Выбрать главу

- Дык ты нічога не бачыш, Якубе?

- Нічога.

- І мяне не бачыш?

- І цябе не бачу.

- І сонейка яснага не бачыш?

- Адчуваю, як яно свеціць, як грэе, а бачыць- нічагутанькі не бачу...

- Ты ж не стукнуў нічым у вочы, яны ў цябе не выбалелі, ніякай хваробы звонку на іх няма. Значыцца, у іх набралася цёмная вада. Квіта. Ніякай зёлкай, ніякай замовай памагчы нельга.

- Дзякую і на тым, на тваёй спагадзе і добрым слове.

Пасля таго прадзед папрасіў свайго сына Тодара, каб ён прапаліў лазню. Хоць яе палілі два дні таму назад, але сын, ні слова не сказаўшы бацьку, зрабіў усё паводле ягонага загаду. Папрасіў прадзед сына:

- Звадзі ты мяне, сыночак мой адзіны, у лазню і памый ты мяне ў апошні раз...

Сын ледзь не самлеў.

- Татачка родны, што ты такое кажаш? Аж слухаць страшна...

- А ты не страшся, сынок. Я памру праз малы час. Жыць дармажэрцам я не буду, а працаваць больш - не магу...

Сын зноў яму:

- Тата, мілы! Зямлі ў нас валока. Я ў цябе адзін. Усё, што ў нас ёсць - запрацавана тваімі рукамі, усё - тваё. Нават каб ты яшчэ такое жыццё пражыў не працуючы, табе ўсяго хопіць. Апрача таго, ты ж можаш, - калі табе схочацца, выйсці памаленьку з хаты і кійком па плоце пастукаць, курэй папужаць, дык і то будзе работа не малая. Ды ці мала чаго ты здолееш рабіць. А самае галоўнае - што ты будзеш мне добрыя парады даваць, а гэта - даражэй усякай работы...

Заладзіў прадзед адно:

- Гэта ўсё не тое, гэта ўсё не для мяне, не хачу дармажэрцам на свеце жыць...

Памыўся ў лазні, апрануў чыстую кужэльную кашулю, нагавіцы, лёг на свой ложак і не стаў ні піць, ні есці. Як яго прасілі, як яго малілі - кленчылі перад ім, не ўзяў ні кроплі вады, ні крошачкі хлеба. На шостыя суткі стары Якуб аддаў богу сваю душу. Але, як растлумачыў манькаўскі поп: «Бог душу старога Якуба не прыняў ні ў рай, ні ў пекла не накіраваў, бо, паводле царкоўнага закону, ён - самагубца». А з гэтае прычыны поп не дазволіў хаваць нашага прадзеда на манькаўскіх могілках, пры царкве. Быў ён пахаваны ў канцы вёскі Агароднікі, пры выездзе з вёскі завулкам на так званае Пралле, куды бабы насілі і вазілі праць бялізну. Над ягонай магілкай стаяў высокі дубовы крыж. На тым месцы былі калісьці Агародніцкія старыя могілкі. Людзі казалі, што стары Якуб не мае сабе прытулку на тым свеце і ходзіць па зямлі, але, зразумела, нікому ніякай крыўды не робіць па смерці, як не рабіў яе нікому і пры жыцці. Казалі яшчэ мне, што быў ён дужа мудры, ведаў назву кожнай зоркі на небе і мог вызначаць час, у які трэба сеяць тое ці іншае збожжа...

