Выбрать главу

Ён хутка ступаў па добра знаёмай дарозе, не гледзячы па баках, пакуль не падышоў да вілы, дзе жыла бабуля. Віла выходзіла на шырокую прыгожую вуліцу, але была схавана ад позіркаў прахожых абвітай хмелем і плюшчом высокай агароджай саду; за гэтай зялёнай сцяной ярка бялеў прыветлівы старасвецкі дом. Эдгар, як чужы, паглядзеў на яго праз закратаваныя вароты. У доме было ціха, вокны зачынены; відаць, усе - і гаспадары, і госці - пайшлі ў глыбіню саду. Ён ужо ўзяўся за халодную клямку, але раптам - дзіўная рэч - застыў на месцы: тое, што дзве гадзіны таму назад уяўлялася яму такім лёгкім і натуральным, цяпер здалося немагчымым. Як увайсці, як прывітацца, вытрываць усе пытанні і адказваць на іх? Як вынесці іх позіркі, калі ён скажа, што тайком уцёк ад мамы? І як растлумачыць свой жахлівы ўчынак, калі ён сам цяпер не разумее яго? У доме раптам з шумам хтосьці адчыніў дзверы; ім авалодаў неадольны страх, што хто-небудзь выйдзе і ўбачыць яго, і ён кінуўся бегчы, сам не ведаючы куды.

Каля парку ён спыніўся - там было цёмна і, відаць, бязлюдна. Можа, яму там пасядзець на лаўцы і нарэшце, нарэшце адпачыць, супакоіцца і падумаць пра свой лёс? Нясмела ўвайшоў ён у парк. Каля ўвахода гарэла некалькі ліхтароў, у іх святле яшчэ рэдкае маладое лісце адлівала вільготным зеленаватым бляскам, ад якога яму было не па сабе; у глыбіні парку яму прыйшлося спусціцца з узгорка, і ўсё навокал было суцэльнай, душнай, чорнай масай, якая танула ў трывожным змроку ранняй вясенняй ночы. Эдгар баязліва прашмыгнуў міма некалькіх чалавек, якія размаўлялі або чыталі, седзячы пад ліхтарамі. Яму хацелася пабыць аднаму. Але і там, у густым цяні неасветленых прысадаў, ён не знайшоў спакою. Усё было насычана таямнічым шамаценнем і шэптам, ціхім шумам лісця ад подыху ветру, шоргатам далёкіх крокаў, прыглушанай гаворкай, нейкім пажадлівым, млявым, спалоханым стогнам-буркаваннем не то ад людзей, не то ад жывёл, не то ад самой трывожна-соннай прыроды. Тут усё дыхала небяспечнай загадкавай трывогай, якая прытаілася і схавалася, быццам у гэтым лесе пад зямлёю ішло нябачнае браджэнне; можа, прычынай таму была ўсяго толькі вясна, але адзінокі, бездапаможны хлопчык адчуваў страх.

Ён увесь сціснуўся ў куточку лаўкі ў гэтым бяздонным змроку і спрабаваў прыдумаць, што яму расказаць дома. Але думкі выслізгвалі раней, чым удавалася іх злавіць; супраць волі ён усё прыслухоўваўся і прыслухоўваўся да прыглушаных гукаў, да таямнічых начных галасоў. Які жахлівы быў гэты змрок, які трывожны і ўсё ж які загадкава прыгожы! Ці людзі, ці жывёлы, ці толькі прывідная рука ветру ўплятае ў ноч гэты незразумелы шоргат, гэты вабны гул? Ён напружыў слых. Так, вецер варушыць лісце, але ён бачыць цяпер выразна і людзей, яны ідуць са светлага горада, ідуць парамі, абняўшыся, і загадкава знікаюць у змроку. Навошта яны прыйшлі сюды? Ён не мог зразумець гэтага. Яны не размаўлялі, ён не чуў іх голасу, толькі жвір хрусцеў пад нагамі; часам у прасвеце паміж дрэвамі мільгануць два цені, моцна прыціснутыя адзін да аднаго, як у той вечар мама з баронам. Гэтая таямніца, вялікая, ззяючая, наканаваная таямніца была і тут. Вось зноў набліжаюцца крокі, а потым гучыць ціхі смех. Эдгар спалохаўся - як бы яны не заўважылі яго, і яшчэ глыбей схаваўся ў цемры. Але тыя двое, выходзячы з непрагляднага змроку, не бачаць яго. Вось яны, абняўшыся, праходзяць міма, і Эдгар з палёгкаю ўздыхае, але тут іх крокі заміраюць, якраз каля яго лаўкі. Яны прыціснуліся тварам адно да аднаго. Эдгару дрэнна відаць, ён толькі чуе стогн, які вырываецца з вуснаў жанчыны, і гарачы, бязладны шэпт мужчыны. Нейкае салодкае прадчуванне пранізвае спалоханага хлопчыка. Гэтак яны стаяць з хвіліну, потым зноў хрусціць жвір пад нагамі, і паступова хруст растае і замірае ўдалечыні.

Эдгар здрыгануўся, кроў хутчэй і гарачэй пабегла па жылах. І раптам ён адчуў, што не можа болей зносіць адзіноты ў гэтым трывожным змроку; з неадольнаю сілаю ім авалодала цяга да сяброўскага голасу, цёплай ласкі, да светлага пакоя, да людзей, якіх ён любіў. Яму здавалася, што ўся трывожная цемра гэтай заблытанай ночы пранікла ў яго і раздзірае яму грудзі.