З неахвотай, але дзед устаў, падышоў да акна і ледзьве не самлеў: «Людцы добрыя!» Стаяць у яго на панадворку дзве фурманкі, свіран адчынены, а нейкія два чалавекі кублы са свірна выносяць ды на фурманкі грузяць.
А дзед з маладосці - ляснік. У яго была добрая стрэльба. Вісела гэтая стрэльба над ложкам і набоі пры ёй гатовыя. Хапіў дзед стрэльбу ды праз фортку, не прыкладваючыся, і стрэліў. А на гары, пад раніцу, дык нібыта з гарматы выбух атрымаўся. Тыя зладзеі добра такі напалохаліся і - наўцёкі, пакінуўшы свае фурманкі. Ад такога грукату і ўся сям'я прачнулася ды ўголас, ды на панадворак. Коні тыя адразу адпрэглі, завялі ў хлеў, кублы пазаносілі ў сені, і ніхто заснуць не можа. Як развіднела, пайшлі коні глядзець. Аднаго каня дакладна пазналі, чый, з якой вёскі. Другі, - відаць, дальні нейкі. І вось, калі добра дзень раскрыўся, з'яўляецца ў хату гаспадар пазнанага каня.
- Даруй, кажа, Янка! Я невінаваты, нячыстая сіла мяне змусіла...
Падумаў, падумаў дзед - заяві, падай у суд, дык яшчэ больш звыдаткуеш, чым яны меліся ўкрасці. А калі іх засудзяць - дык хто з іхніх сяброў прыйдзе ды падпаліць... Заціснуўшы сваю крыўду, пасварыўся, пасварыўся ды аддаў і коні, і фурманкі.
Вось вам і маленькі сабачка...
Ідучы з сякерай лесам, дзядуля заўважыў, што нешта каляровае каля дупла мільганула. Падышоўшы бліжэй, ён, не перакладаючы сякеры з правай рукі ў левую, засунуў у дупло менавіта левую руку.
Чуе, што нехта або нешта нібыта абцугамі сціснула яму сярэдні палец і пачало грызці. Напалохаўшыся, ён борзда пацягнуў руку к сабе, з дупла. За рукой пацягнулася і вялікая птушка, у якой, толькі крыху пачакаўшы, ён распазнаў жаўну. А спярша яна здалася яму нейкім пачварным, пякельным стварэннем. Дзядуля пачаў трэсці рукой, каб птушка выпусціла ягоны палец. А яна - ніяк. Мабыць, са страху і сама не можа разявіць дзюбу. Не падумаўшы, што ён робіць, дзед падбег да пня ды сякерай і даў па птушынай дзюбе. Адсек палову дзюбіка, а разам з ім і канец свайго сярэдняга пальца.
Пра гэта ён нам ніколі не расказваў. Але аднойчы ішлі мы разам з ім лесам і адзін з нас палез рукой у дупло, каб праверыць, што там ёсць. Тады дзядуля і паказаў нам левую руку:
- Бачыце? Быў такі цікаўны, як вы цяпер. Вось і палец пакалечыў. Не раіў бы і вам без дай прычыны лезці са сваёй рукой туды, куды вас не просяць...
Зразумела, розныя бываюць дуплы, і не ў кожным абавязкова сядзіць жаўна. Здараецца, што і на змяю натрапіш...
Бацька мой, калі б я ў яго пра што ні пытаўся, ніколі не адмаўляўся даць адказ. Магчыма, таму, што пытанні мае былі простыя, нескладаныя.
Асабліва багата пытанняў я даваў яму, калі мы з ім бывалі ў лесе ці на балоце. Пытаўся я тут пра ўсё: пра жыццё звяркоў і птушак, пра паасобныя расліны, пра тое, якую яны людзям прыносяць карысць. Сам ён, не чакаючы маіх пытанняў, паказваў шкодныя расліны, папярэджваў не чапаць іх рукамі, не есці ніколі. Нягледзячы на тое, што я параўнаўча быў малы, бацькавы тлумачэнні засталіся ў маёй памяці да сённяшняга дня. Чытаючы ў пазнейшыя гады навуковыя, спецыяльныя творы, я знаходзіў, зразумела, непараўнана больш грунтоўныя тлумачэнні, але самы асноўны сэнс мне быў вядомы. Вось некалькі прыкладаў.
Ідзём мы і бачым штабель сасновых бярвенняў. Па бярвенні ходзяць местачковыя козы і абдзіраюць падкоркавы слой, кашульку белага колеру, ды са смакам ядуць яе. Я пытаюся, няўжо яны галодныя, што ядуць дрэва. Бацька мне тлумачыць, што ў галодныя гады людзі адмыслова нарыхтоўвалі гэты падкоркавы слой сасны, сушылі, таўклі або малолі і выпякалі з яго хлеб. І хлеб не такі ўжо кепскі і водар дужа прыемны. Пазней я прачытаў, што з гэтага матэрыялу ў заводскім маштабе пачалі здабываць... ванілін. Вось адкуль той водар!
Ідзём мы праз балота. Бачым - стрэлкаліст. Не паленаваўся бацька, дастаў пару раслін, паказаў мне корань, а на ім - як невялічкія бульбінкі, велічынёй з лясны арэх.
- Пакаштуй, - кажа бацька. - Гэтыя бульбінкі можна есці нават сырыя...
Чытаю шмат пасля, што па-за межамі нашай краіны некаторыя народы да сённяшняга дня выкарыстоўваюць гэты караняплод у сваім меню, сушаць яго, нарыхтоўваюць рознымі спосабамі для зімы... І багата, багата каштоўных раслін, дзікарослых, паказваў мне мой бацька... Яго тлумачэнні не былі вынікам якой-небудзь ягонай асабістай мудрасці. Яны былі вынікам вопыту папярэдніх пакаленняў нашага народа, шматгадовых назіранняў, вынікам дасягненняў, да якіх наш народ прыходзіў вобмацкам у цяжкія перыяды свайго жыцця.