Як маленькі сабачка вялікую справу зрабіў

Мая маці нарадзілася ў маленькай вёсачцы Язы, паміж Варанцом і Шабанамі. У вёсачцы было ўсяго пяць-шэсць хатак, стаялі яны, як засценачкі, - наводдаль адна ад адной. Зямлі ва ўсіх гаспадароў было таксама мала. Але затое ўсе малазямельныя сяляне мелі па надзелу возера Доўжа. Гэта значыцца, толькі яны мелі права лавіць на той дзялянцы возера рыбу сеткамі. У дзеда, Янкі Гайдуковіча, пры доме быў яшчэ сад, былі пчолы. Адно да аднаго, а тут яшчэ лес панскі блізка зусім - вось і жылі не кепска. А сям'я не малая - пяць дачок ды сын. Толькі сын, вывучаны на ўсе апошнія сродкі сям'і, памёр у Пецярбурзе, захварэўшы на сухоты. Старэйшая дачка была замужам. Астатнія дзяўчаты - на выданні. Усе яны былі дужа працавітыя: і ткаць, і сеткі вязаць, і ў полі, і ў агародзе... І вось, як гэта вялося з пракон веку, напралі-наткалі дзяўчаты кожная сабе, у свой кубел, рознай ільняной тканіны на пасаг. Кублы стаялі ў невялічкім свірне, у садочку, зусім блізенька ад хаты, але як бы праз вулачку, якой пад'язджалі да гумна, да хлява. Самае каштоўнае сямейнае дабро таксама трымалі ў свірне.

У той жа час быў у іх маленькі сабачка. Узялі яго шчанючком у нейкім панскім двары. Пакаёвага тыпу сабачка. Ні брэху з яго гучнага не было, ні ўкусіць, каб і трэба, нікога не здолеў бы, але дужа разумны. Навучыўся ён, ці сам, ці дзяўчаты прывучылі, у выпадку якой небяспекі не гаўкаць, а станавіцца на прызбу і лапкамі ў абалонку барабаніць. Падыходзіць хто чужы - сабачка адразу і пачынае барабаніць лапкамі. У хаце ўжо ведаюць, што нехта чужы да брамы падышоў. Праўда, і есці захацеўшы, таксама барабаніў. Аднойчы, увосень, калі ночы зімныя, цёмныя, неяк перад раніцай пачаў сабачка ў акно барабаніць. Бабуля прачнулася ды і кажа дзеду:

- Янка, устань, нешта сабачка ў акно барабаніць.

А той, угрэўшыся, не хоча ўставаць.

- Ат, кажа, глупства. Замёрз, у хату просіцца.

Праз пару хвілін будзіць зноў дзеда бабуля:

- Янка, устань! Ніколі так не было. Ну проста безупынна барабаніць па абалонцы.

З неахвотай, але дзед устаў, падышоў да акна і ледзьве не самлеў: «Людцы добрыя!» Стаяць у яго на панадворку дзве фурманкі, свіран адчынены, а нейкія два чалавекі кублы са свірна выносяць ды на фурманкі грузяць.

А дзед з маладосці - ляснік. У яго была добрая стрэльба. Вісела гэтая стрэльба над ложкам і набоі пры ёй гатовыя. Хапіў дзед стрэльбу ды праз фортку, не прыкладваючыся, і стрэліў. А на гары, пад раніцу, дык нібыта з гарматы выбух атрымаўся. Тыя зладзеі добра такі напалохаліся і - наўцёкі, пакінуўшы свае фурманкі. Ад такога грукату і ўся сям'я прачнулася ды ўголас, ды на панадворак. Коні тыя адразу адпрэглі, завялі ў хлеў, кублы пазаносілі ў сені, і ніхто заснуць не можа. Як развіднела, пайшлі коні глядзець. Аднаго каня дакладна пазналі, чый, з якой вёскі. Другі, - відаць, дальні нейкі. І вось, калі добра дзень раскрыўся, з'яўляецца ў хату гаспадар пазнанага каня.

- Даруй, кажа, Янка! Я невінаваты, нячыстая сіла мяне змусіла...

Падумаў, падумаў дзед - заяві, падай у суд, дык яшчэ больш звыдаткуеш, чым яны меліся ўкрасці. А калі іх засудзяць - дык хто з іхніх сяброў прыйдзе ды падпаліць... Заціснуўшы сваю крыўду, пасварыўся, пасварыўся ды аддаў і коні, і фурманкі.

Вось вам і маленькі сабачка...