Выбрать главу
Ай, чорт!

Бацька са сваім суседам хадзіў час ад часу ў рыбу. Лавілі брэднем, так званым трайніком. Трэцім яны бралі мяне. Хоць гадоў мне не так многа, але ростам я быў роўны з суседам. Апрача таго, умеў добра плаваць. Калі брэдзень заводзілі на глыбіню, я, стоячы за дзяда, мог лёгка праплысці за сваім колікам і не ўпусціць рыбу. У рыбу мы хадзілі выключна звечара і да дванаццатай гадзіны ночы. Сусед быў перакананы, што а дванаццатай гадзіне ночы выходзіць з розных сховішчаў уся нячыстая сіла: вадзянікі, русалкі, ведзьмы, - і лепш з імі не сустракацца.

Пайшлі мы аднойчы ў князеўскую раку, што цячэ ад нашых Стажкоў цераз лугі, якія называюцца Сутокі.

Заходзілі мы са сваёй прыладай ціха, лішне не боўталіся, каб не палохаць рыбу. Лавілася добра. Пудовыя торбы, якія віселі цераз плячо ў кожнага, былі напалову запоўненыя лінямі, язямі, акунямі. А час набліжаўся да поўначы. Сусед ужо разы са два нагадваў пра гэта. Бацька, жартуючы, адказваў, што сёння нячыстая сіла выйдзе на гадзіну пазней, бо так у іх гадзіннік паставіў п'яны загармістар, местачковы гадзіннікавы майстар. Бацька прапанаваў абавязкова зайсці ў затончык, увесь бераг над якім быў закрыты алешнікам.

Ціхенька-ціхенька абышлі мы затончык, развёўшы крылы брэдня, і пачалі іх сціскаць, падводзіць адно да аднаго. У гэты момант паміж крыламі ўзняўся такі лопат, такі гармідар, затрубілі нейкія трубы, можна было напалохацца і вельмі смеламу чалавеку, які ні ў якую нячыстую сілу не верыць. Сусед жа напалохаўся страшэнна, што я і адчуў па крылу, якое пачало віхляцца ва ўсе бакі. У гэты момант мне ў карму нешта стукнула. Я, не пускаючы свайго дзяда, мацнуў рукою і трапіў на нейкія кіпцюры. Не думаючы доўга, выгукнуў:

- Ай, чорт!

Сусед адразу кінуў сваё крыло, якое ледзь паспеў перахапіць тата, выскачыў з вады на бераг і адтуль падаў голас:

- Няхай яна затоне такая рыба! Даўно трэба было канчаць!

Тым часам я абмацваў рукою пад вадой сваю здабычу. Урэшце спавясціў:

- Не, гэта не чорт, а качка.

Сусед тады бултых з берага ў ваду ды пытаецца:

- Адна? А як жа мы будзем дзяліць?

Я засмяяўся:

- Ніяк! Вы ж адмовіліся ад яе.

Так і выйшла: рыбу мы падзялілі на тры часткі, а качку я аднёс дадому.

Была гэта не старая качка, а качанятка. Мама падрэзала яму крыльцы. Пасядзела качанятка колькі дзён у хаце. Пачало адразу свойшчыцца, звыкаць да людзей. Маці стала выпускаць яго на панадворак да курэй, да гусей. Так яно і жыло ў нас да самай восені. Сусед, праўда, некалькі разоў пытаўся, калі будзем дзяліць качку, але я адмаўляўся. А тут пачалі ляцець птушкі ў вырай: журавы, гусі, качкі... Калі паляцелі качкі, закрычалі з неба, наша Шэрачка, - так мы яе звалі, - спачатку пачала бегаць па дварышчы, тыкаючыся ў плот, у сцены, а пасля ўзнялася на крылле, бо яно адрасло за які месяц, і падалася да чарады. Мы ўсе стаялі і глядзелі, як Шэрачка знайшла сваіх сябровак у бясконцым небе. Мама наша сказала:

- Свеце мілы! Як свой да свайго горнецца, як воля вабіць усіх... Здаецца, чаго ёй у нас не хапала, не крыўдзіў ніхто, але ж не - там лепей...

Вясною, калі з выраю птушкі ляцелі, адна качка разы са два над нашай хатай пракружылася. Можа, хворая якая, а можа, і наша Шэрачка прызасталася прывітаць нас. Хто ж цяпер скажа...

Што расце на жабінай скуры?

У ліку дзвюх найлепшых школ дарэвалюцыйнай Віленшчыны была Мядзельская. Дзякуючы шчасліваму збегу сямейных акалічнасцей, давялося і мне два гады вучыцца ў гэтай школе. Усе прадметы ў чацвёртым і пятым класах вывучаліся паводле гімназічных падручнікаў. Асабліва матэматыка і прыродазнаўчыя навукі. Усе вучні імкнуліся вучыцца як мага лепш, не заставацца ззаду ад сваіх сяброў. Кожны марыў аб тым, каб пасля гэтае школы пайсці вучыцца далей. Ва ўсякім разе ўсім было добра вядома, што век непісьменных скончыўся. Усюды, куды не паткнешся, перавагу аддавалі пісьменным людзям. Адзін іраз на год, звычайна вясной, прыязджаў у школу з Вілейкі, з нашага павятовага горада, інспектар. Такімі інспектарамі былі збольшага настаўнікі гарадскога чатырохкласнага вучылішча. Былі яны людзі добра адукаваныя, паканчалі настаўніцкія інстытуты або ўніверсітэты. Насілі настаўніцкую форму: сінія сурдуты з пятліцамі і залатымі гузікамі. Для нас, вясковых дзяцей, якія не бывалі далей свайго мястэчка, не бачылі ні чыгункі, ні, тым больш, аўтамашын, а начальства бачылі толькі на пошце - прыезды інспектара былі вялікай падзеяй. Усе хваляваліся: у такія прыезды строга правяраліся і нашы веды.

Вясной 1914 года стала вядома ў нашай школе, што да нас едзе інспектар і будзе дакладна праз два дні. Перад гэтым была праведзена вялікая падрыхтоўка, а больш правільна сказаць - праверка. Наш настаўнік бегла сам экзаменаваў усіх вучняў і па ўсіх прадметах. Здавалася, што ведаем мы ўсю праграму на «выдатна». Настаўнік нас папярэдзіў, каб мы не палохаліся, бо ў выпадку чаго сорамна будзе яму, настаўніку. Школу прыбралі, аздобілі зелянінай. Урэшце інспектар прыехаў. Быў гэта вельмі вясёлы, жвавы, малады яшчэ чалавек. Правяраў ён нас нават з меншай прыдзірлівасцю, чымсьці наш настаўнік. Спачатку мы крыху хваляваліся, а пасля другога ўрока асвойталіся і адказвалі дужа добра і спакойна. Інспектар не ўтрымаўся, каб не сказаць пра ўсё добрае ў нашай прысутнасці. Такое бывае рэдка.