Я, сціпла стоячы збоку, выціраў кулаком слёзы. Такое гора! Такая жудасная карціна! Антосеў твар стаў белы, як крэйда найлепшых гатункаў. Толькі пад вачамі ў яго стаіліся чорна-сінія паўкружжы. Рукамі ён ірваў на сабе кашулю, ляскаў зубамі, падкідваў ногі аж да галавы, нібыта збіраючыся перакуліцца праз галаву, як гэта мы рабілі не раз. Пасля зноў, бы зваліўшыся з высокай званіцы, выпростваўся і ціха стагнаў. А людзі прыходзілі і выходзілі. Прыходзілі выказаць сваё спачуванне матцы, хоць якім добрым словам памагчы беднаму хлопцу.
І вось адчыніліся дзверы для чарговай візітацыі. Прыйшла старая бабулька з сям'і, у якой было прозвішча - Звяругі, але дзе былі ледзьве не самыя лепшыя людзі ва ўсім мястэчку. Пастаяўшы пару хвілін каля Антося, яна раптам парушыла ўвесь урачысты ход развітання з ім і голасна сказала:
- Ды замоўкніце вы са сваімі літаннямі. Яны тут зусім не патрэбны. У яго рабакі. Дайце яму бярозавага дзёгцю. Ад сэрца і адыдзе.
Збянтэжаныя кабеты паспрабавалі не згадзіцца са старой.
- Усе дактары сказалі, што ў яго страшная хвароба - «інкогніта», а ты са сваім дзёгцем лезеш.
- Кажу вам, што ў яго рабакі. Яны пад сэрца і пруць...
Далі Антосю дзёгцю пад нос, не пашкадавалі і ў рот наліць. Паляжаўшы пару хвілін - як скочыў наш хворы, ды ў кухню...
Смерць некуды збегла, ніхто яе і не бачыў. Павыносілі падсвечнікі, пагасіўшы і сабраўшы грамніцы. Адсунулі да сцяны тапчан. А па абедзе мы з Антосем плылі праз Мястру ад Старога да Новага Мядзела...
Кажуць, што адна лыжка дзёгцю псуе бочку мёду. Не ведаю, не каштаваў такога мёду. Але што адна лыжка дзёгцю падняла хворага з ложка - бачыў на ўласныя вочы. І жыў ён хто ведае колькі...
У Мядзеле ў 1913 годзе мне давялося ўпершыню пазнаёміцца з вялікай колькасцю падпольнай, рэвалюцыйнай літаратуры, якая збольшага была надрукавана ў 1905-1906 гадах, у часе першай расейскай рэвалюцыі. Гэта часопісы, лістоўкі-пракламацыі, адозвы, плакаты. Яны прыцягвалі ўвагу не толькі зместам сваім, але і вонкавым выглядам. Многія з іх былі надрукаваны чырвонай фарбай, многія - сіняй.
Як жа яны трапілі ў Мядзела? Родны дзядзька Антося Слабковіча жыў у Пецярбурзе і працаваў там нейкім дробным службоўцам у акруговым судзе, дзе разглядаліся справы заарыштаваных рэвалюцыянераў. Пасля судоў рэчавыя доказы - крамольная літаратура - складваліся ў архіў. Маючы доступ да архіва, гэты дзядзька паступова напакаваў палітычнай літаратурай цэлы чамадан і прывёз яе ў Мядзела. Што яна была ўзята менавіта з архіва - сведчылі пячаткі. Яны стаялі на кожным выданні.
Якімі меркаваннямі кіраваўся дзядзька пры гэтым, я не магу ўявіць сабе і сёння. Пакінуў ён літаратуру на гарышчы дома. Антось узяў яе пад сваю руку. Мы з сябрам перабіраліся на чаўне на востраў на возеры Мястра, супраць Новага Мядзела, на Замак, як яго называлі тады. Там, лежачы ў зацішку, разглядвалі і чыталі тыя выданні. Самае вялікае ўражанне на нас зрабіла карыкатура на цара Мікалая II, які ў вельмі смешным выглядзе сядзеў на троне. А на другім выданні была намалявана піраміда, на ёй - царская ўлада: жандармерыя, паліцыя, папы, манахі, розныя падпанкі і, нарэшце, на самым версе царскі трон і сам цар. Ды ці мала было такіх карыкатур!
На многіх лістоўках надрукавалі тэксты рэвалюцыйных вершаў і песень. Некаторыя з іх мы пазавучвалі на памяць. У адным вершы пра двухгаловага арла быў рэфрэн:
Я нашел, друзья, нашел,
Кто виновник бестолковый
Наших бедствий, наших зол:
Виноват во всем гербовый,
Двуязычный, двухголовый,
Всероссийский наш орел...
Пазней, у студэнцкія гады, я даведаўся, што гэты верш склаў вядомы паэт В.С.Курачкін, славуты перакладчык твораў Беранжэ на расейскую мову...
Антось быў старэйшы ад мяне гады на два і даваў мне свае тлумачэнні да многіх малюнкаў і тэксту, - напэўна яны не мелі кніжнага бляску, але змест іх быў дужа жыццёвы...
У далейшым Антось паказваў некаторыя часопісы рыбакам з вёскі Качэргі, у якой быў ягоны родзіч. І вось, відаць, там знайшоўся нейкі даносчык, які паінфармаваў аднаго прадстаўніка мясцовай улады. Той папярэдзіў нашых бацькоў:
- Пільнуйцеся! Вашыя дзеці «красныя» часопісы цягаюць! Дазнаецца прыстаў - будзе кепска!
Пасля гэтага мы свой набытак - рэвалюцыйную літаратуру больш нікому не паказвалі.