Выбрать главу

Ён ускочыў на ногі. Дадому, дадому, толькі б быць дома, у цёплым, светлым пакоі, сярод знаёмых людзей. Зрэшты, што з ім зробяць? Ну, адлупцуюць, аблаюць - нічога яму болей не страшна пасля таго, як ён спазнаў гэты змрок і страх адзіноты.

Ён імчаўся, не адчуваючы пад сабою ног, і вось ён ужо зноў каля вілы, зноў рука яго ўзялася за халодную клямку. Ён бачыў праз зялёны гушчар асветленыя цяпер вокны. Угадваў за кожнаю асветленаю аконнаю шыбаю знаёмы пакой і родных яму людзей. Адна гэтая блізкасць, адна гэтая першая супакойлівая думка, што зараз ён убачыць людзей, якія любяць яго, была ўжо шчасцем. І калі ён яшчэ марудзіў, то толькі таму, што хацеў прадоўжыць радаснае прадчуванне.

Раптам за яго спінаю пачуўся спалоханы, пранізлівы крык:

- Эдгар! Дык вось жа ён!

Бабуліна пакаёўка заўважыла яго раней; яна адразу кінулася да яго і схапіла за руку. Дзверы ў доме адчыніліся, сабака з брэхам скочыў на яго, потым з дому з ліхтарамі выйшлі людзі. Ён пачуў спалоханыя і шчаслівыя галасы, радасную мітусню крыкаў і тупат ног, убачыў, як набліжаюцца знаёмыя постаці. Паперадзе ішла бабуля, працягваючы да яго рукі, а за ёю - ці не сон гэта? - мама. Са слязамі на вачах, дрыжачы, спужаны, стаяў ён сярод гэтага бурнага выбуху ласкі, не ведаў, што рабіць, што сказаць, і сам не разумеў, якое пачуццё валодае ім - страх або шчасце.

Апошні сон

Вось як яно было. Яго ўжо даўно шукалі і чакалі тут. Маці, нягледзячы на ўвесь яе гнеў, устрывожылі шалёныя ўцёкі ўсхваляванага хлопчыка, і яна падняла на ногі ўвесь Зэмерынг. Усе моцна занепакоіліся, узнікалі розныя здагадкі, адна страшней за другую, але тут адзін мужчына ўспомніў, што бачыў хлопчыка каля трох гадзін паблізу станцыйнай касы. Касір адразу сказаў, што Эдгар узяў білет да Бадэна, і маці неадкладна выехала ўслед за ім, спачатку адправіўшы тэлеграмы ў Бадэн і мужу ў Вену, якія выклікалі там немалую трывогу. І вось ужо цэлыя дзве гадзіны, як ішла пагоня за ўцекачом.

Цяпер яго трымалі надзейна, але сіла тут была непатрэбна. З затоеным трыумфам яго ўвялі ў пакой, але, як ні дзіўна, Эдгара не засмуціў паток выказаных яму папрокаў, бо ў скіраваных на яго вачах свяціліся любоў і радасць. Да таго ж гэты прытворны гнеў трываў нядоўга. Потым бабуля зноў са слязамі абдымала яго, ніхто болей не загаворваў аб уцёках, яго акружылі ўвагаю і клопатам. Пакаёўка зняла з яго куртачку і прынесла другую, цяплейшую, бабуля пыталася, ці не галодны ён, ці мо яму яшчэ чаго хочацца; усе навыперадкі дагаджалі Эдгару, а калі заўважылі, што гэта бянтэжыць хлопчыка, пакінулі яго ў спакоі. З асалодаю адчуваў ён сябе зноў дзіцём; ён адрокся быў ад гэтага пачуцця і моцна сумаваў па ім і вось цяпер сарамліва ўспамінаў свой дзёрзкі намер апошніх дзён - прамяняць усе прывілеі дзяцінства на падманлівую радасць адзіноты.

У суседнім пакоі зазвінеў тэлефон. Ён чуў мамін голас, разбіраў паасобныя словы: «Эдгар... вярнуўся... прыязджай... апошнім цягніком», і здзіўляўся, што яна не накінулася на яго, а толькі абняла і неяк дзіўна паглядзела яму ў вочы. Пачуццё раскаяння гаварыла ў ім усё мацней, і з якою ахвотаю ён бы ўцёк ад бабуліных і цётчыных клопатаў і падышоў да мамы, каб папрасіць у яе прабачэння; з поўнаю пакораю ёй адной ён сказаў бы, што хоча зноў быць дзіцём і слухацца яе. Але ледзь толькі ён ціхенька ўстаў, бабуля крыху спалохана спыталася:

- Куды ты?

Ён сарамліва спыніўся. Варта яму паварушыцца, як яны ўжо налохаюцца, баяцца, каб ён зноў не ўцёк. Адкуль ім ведаць, што ніхто гэтак не раскайваецца ў тых уцёках, як ён сам!

Стол быў накрыты, і яму прынеслі наспех прыгатаваную вячэру. Бабуля села побач і не зводзіла з яго вачэй. Яна, цётка і пакаёўка як бы акружылі хлопчыка завесай сардэчнага цяпла і ціхай утульнасці, і ён быў перапоўнены шчаслівым пачуццём супакаення. Яго бянтэжыла толькі тое, што мама чамусьці не ішла ў пакой. Ведай яна, як шчыра ён скарыўся, то, канечне, прыйшла б!

На вуліцы застукалі колы, каля варот спынілася каляска. Усе так захваляваліся, што ўстрывожыўся і Эдгар. Бабуля выйшла, з цёмнага саду пачуліся гучныя галасы, і тут да яго дайшло, што прыехаў тата. Эдгар са страхам заўважыў, што ён зноў застаўся адзін у пакоі; цяпер нават хвіліна адзіноты палохала яго. Тата быў строгі, толькі яго аднаго Эдгар па-сапраўднаму баяўся. Ён прыслухаўся: тата быў яўна ўсхваляваны, гаварыў гучна і сярдзіта. Яму адказвалі заспакойлівыя галасы бабулі і мамы, - відаць, яны спрабавалі змякчыць яго. Але татаў голас заставаўся суровы і цвёрды, цвёрды, як яго крокі, якія гучалі ўсё бліжэй і бліжэй, - яны ўжо ў суседнім пакоі, вось ужо каля самых дзвярэй; моцны штуршок - і дзверы адчыняюцца насцеж.