Выбрать главу

Трыа

Баронаў план, як высветлілася праз некалькі гадзін, аказаўся выдатным і ўдаўся на ўсе сто працэнтаў. Калі малады барон - наўмысна з некаторым спазненнем - увайшоў у сталовую, Эдгар ускочыў з крэсла, старанна прывітаўся і са шчасліваю ўсмешкаю памахаў яму рукою. Потым ён пацягнуў маці за рукаў, пачаў хутка і ўсхвалявана штосьці шаптаць ёй і ківаць на барона. Яна чырванела і саромелася, дакарала яго за празмерна шумныя паводзіны, але была вымушана ўступіць настойліваму хлопчыкаваму жаданню і зірнуць у бок барона, які адразу выкарыстаў гэта, каб пачціва пакланіцца. Знаёмства адбылося. Ёй прыйшлося адказаць на яго паклон, але потым яна нагнулася над талеркаю і праз увесь абед больш ні разу не паглядзела на барона. Іначай паводзіў сябе Эдгар, які ўвесь час паглядваў на яго і раз нават паспрабаваў загаварыць з ім цераз стол, але гэта была ўжо яўная непрыстойнасць, і маці зараз жа зрабіла яму строгае ўнушэнне. Пасля вячэры яна загадала хлопчыку ісці спаць, але ён пачаў шаптацца з ёю, відаць, горача прасіў дазволу падысці да суседняга століка, каб развітацца са сваім сябрам, і нарэшце атрымаў яго. Барон сказаў яму некалькі ласкавых слоў, ад якіх хлопчыкавы вочы зноў заззялі, і хвіліны дзве балбатаў з ім. Раптам барон устаў і, павярнуўшыся зграбным рухам да суседняга стала, павіншаваў крыху збянтэжаную маці з такім разумным, развітым сынам, упамянуў аб задавальненні, якое прынесла яму ранішняя прагулка - Эдгар стаяў тут жа, увесь чырвоны ад гордасці і шчасця, - і ў заключэнне пачаў распытваць пра яго здароўе так клапатліва і падрабязна, што яна не магла не адказваць. Непрыкметна распачалася доўгая гутарка, да якой хлопчык прыслухоўваўся неяк пачціва, ззяючы ад шчасця. Барон адрэкамендаваўся, і яму здалося, што яго прозвішча і тытул пацешылі яе самалюбства. Ва ўсякім разе, яна была вельмі ласкавая з ім, хоць і стрыманая, і нават рана развіталася, ветліва спаслаўшыся на тое, што хлопчыку пара спаць.

Эдгар запратэставаў, ён горача запэўніваў, што зусім не стаміўся і гатовы прасядзець усю ноч, але маці ўжо працягнула барону руку; той пачціва пацалаваў яе.

Хлопчык дрэнна спаў у гэтую ноч. Дзесьці ў глыбіні душы радасць пераблыталася з дзіцячаю роспаччу. Нешта новае ўвайшло сёння ў яго жыццё. Упершыню ён далучыўся да жыцця дарослых. У паўсне ён забываў свой узрост, і яму здавалася, што ён і сам ужо не хлопчык. Дагэтуль ён рос адзінокім, хваравітым дзіцём, сяброў у яго было мала. Каб задаволіць патрэбу ў ласцы, ён мог звяртацца толькі да бацькоў, якія мала ім цікавіліся, ды яшчэ да слуг. Сілу пачуцця нельга вымераць толькі яго непасрэднаю прычынаю і не браць пад увагу тую змрочную паласу тугі і адзіноты, якая папярэднічае ўсім вялікім падзеям у жыцці сэрца. Хлопчыка даўно мучыў вялізны цяжар нерастрачаных пачуццяў, і цяпер ён стрымгалоў кінуўся ў абдымкі першаму, хто здаўся яму вартым гэтага пачуцця. Эдгар ляжаў у цемры, усхваляваны, шчаслівы, яму хацелася смяяцца, але з вачэй цяклі слёзы, бо ён любіў гэтага чалавека, як ніколі не любіў ні сябра, ні таты, ні мамы, ні нават бога. Усім сваім дзіцячым, недасведчаным сэрцам ён імкнуўся да таго, чыё імя ўпершыню пачуў дзве гадзіны таму назад.

Але хлопчык ён быў разумны, і яго не збянтэжыла нечаканасць гэтага дзіўнага новага сяброўства. Мучыла яго другое: усведамленне ўласнай нікчэмнасці. «Ці варты я яго, я, дванаццацігадовы хлопчык, якому яшчэ доўга хадзіць у школу, якога раней усіх адсылаюць спаць? - пакутліва дапытваўся ён у самога сябе. - Кім я магу быць яму, што я магу яму даць?» Менавіта гэтае пакутліва ўспрынятае ім пачуццё непаўнацэннасці, бяссілле паказаць сваю любоў даводзіла яго да роспачы. Звычайна, калі яму падабаўся хто-небудзь з таварышаў, ён перш за ўсё дзяліўся з ім скарбамі, схаванымі ў парце: паштовымі маркамі або каменьчыкамі, але ўсе гэтыя дзіцячыя каштоўнасці, якія яшчэ ўчора здаваліся яму прывабна-неацэннымі, цяпер адразу пабляклі, пацьмянелі і страцілі сваю цікавасць у яго вачах. Ці мог ён прапанаваць іх новаму сябру, да якога нават не асмельваўся звяртацца на «ты»? Ці ёсць шлях, ці ёсць магчымасць выказаць яму свае пачуцці? Усё мацней пакутаваў ён ад усведамлення ўласнае нясталасці, усведамлення таго, што ён яшчэ толькі паўчалавека, толькі дванаццацігадовае дзіця; ніколі не праклінаў ён гэтак бурна свой дзіцячы ўзрост, ніколі не адчуваў такой прагі прачнуцца другім, такім, якім бачыў сябе ў марах: вялікім і моцным, мужчынам, такім, як і ўсе дарослыя.

У гэтыя трывожныя думкі ўпляталіся хуценька першыя светлыя мары аб новым свеце дарослага мужчыны. Эдгар нарэшце заснуў з усмешкаю на вуснах, але ўспамін аб заўтрашнім спатканні рабіў яго сон неспакойным. Ён баяўся спазніцца і ўскочыў з ложка ўжо ў сем гадзін, хуценька адзеўся, зайшоў павітацца з мамаю ў яе пакой, чаму яна вельмі здзівілася, бо звычайна ёй з цяжкасцю ўдавалася падняць яго з ложка, і, не даўшы ёй магчымасці папытацца яшчэ пра што-небудзь, пабег уніз. Да дзевяці гадзін ён сноўдаўся там, поўны нецярпення, забыўся пра снеданне; яго займала адна думка - каб толькі ён не прымусіў чакаць свайго сябра.