Што здарылася? Ён нічога не разумеў. Учарашняя ўпэўненасць пакінула яго. Можа, ён зрабіў памылку ўчора, калі напаў на барона? І што яны яму цяпер рыхтуюць: кару ці новае ўніжэнне? Штосьці неўзабаве павінна здарыцца - штосьці жахлівае, немінучае. Паміж імі ён адчуваў напружанасць пераднавальнічнага цяжару, двух электрычных полюсаў, якая не магла не разрадзіцца маланкаю. І гэты цяжар прадчуванняў ён цягнуў з сабою да самага абеду, на працягу чатырох адзінокіх гадзін, блукаючы з пакоя ў пакой, пакуль яго вузкія дзіцячыя плечы не сагнуліся пад нябачным грузам; за стол ён сеў, ужо гатовы пакарыцца.
- Добры дзень, - зноў сказаў ён, каб разарваць маўчанне, якое навісла над ім чорнаю хмараю.
Адказу зноў не было; мама зноў глядзела міма. І з новым страхам Эдгар убачыў сябе твар у твар з абдуманаю, сканцэнтраванаю злосцю, якой ён яшчэ не ведаў у сваім жыцці. Дагэтуль выбухі гневу ў мамы выклікала галоўным чынам нервовае раздражненне, і яны хутка канчаліся спагадліваю ўсмешкаю. Але на гэты раз ён, відаць, узбудзіў шалёны гнеў, які вырваўся з патаемных глыбінь яе істоты, і ён сам спалохаўся гэтай неасцярожнай сілы. Ён ледзь дакрануўся да ежы. Камяк стаяў у горле, пагражаў задушыць яго. Але мама як бы нічога не заўважала. Толькі ўстаючы з-за стала, яна павярнулася як бы выпадкова да яго і сказала:
- Прыходзь наверх, Эдгар, мне трэба з табою пагаварыць.
Гэтыя словы не прагучалі пагрозліва, але ў іх было столькі ледзянога холаду, што Эдгара кінула ў дрыжыкі, быццам яму надзелі на шыю жалезны ланцуг. Яго супраціўленне было зламана. Моўчкі, як пабіты сабака, пайшоў ён за маці наверх.
Яна прадоўжыла яго пакуты, памаўчаўшы яшчэ некалькі хвілін. Гэта былі хвіліны, калі ён чуў бой гадзінніка, дзіцячы смех на дварэ і гучны стук свайго сэрца. Але і яна, відаць, не была ўпэўнена ў сабе, бо загаварыла, не гледзячы на яго, павярнуўшыся да яго спінаю.
- Я не буду гаварыць пра твае ўчарашнія паводзіны. Гэта было нечувана, і мне сорамна ўспамінаць іх. За вынікі наракай на самога сябе. Толькі я табе скажу - апошні раз ты быў адзін сярод дарослых. Я толькі што напісала твайму тату, што табе трэба выхавацель або цябе трэба аддаць у пансіён, каб ты навучыўся прыстойна паводзіць сябе. Я болей не хачу пакутаваць з табою.
Эдгар стаяў, апусціўшы галаву. Ён адчуваў, што гэта толькі ўводзіны, і з трывогаю чакаў самага галоўнага.
- А зараз ты папросіш прабачэння ў барона.
Эдгар страпянуўся, але яна не дазволіла яму перабіць сябе.
- Барон сёння паехаў, і ты напішаш яму ліст, які я табе прадыктую.
Эдгар хацеў запярэчыць, але маці была няўмольная.
- Ніякіх пярэчанняў. Вось папера і пяро. Садзіся.
Эдгар падняў вочы. Яе позірк выдаваў непахісную рашучасць. Такою ён яшчэ ніколі не бачыў мамы - такою суроваю і спакойнаю. Яму стала страшна. Ён сеў, узяў пяро і нізка схіліў галаву над сталом.
- Наверсе дату. Напісаў? Перад зваротам прапусці радок. Вось так. Глыбокапаважаны барон! Клічнік. Зноў прапусці радок. Я толькі што з жалем даведаўся, - напісаў? - з жалем даведаўся, што вы ўжо пакінулі Зэмерынг. - Зэмерынг з адным «м», - і я мушу зрабіць у пісьмовай форме тое, што хацеў зрабіць асабіста, а іменна, - пішы хутчэй, каліграфіі тут не трэба! - папрасіць прабачэння за свае ўчарашнія паводзіны. Як вы, мусіць, ведаеце з маміных слоў, я яшчэ не паправіўся пасля цяжкай хваробы і вельмі раздражняльны. Шмат што ўяўляецца мне ў перабольшаным выглядзе, і я праз хвіліну раскайваюся ў тым, што...
Сагнутая над сталом спіна выпрамілася. Эдгар насупіўся: упартасць вярнулася да яго.
- Гэтага я не напішу, гэта няпраўда!
- Эдгар!
У яе голасе чуваць была пагроза.
- Гэта няпраўда. Я нічога не зрабіў, у чым павінен раскайвацца. Я не зрабіў нічога дрэннага, і мне няма за што прасіць прабачэння. Я толькі пабег да цябе, калі ты паклікала на дапамогу.
Яе губы пабялелі, ноздры задрыжалі.
- Я клікала на дапамогу? Ты з глузду з'ехаў!
Эдгар раззлаваўся. Ён парывіста ўскочыў.
- Так, ты клікала на дапамогу, там, у калідоры, учора ноччу, калі ён цябе схапіў. Ты крыкнула. «Пакіньце, пакіньце мяне!» І так гучна, што я пачуў гэта ў сябе ў пакоі.
- Ты маніш, я не была ніколі з баронам тут, у калідоры. Ён мяне праводзіў толькі да лесвіцы...
У Эдгара сэрца замерла ад гэтай бессаромнай хлусні. Шырока адкрытымі, ашклянелымі вачамі глядзеў ён на маці.
- Ты... - сказаў ён зрывістым голасам, - не была... у калідоры? І ён... ён не схапіў цябе? Не трымаў сілаю?
Яна засмяялася сухім, халодным смехам.