Рэйкі блішчалі на сонцы і беглі ўдалячынь. Вакзал быў пусты, бязлюдны. Эдгар нясмела падышоў да касы і шэптам, каб ніхто не пачуў, спытаўся, колькі каштуе білет да Бадэна. Здзіўлены твар выглянуў з цёмнага акенца, пара вачэй усміхнулася з-за акуляраў сарамліваму хлопчыку.
- Поўны білет?
- Ага, - пралепятаў Эдгар без усякай гордасці, заміраючы ад страху, што поўны білет будзе каштаваць занадта многа.
- Шэсць крон.
- Калі ласка.
З уздыхам аблягчэння ён прасунуў у акенца сваю любімую бліскучую манету. Са стукам упалі манеткі здачы, і Эдгар зноў адчуў сябе неймаверна багатым: у руках карычневы кавалачак кардону - залог волі, у кішэні ціхенька пабразгвае срэбра.
З раскладу ён даведаўся, што цягнік павінен прыйсці праз дваццаць хвілін. Эдгар забраўся ў куточак. На пероне стаяла некалькі чалавек, рассеяна паглядваючы па баках. Але Эдгару здавалася, што ўсе глядзяць на яго і здзіўляюцца, што такі маленькі хлопчык едзе цягніком адзін, як быццам яго злачынства і ўцёкі былі напісаны ў яго на лбе. Ён уздыхнуў вольна, калі, нарэшце, пачуўся свісток паравоза і цягнік падляцеў да станцыі, цягнік, які павінен быў павезці яго ў свет. Толькі калі ён садзіўся ў вагон, ён заўважыў, што ў яго білет трэцяга класа. Дагэтуль ён ездзіў заўсёды ў першым і зноў адчуў, што тут нешта новае, што ёсць адрозненні, якіх ён не заўважаў. І суседзі ў яго аказаліся не такія, як заўсёды. Напроці сядзела некалькі італійцаў-рабочых, з жалезнякамі і шуфлямі ў жорсткіх руках; яны перагаворваліся хрыплымі галасамі, і вочы ў іх былі сумныя і стомленыя. Мусіць, яны добра змучыліся на дарожных работах; некаторыя прыхінуліся да цвёрдай і бруднай сценкі і моцна спалі з адкрытым ротам, нягледзячы на стук колаў. Яны працавалі, каб зарабіць грошай, думаў Эдгар, але ён не меў ніякага ўяўлення, колькі яны маглі зарабіць; ён толькі адчуваў, што грошы ёсць не заўсёды і што іх неяк трэба здабываць. Упершыню ён зразумеў, што ўспрымаў дабрабыт, да якога прывык, як нешта належнае, тады як злева і справа ад яго жыцця зеўрала цёмная бездань, куды ён ніколі не заглядваў. Упершыню ён усвядоміў, што на свеце шмат розных прафесій і прызванняў, што яго з усіх бакоў абступалі таямніцы, а ён ні разу, хоць яны і былі паблізу, не паспрабаваў наблізіцца да іх. Гэтая гадзіна самастойнага жыцця шмат чаму навучыла Эдгара, шмат чаго ён пабачыў з цеснага купэ з вокнамі ў адкрыты прастор. І ў яго душы праз цьмяны страх пачало прабівацца калі не шчасце, дык здзіўленне разнастайнасцю жыцця. Ён уцёк, як баязлівец, са страху - усведамленне гэтага не пакідала яго ні на хвіліну, - але ўпершыню ў жыцці ён дзейнічаў самастойна, даведаўся аб частачцы рэальнага свету, міма якога дагэтуль праходзіў безуважна. Упершыню ў жыцці, магчыма, ён сам стаў для бацькоў такою ж таямніцаю, якою для яго была рэчаіснасць. Другімі вачамі глядзеў ён цяпер у акно. Яму здавалася, што ён упершыню бачыць сапраўднае жыццё, нібы ўпала заслона з усіх з'яў і раскрылася іх сапраўдная сутнасць. Дамы праляталі міма, быццам іх несла ветрам, і ён думаў пра людзей, якія жылі ў іх - багатыя яны ці бедныя, шчаслівыя ці няшчасныя, ці гэтаксама, як і ён, жадаюць ведаць усё, і ці ёсць у іх дзеці, якія дагэтуль, як і ён, таксама толькі гулялі ў жыццё. Пуцявыя абходчыкі стаялі ўздоўж чыгуначнага пуці з паднятымі флажкамі, і ўпершыню яны не здаваліся яму, як дагэтуль, проста лялькамі, нежывымі цацкамі, пастаўленымі тут выпадкова-абыякава; ён пачаў разумець, што ў гэтым іх лёс, іх барацьба з жыццём. Усё хутчэй каціліся колы, па звілістай дарозе цягнік плаўна спускаўся ў даліну, усё ніжэй рабіліся горы, усё далей адыходзілі назад. А вось і раўніна. Эдгар яшчэ раз азірнуўся - горы ўжо толькі ледзь-ледзь цямнелі ўдалечыні, далёкія і недасягальныя, і яму здалося, што там, дзе яны павольна раставалі ў імглістым небе, засталося яго дзяцінства.
Трывожны змрок
Але калі цягнік спыніўся ў Бадэне і Эдгар застаўся адзін на пероне, дзе ўжо гарэлі ліхтары і мігацелі ўдалечыні зялёныя і чырвоныя сігнальныя агні, ён раптам пачаў баяцца стракатых фарбаў блізкае ночы. Удзень ён яшчэ адчуваў сябе ўпэўнена, бо навокал былі людзі, можна было адпачыць, сесці на лаўку або пастаяць перад вітрынай крамы. Але як вытрываць, калі людзі пахаваюцца па дамах, дзе кожнага чакае ложак, мірная гутарка і потым спакойная ноч, а ён, адчуваючы сваю віну, павінен блукаць адзін, чужы для ўсіх? О, толькі б мець дах над галавою, не заставацца болей ніводнай хвіліны пад чужым адкрытым небам - гэта было яго адзінае яснае жаданне.