Адным штуршком ён адчыняе дзверы, потым зачыняе іх за сабою і бяжыць па калідоры за імі. Убачыўшы, што нехта імчыцца на яе з цемры, маці ўскрыквае і ледзь не траціць прытомнасць, барон падхоплівае яе. Але ў тую ж хвіліну ён адчувае на губах удар маленькага, слабага кулачка, і нейкая істота, нібы ашалелая кошка, учэпліваецца ў яго. Ён выпускае з абдымкаў спалоханую жанчыну, яна хуценька ўцякае, і барон, яшчэ не ведаючы, з кім ён б'ецца, адказвае ўдарам на ўдар.
Хлопчык ведае, што ён слабейшы за барона, але не паддаецца. Нарэшце настаў доўгачаканы час расплаты за здраду, нарэшце ён можа выліць назапашаную нянавісць. Сцяўшы зубы, не помнячы сябе, ён ашалела б'е кулакамі куды папала. Цяпер і барон пазнаў Эдгара, і ў ім кіпіць нянавісць да гэтага тайнага шпіёна, які атруціў яму апошнія дні і сапсаваў гульню; ён бязлітасна адказвае на ўдары, не глядзіць, куды б'е. Эдгар ускрыквае, але не здаецца і не кліча на дапамогу. Нейкі час яны злосна і моўчкі б'юцца ў цемры калідора. Нарэшце да барона даходзіць уся недарэчнасць яго бойкі з хлопчыкам; ён хапае яго за плячо, каб адкінуць ад сябе, але Эдгар адчувае, што сіла яго канчаецца, ведае, што яго вось-вось адолеюць і адлупцуюць, і раз'юшана ўпіваецца зубамі ў моцную, цвёрдую руку, якая хоча схапіць яго за каўнер. Барон міжволі ўскрыквае і выпускае хлопчыка - у тое ж імгненне Эдгар кідаецца ў свой пакой і зачыняе дзверы на засаўку.
Усяго хвіліну цягнулася гэтая паўночная бойка. Ніхто яе не заўважыў. Усё ціха, усё ў глыбокім сне. Барон выцірае акрываўленую руку насоўкаю і трывожна глядзіць у цемру. Не, ніхто не чуў. Толькі наверсе - як быццам здзекуецца - мігціць апошні няпэўны агеньчык.
Навальніца
«Што гэта было - сон? Дурны, страшны сон?» - пытаўся ў сябе назаўтра Эдгар, калі прачнуўся ўвесь спацелы ад начных кашмараў. Рукі і ногі занямелі, у скронях глуха стукала. Ён паглядзеў на сябе і з жахам заўважыў, што спаў адзеты. Ён ускочыў, падыбаў да люстра і адхіснуўся, калі ўбачыў свой бледны, перакрыўлены твар з чырвоным сіняком на напухлым ілбе. Ён сабраўся з думкамі і са страхам успомніў начную бойку ў калідоры, успомніў, як, увесь дрыжучы, уляцеў у свой пакой і кінуўся адзеты на ложак, гатовы ў любы момант уцячы. Тут ён, мусіць, заснуў - забыўся цяжкім, трывожным сном і яшчэ раз перажыў усё, але іначай, яшчэ страшней, удыхаючы вільготны пах свежых струменяў крыві.
Унізе пачуўся хруст жвіру пад нагамі; галасы ўзляталі быццам нябачныя птушкі, сонца заглядвала глыбока ў пакой. Мусіць, была ўжо позняя раніца, але, паглядзеўшы на гадзіннік, ён заўважыў, што стрэлка паказвае поўнач. Учора ён забыўся яго завесці, і ад гэтай неакрэсленасці, ад адчування, што ён павіс дзесьці па-за часам, яго ахапіла трывога, якую яшчэ болей узмацніла невядомасць; ён не ведаў, што, зрэшты, здарылася. Ён паспешна прывёў сябе ў парадак і спусціўся ўніз з няясным адчуваннем віны і непакою ў душы.
У сталовай, на звычайным месцы, мама сядзела адна. Эдгар уздыхнуў з палёгкаю, убачыўшы, што яго ворага няма, што яму не прыйдзецца глядзець у гэты ненавісны твар, па якім ён учора біў кулаком. І ўсё ж ён крыху няўпэўнена падышоў да стала.
- Добрай раніцы, - прывітаўся ён.
Мама не адказала. Яна нават не паглядзела на яго; яе позірк з нейкаю дзіўнаю ўпартасцю быў скіраваны на акно. Яна была вельмі бледная, пад вачамі ляглі прыкметныя цені, ноздры часта ўздрыгвалі, як заўсёды, калі яна нервавалася. Эдгар кусаў губы. Гэтае маўчанне бянтэжыла яго. Можа, ён моцна параніў барона? А ці ведае яна наогул аб начной сутычцы? Невядомасць мучыла яго. Але яе твар быў такі нерухомы, што ён нават не асмельваўся глядзець на яго ад страху, што апушчаныя цяпер вочы раптам падымуцца і ўтаропяцца ў яго. Ён сядзеў вельмі ціха, стараўся не рабіць ніякага шуму. Асцярожна падымаў кубак і ставіў яго на сподак, крадком касавурыўся на маміны пальцы, якія нервова гулялі з лыжачкай; іх неспакойныя рухі выдавалі стрыманы гнеў. Гэтак ён прасядзеў чвэрць гадзіны ў пакутлівым чаканні чагосьці. Але нічога не здарылася. Мама не сказала ніводнага слова. І цяпер, калі яна ўстала з месца, усё яшчэ не звяртаючы ўвагі на яго прысутнасць, ён не ведаў, што яму рабіць - заставацца за сталом або ісці за ёю. Нарэшце ён устаў і пакорна падаўся за мамаю, якая па-ранейшаму не звяртала на яго ўвагі; адчуваючы, што смешна плесціся ўслед, ён запаволіў крокі і пакрысе адстаў. Не зірнуўшы на яго, яна пайшла ў свой пакой. Калі Эдгар падняўся наверх, яе дзверы былі замкнёны.