіць, толькі подлы разлік. Ён хацеў з табою пазнаёміцца, таму пасябраваў са мною і паабяцаў мне сабаку. Не ведаю, што ён паабяцаў табе і чаму ён з табою сябруе, але і ад цябе ён чагосьці хоча. Так, так, мама. А то б ён не быў такі ветлівы і ласкавы. Ён дрэнны чалавек. Ён маніць. Паглядзі на яго як след. Які фальшывы ў яго позірк! О, ненавіджу яго, ён ілгун, ён нягоднік...

- Эдгар, ці ж можна гэтак гаварыць? - Яна збянтэжылася і не ведала, што адказаць. Сумленне ёй падказвала, што сын мае рацыю.

- Так, ён нягоднік, я ў гэтым упэўнены. Ці ж сама ты гэтага не бачыш? Чаму ён баіцца мяне? Чаму хаваецца ад мяне? Бо ён ведае, што я бачу яго наскрозь, што я раскусіў яго, нягодніка!

- Як можна гаварыць такое, як можна гаварыць такое! - У галаве ў яе было пуста, бяскроўныя вусны машынальна паўтаралі адны і тыя ж словы. Ёй раптам стала нясцерпна страшна, і яна не ведала, каго яна баіцца - барона ці сына.

Эдгар зразумеў, што яго перасцярога падзейнічала на маму. І яму захацелася перацягнуць яе на свой бок, набыць саюзніка ў гэтай варожасці, у гэтай нянавісці да барона. Ён падышоў да маці, ласкава абняў яе і загаварыў усхвалявана, дрыготкім голасам:

- Мама, ты ж сама, мусіць, заўважыла, што ён задумаў нядобрае. З-за яго ты стала зусім другою. Гэта ты змянілася, а не я. Ён хоча быць з табою адною і зрабіў так, што ты на мяне злуешся. Вось пабачыш - ён ашукае цябе. Я не ведаю, што ён табе паабяцаў. Я ведаю толькі, што ён не стрымае слова. Асцерагайся яго! Хто адзін раз падмануў, падмане і другі. Ён злы чалавек, яму нельга давяраць.

Гэты голас, жаласны, амаль з плачам, ішоў, здавалася, з яе сэрца. І ў яе было нейкае не зусім прыемнае адчуванне, якое гаварыла ёй тое самае - усё настойлівей і настойлівей. Але яна саромелася прызнаць слушнасць сынавых слоў. І, як гэта часта бывае, каб схаваць хваляванне і збянтэжанасць, яна выпрасталася і сказала з празмернаю рэзкасцю:

- Дзеці ў гэтых справах яшчэ не разбіраюцца. Табе ў іх не трэба ўмешвацца. Табе трэба паводзіць сябе прыстойна. Вось і ўсё.

Эдгараў твар зноў набыў ледзяны выраз.

- Як хочаш, - сказаў ён рэзка, - я папярэдзіў цябе.

- Значыцца, ты не папросіш прабачэння?

- Не.

Яны непрымірыма стаялі адно напроці другога. Маці зразумела, што вырашаецца лёс яе аўтарытэту.

- Тады ты будзеш абедаць тут. Адзін. І ты не сядзеш з намі за стол, пакуль не папросіш прабачэння. Я цябе навучу, як трэба паводзіць сябе. Ты не выйдзеш з пакоя, пакуль я не дазволю. Зразумеў?

Эдгар усміхнуўся. Гэтая каварная ўсмешка як быццам ужо прырасла да яго вуснаў. У душы ён злаваўся на сябе. Як недарэчна, што ён зноў даў волю сваім пачуццям і захацеў перасцерагчы гэтую лгунню.

Маці, зашалясцеўшы сукенкаю, выйшла з пакоя і нават не азірнулася. Яна баялася гэтых калючых вачэй. Ёй стала цяжка з сынам з таго часу, калі яна заўважыла, які ў яго пранізлівы позірк, і яшчэ таму, што ён гаварыў ёй якраз тое, чаго яна не хацела ведаць, не хацела слухаць. Страшна было адчуваць, як яе ўнутраны голас, голас, сумлення, аддзяліўся ад яе ў вобразе дзіцяці, яе дзіцяці, і не дае ёй спакою, перасцерагае яе, здзекуецца з яе. Дагэтуль дзіця было дадаткам да яе жыцця, аздабленнем, цацкаю, чымсьці мілым і блізкім, часам, можа, нейкім цяжарам, але ўсё-такі жыццё яго цякло ў адным рытме і ў лад з яе жыццём. Сёння ўпершыню ён паўстаў супраць яе і адмовіўся падпарадкавацца яе волі. Нешта падобнае на нянавісць прымешвалася цяпер да думкі аб дзіцяці.