- Усё, кажа, дужа добра. Паперы таксама добрыя. Але бяда ў тым, што на паперах ехаць нельга, а ў нас цягнікі не ходзяць, таксама нельга ехаць.
Давай мы яго прасіць, давай маліць:
- Пасадзіце хоць на які паравік, на дровы.
А людзі добрыя ёсць на ўсім свеце, і нямала добрых людзей. Іх нават удвая, калі не ўтрая больш, чым дрэнных.
На наша шчасце, начальнік на станцыі Парафіянава быў чалавек добры. Ну, здавалася б, што для яго я, нейкі хлопец вясковы, калі тут трэба імперыю ратаваць і ніхто не можа ўратаваць. Тым не меш, ён паспагадаў мне і майму тату ды і кажа:
- Адзінае, што я зраблю, гэта вось што. Зараз ідзе да нас і пойдзе да Полацка спалены снарадамі цягнік. Павінен ён ісці, як царскі цягнік: нідзе не спыняючыся ні на адну хвіліну. Дык я яго затрымаю. Скажу, што перагон заняты. А вы тады адразу лаштуйцеся. Толькі памятайце, ніводнага кавалачка дрэва на ім няма: усё згарэла. Папярэджваю, вы рызыкуеце: час асенні, халепа, машыніст пагоніць так, што вецер толькі будзе свістаць. Можна і зваліцца, можна і застудзіцца.
Падзякавалі мы начальніку, пайшлі, падвалаклі пару доўгіх дошак, каб было што пакласці на жалеза, дроту, каб было чым прывязаць, і чакаем.
Прыходзіць цягнік. Доўгі, што вокам не скінеш. Мы адразу дошкі на адну раму паўскідалі, бацька дротам папрыкручваў, мой багаж вяроўкай да дошак прымацавалі. Застаюся адзін я.
- Звалішся, сынок, - кажа бацька. - На першай мілі пад калёсы трапіш. Хоць здымай назад багаж... - Пастаяў, пастаяў бацька. А думаць доўга няма часу. - Сядай, сынок.
Сеў я. Узяў тата сваёй рукою і прывязаў мяне вяроўкай да тых жа дошак і жалеза. Толькі паказаў, як у выпадку якога страху хутчэй адвязацца. Развітаўся са мной. А тут і цягнік пачаў адыходзіць.
Правільна сказаў нам начальнік станцыі: ішоў гэты цягнік сапраўды, як царскі, - бачыў я, як яны ідуць нават праз станцыю. Добра, што я башлык на галаву завязаў, а то і твар памарозіў бы зусім і вушы. Халепа страшная была, секла, ды яшчэ з ветрам.
Як бы ні было, даехаў я да Полацка. А там - другое гора: цягнік спыніўся ледзьве не за мілю ад станцыі.
Прыйшлося мне, пачапіўшы на плечы свой багаж і ўзяўшы ў рукі кій, ісці пехатой. Памаленьку дайшоў, а там і да свайго Невеля даехаў.
Пажыўшы ў ямах летам, мы пераканаліся, што да зімы вайна не скончыцца. Забраўшы ўсю сям'ю, бацька выехаў у Маскву. Кватэру, адзін вялізны пакой, знайшоў хутка. Цяпер трэба было здабываць сродкі, каб жыць. Пакуль знойдзецца работа, бацька пайшоў у бежанскі камітэт. Там, дачуўся ён, даюць грашовую дапамогу ахвярам вайны, бедным выгнанцам. На ўсякі выпадак тата ўзяў з сабой і мяне, бо я прыехаў якраз на вакацыі з Невеля. Прыйшлі мы з ім у камітэт. Толькі чыноўнік запытаўся ў нас: хто, чаго - як у пакой зайшоў нейкі пан у капелюшы, з лясачкай.
Чыноўнік адразу спыніў гутарку з намі, устаў, запрасіў новага наведвальніка сесці і пачаў пісаць. Пачулі мы, што гэта сапраўды пан, што ў яго за лініяй фронту застаўся невялічкі маёнтак, а ўсёй сям'і - ён і жонка.
Чыноўнік запісаў і сказаў:
- Вам прызначаецца штомесячная дапамога пяцьдзесят рублёў. Вось адпаведны дакумент.
Пан падзякаваў і выйшаў з пакоя. Бацька толькі паспеў мне шапнуць:
- На дзве душы паўсотні. Нам будзе, мабыць, уся сотня.
Чыноўнік пачаў запаўняць ліст на нашу сям'ю. Сесці ён майму тату не запрапанаваў. Пытаўся грубавата:
- Колькі дзяцей пры вас? Пяцёра? Ды яшчэ сам і жонка? Сем душ? Акалечана правая рука? Што яшчэ? Усё? - Вось дакумент. Будзеце атрымліваць дзесяць рублёў на месяц...
Бацька зусім збянтэжыўся.
- Ды як жа? Ці не памыліліся вы? Чаму ж так мала...
- Я ніколі не памыляюся. Што табе незразумела?
- Ды вось перада мной быў чалавек - вы яму на дзве душы запісалі пяцьдзесят рублёў, а мне на сем душ - дзесяць.
- Стары дурань! Зразумей добра: то - пан, а ты - мужык. Табе і дзесяць рублёў няварта даваць. А цяпер - марш адгэтуль, а то і гэты загад адбяру...
Так мы і прамаршыравалі па ўсходках, азіраючыся, ці не даганяе нас чыноўнік адбіраць дзесяцірублёвы загад...
Ідучы вуліцай, бацька пытаўся сам у сябе:
«Ці дачакаемся мы таго, каб не было падзелу на лепшых і горшых, на паноў і мужыкоў?»
Дачакаліся...
У нашай сям'і чамусьці думалі, што коні ў нас могуць весціся толькі вараной масці. Больш, казаў тата, ніякая масць у нас не вядзецца: то хварэць пачынае, то так якое няшчасце здарыцца. Колькі я сябе помню, у нас былі толькі вараныя коні. Апошні перад самай вайной быў наш уласны гадаванец, узяты яшчэ жарабяткам. Рос ён, можна сказаць, разам з намі, ведаў нас усіх, асцерагаўся, каб не ступіць сваім капытом на каторага малога, цярпліва ставіўся да ўсіх нашых гарэзных жартаў: заплятання яму хваста ў косы або яшчэ чаго падобнага. Быў ён дужы, цярплівы. Вазіў вазы вялікія, асабліва тады, калі пайшлі ў нас панарады-калёсы на жалезных восях.