Эдгараў тата быў вельмі высокага росту. І страшэнна маленькім здаўся сабе хлопчык, калі тата ўляцеў у пакой, разнерваваны і не на жарт узлаваны.
- Як гэта табе прыйшло ў галаву ўцякаць, нягодны ты хлапчук? Як ты асмеліўся так напалохаць маму?
Голас яго гучаў гнеўна, і ён увесь час неспакойна рухаў рукамі. За ім ціха ўвайшла мама. Твар у яе быў засмучаны.
Эдгар не адказваў. Ён хацеў сказаць нешта ў апраўданне; але як растлумачыць, што яго падманулі і адлупцавалі? Ці зразумее тата?
- Ну, чаго ты маўчыш? Што здарылася? Гавары, не бойся. Што-небудзь было не так? Павінна ж быць нейкая прычына ўцёкаў! Цябе хто-небудзь пакрыўдзіў?
Эдгар марудзіў. Успамін аб тым, што было, зноў абудзіў у ім гнеў, ён ужо гатовы быў усё расказаць. І тут ён убачыў - сэрца ў яго замерла, - што мама за татаваю спінаю падае яму нейкія таямнічыя знакі. Ён іх спачатку не зразумеў. Але тут яна паглядзела на яго, і ён прачытаў у яе вачах просьбу. Ціха, вельмі ціха яна падняла руку і прылажыла палец да вуснаў - знак маўчання.
І тут хлопчыка ахапіла вялізнае пачуццё шчасця. Ён зразумеў, што яна просіць яго не адкрываць таямніцу і што ад слоў, якія сарвуцца з яго дзіцячых вуснаў, залежыць яе лёс. Усю істоту яго пранізала шалёная радасць, ён сябе не помніў ад гордасці: мама давяралася яму. Ён раптам захацеў ахвяраваць сабою, перабольшыць сваю віну - тады яна ўбачыць, што на яго можна разлічваць, як на дарослага. Ён сабраўся з сіламі:
- Не, не... не было ніякай прычыны. Мама была вельмі добрая да мяне, а я не слухаўся, я дрэнна сябе паводзіў... і вось... вось я ўцёк, я баяўся.
Бацька здзіўлена паглядзеў на яго. Ён чакаў усяго, толькі не гэтага прызнання. Гнеў яго крыху астыў.
- Гэта добра, што ты сам шкадуеш. Не будзем цяпер болей гаварыць пра гэта. Я бачу, што ты ўсё як след сам абдумаў. Глядзі, каб гэтага болей не было.
Ён памаўчаў, гледзячы на сына. Голас яго памякчэў.
- Які ты бледны! Але, здаецца мне, ты падрос. Спадзяюся, ты болей не будзеш рабіць такога глупства; ты ж ужо не маленькі, пара б і паразумнець.
Эдгар увесь час глядзеў на маму. Яму здалося, што нешта бліснула ў яе вачах. Ці гэта проста водбліск лямпы? Не, сапраўды, штосьці блішчыць там, вільготнае і светлае, а на вуснах гуляе ўдзячная ўсмешка. Потым яго паслалі спаць, але ён не засмуціўся, ён нават рады быў застацца адзін, яму ёсць аб чым падумаць, - столькі ў яго новых і розных уражанняў. Усе непрыемнасці апошніх дзён забыліся, ён поўнасцю быў пад уладаю першай у яго жыцці сапраўднай прыгоды, і сэрца соладка замірала ад прадчування будучых падзей. За акном у начным змроку шумелі дрэвы, але страху ў яго ўжо не было. Уся трывога знікла з таго часу, як ён даведаўся, якое багатае жыццё. Сёння ён упершыню ўбачыў рэчаіснасць у непрыкрытым выглядзе, без тысячы падманаў дзяцінства, адчуў яе непаўторную небяспечную прыгажосць. Ён ніколі не думаў, што дні могуць быць так запоўнены горам і шчасцем, і цешыў сябе думкаю, што наперадзе яго чакае шмат такіх дзён, цэлае жыццё, якое прынясе яму яшчэ не адну загадку. Сёння ён упершыню цьмяна ўгадаў, якое разнастайнае жыццё, упершыню, здавалася яму, ён зразумеў чалавечую прыроду, зразумеў, што людзі адчуваюць патрэбу адзін у другім - нават калі лічаць сябе ворагамі - і што ў глыбіні душы прыемна, калі цябе любяць. Ён ні аб чым і ні пра каго не мог думаць з нянавісцю, ні ў чым не раскайваўся, і нават для барона, для гэтага спакусніка, лютага свайго ворага, у яго знайшлося новае пачуццё ўдзячнасці; бо гэта ён адкрыў перад ім дзверы ў свет першых перажыванняў дарослага жыцця.
Было прыемна і радасна ляжаць у цемры і аддавацца думкам, якія ўжо зліваліся са сном; яшчэ хвіліна - і ён бы заснуў. Але тут яму здалося, што адчыніліся дзверы і нехта ціхенька ўвайшоў у пакой. Спачатку ён не паверыў сабе і не падняў пацяжэлых ад дрымоты павекаў. Але вось чыёсьці цёплае дыханне дакранулася да яго твару, і ён зразумеў, што гэта мама. Яна цалавала яго і ласкава гладзіла па галаве. Ён адчуваў яе пацалункі і яе слёзы; адказваючы на ласку, ён прымаў яе як знак прымірэння і ўдзячнасці за яго маўчанне. Толькі пазней, праз шмат гадоў, ён зразумеў, што гэтыя нямыя слёзы былі абяцаннем жанчыны на парозе старасці належаць толькі яму, свайму дзіцяці, зразумеў, што гэта была адмова ад сябелюбівых жаданняў, развітанне з надзеяй на палкае пачуццё. Ён не ведаў, што яна яму ўдзячна і за тое, што ён выратаваў яе ад непатрэбнай ёй цяпер прыгоды, і што, абдымаючы яго, яна завяшчала яму на ўсё будучае жыццё горкі і салодкі цяжар свае любові. Усяго гэтага хлопчык не разумеў тады, але ён адчуваў, што няма большага шчасця, чым быць любімым, і што мамінаю любоўю ён ужо далучыўся да вялікай тайны на свеце.