Потым ён адважыўся ўстаць, падышоў да акна і пачаў чакаць, пакуль яны вернуцца. Чакаць прыйшлося доўга. Яны, мусіць, ішлі вельмі, вельмі павольна. Ён асцярожна выглянуў з зацемненага акна. Вось яны павольна набліжаюцца, іх адзенне заліта месячным святлом. У гэтым зеленаватым святле яны выглядаюць як здані; хлопчыка ахоплівае салодкая жуда: можа, гэта сапраўды забойца, і тады - якую страшэнную небяспеку ён адхіліў. Ясна відаць іх белыя, як крэйда, твары. На маміным твары незнаёмы яму выраз захаплення, барон, наадварот, сярдзіты і злосны. Відаць, таму, што яго намер не здзейсніўся.
Яны падышлі ўжо зусім блізка. Толькі каля самага гатэля іх постаці раздзяліліся. Ці паглядзяць яны ўгору? Не, ніхто не паглядзеў. «Вы пра мяне забыліся, - падумаў хлопчык з горкаю крыўдаю і з тайнаю радасцю, - але я пра вас не забыўся. Вы думаеце, што я сплю ці што мяне няма на свеце, але вы пераканаецеся ў сваёй памылцы. Я буду сачыць за кожным вашым крокам, пакуль не вырву ў гэтага нягодніка тайну, жахлівую тайну, якая не дае мне спаць. Я разарву ваш саюз. Я не сплю».
Павольна набліжаліся яны да дзвярэй. І калі яны ішлі вось так, адно за адным, іх сілуэты на імгненне зноў зліліся - адзін чорны цень слізгануў у асветленыя дзверы. Потым пляцоўка перад гатэлем зноў забялела ў месячным святле, як вялікі луг, пакрыты снегам.
Напад
Эдгар, цяжка дыхаючы, адышоў ад акна. Ён дрыжаў як у ліхаманцы. Ні разу ў жыцці не быў ён гэтак блізка да таямнічай прыгоды. Хвалюючы свет нечаканых і бурных падзей, свет забойстваў і здрад, знаёмы яму з кніжак, заўсёды заставаўся яму казачным светам, у блізкім суседстве са светам мараў, - чымсьці неіснуючым і недасягальным. Цяпер жа ён, мабыць, апынуўся ў страшным свеце, і гэтая думка ўзрушыла яго да глыбіні душы. Хто такі таямнічы незнаёмы, які раптоўна ўварваўся ў іх спакойнае жыццё? Ці сапраўды ён забойца? Ён жа ўсё імкнуўся адасобіцца і стараўся заманіць маму ў цёмнае месца. Страшная небяспека пагражала ім. Што ж яму рабіць? Заўтра ён абавязкова напіша тату або пашле тэлеграму. Але ці не здарыцца жахлівае, страшнае, загадкавае цяпер, а не заўтра? Бо мамы ўсё яшчэ няма ў пакоі, яна ўсё яшчэ з гэтым ненавісным чужым чалавекам.
Паміж унутранымі і лёгкімі знадворнымі дзвярамі быў вузкі прамежак, не шырэй за адзежную шафу. Уціснуўшыся ў гэты цёмны закутак, хлопчык прыслухоўваўся да крокаў у калідоры. Ён вырашыў ні на хвіліну не пакідаць маму адну.
Калідор апоўначы быў пустэльны, яго цьмяна асвятляла адна лямпачка.
Нарэшце - хвіліны цягнуліся бясконца - ён пачуў асцярожныя крокі. Ён напружана прыслухоўваўся. Гэта былі не хуткія, цвёрдыя крокі чалавека, які накіроўваўся да сябе ў пакой, а павольныя, нерашучыя, быццам хтосьці з неверагоднымі намаганнямі пераадольваў круты пад'ём. Час ад часу крокі заміралі і быў чуваць шэпт. Эдгар дрыжаў ад хвалявання. Можа, гэта яны? Няўжо яна ўсё яшчэ з ім? Шэпт быў занадта далёка. Але крокі, хоць і павольна, набліжаліся. І раптам ён пазнаў ненавісны баронаў голас, які ціха і хрыпла нешта сказаў - Эдгар не разабраў слоў, - і тут жа ў адказ спалоханы, нязгодны мамін голас:
- Не, не! Не сёння! Не!
Эдгар задрыжаў; яны набліжаліся, ён зараз усё пачуе. Кожны ледзь чутны крок у яго бок адзываўся болем у грудзях. І гэты голас - якім гнюсным здаваўся ён яму, гэты прагна пажадлівы, агідны голас ненавіснага ворага!
- Не будзьце такою жорсткаю. Вы былі такая цудоўная сёння ўвечары.
І зноў мамін голас:
- Не, гэтага нельга, я не магу, пакіньце мяне.
У яе голасе было столькі трывогі, што хлопчык палохаецца. Чаго ён хоча ад яе? Чаго яна баіцца? Яны ўжо зусім блізка, цяпер, мусіць, ужо побач з яго дзвярамі. Ён стаіць зусім недалёка ад іх, нябачны, увесь дрыжыць, на адлегласці якой далоні ад іх, аддзелены толькі тонкаю перагародкаю дзвярэй. Шэпт іх гучыць над самым вухам.
- Хадземце, Матыльда, хадземце! - І зноў мамін стогн, але ўжо цішэй - стогн зламанага супраціўлення.
Але што гэта такое? Яны ідуць далей! Мама прайшла ў цемры міма свайго пакоя! Куды ён яе цягне? Чаму яна болей нічога не гаворыць? Ці не заткнуў ён ёй рот? Можа, ён яе душыць?
Гэтая думка прыводзіць яго ў шаленства. Дрыготкаю рукою ён прачыняе дзверы. Цяпер ён бачыць абаіх у паўцёмным калідоры. Барон абняў маму за стан і ціха вядзе яе з сабою; яна, здаецца, болей не супраціўляецца. Вось ён спыняецца каля свайго пакоя. «Ён хоча зацягнуць яе туды, - спалохана думае хлопчык, - зараз здарыцца самае жахлівае».