Кожнае слова сваёй энергічнай прамовы гэтая хмара падмацоўвала не менш энергічным ударам памяла, звязанага, відаць, для нейкай хлебапякарскай печы.
Каб пазбавіць сваю мілую Леначку ад новых удараў, бо карніца ўсё адлічвала: «Вось табе два», - я адскочыў ад ганка. Матка Лены, гэта была менавіта яна, дадала тады:
- Я скажу твайму дырэктару, што замест таго каб урокі вучыць, ты да дзяўчат цягаешся...
Стоячы на даволі пачцівай адлегласці ад яе і страсаючы з сябе, наколькі магчыма, попел ад памяла, я сціпла адказаў:
- Дырэктар нам і загадаў, каб мы ўночы не адпусцілі дзяўчат адных, абавязкова праводзілі да самага дому. Я ж у ваш дом не ўваходзіў...
На гэта яна, махнуўшы памялом так, што яно зноў закрыла ад мяне ясны месяц, сказала:
- Не будзе мала і вашаму дырэктару, калі так...
Усё ж з Ленай мы пасля гэтага сустракаліся, праўда, выпадкова. Яна пад вялікім сакрэтам мне сказала:
- А ведаеш, ты маёй маме спадабаўся. Мне думаецца, што можаш смела прыйсці да нас у госці.
Гэта для мяне было вельмі нечакана, але рызыкаваць у другі раз я не адважыўся.
Так мы і разышліся з ёй у розныя бакі...
Давялося мне летам 1931 года плысці на невялічкім параходзіку па рацэ Вятцы ад горада Кацельнічы да горада Кукаркі. Дакладней кажучы - васемнаццатага чэрвеня, можна сказаць - самым летам. А лета было зімнае, а параходзік - прымітыўны. Кают на ім - ніякіх. На палубе, адкрытай з усіх бакоў, стаялі, як у гарадскім садзе, драўляныя лаўкі. Толькі мы крануліся, як пачаў дзьмуць з усіх бакоў сіберны вецер, аж пасінелі рукі мае. Бачу, што так і замерзнуць можна лёгка. Доўга не думаючы, развязаў я свой багаж, дастаў кажушок, валёнкі, зімовую шапку і рукавіцы. Пачынаю ўсё нацягваць на сябе. Мой таварыш адзін, зямляк, з якім я ехаў, штурхае мяне пад бок.
- Што? - пытаюся ў яго.
- Што ты робіш! - пачынае ён сароміць мяне. - Зірні, людзі смяяцца пачынаюць з цябе.
А было ўсіх пасажыраў, мясцовых людзей, чалавек дваццаць.
- Няхай смяюцца, - адказваю. Апрануўся, каўнер паставіў, ад ветру закрыўся і сяджу сабе ў поўнай выгодзе. А мой зямляк аж дрыжаць пачаў, аж пасінеў увесь. Урэшце ўстаў, распакаваў свой пак, дастаў раманаўскі кажух, зімовую шапку - ды на сябе. Я яму, як ён мне крыху раней:
- Што ты робіш? Людзі смяяцца будуць.
А ён:
- Маўчы, братка, маўчы! Зуб на зуб не трапляе, які там смех...
Пачакаўшы крыху - усе пасажыры, гледзячы на нас, пачалі ратавацца ад холаду, падаставаўшы ўсё, што ў каго прыдатнага было. Адна кабета толькі засталася ў блюзачцы, а ў самой аж слёзы на вочы набеглі. У яе нічога з сабой цёплага не было.
Не кажучы лішняга слова, я дастаў сваю суконную коўдру, падаю ёй і кажу:
- Ахініся, даражэнькая!
Як яна дзякавала, як яна ўсцешылася, ахінуўшыся тою коўдрай!
Трапны жарт, бадзёрасць духу можа памагчы тады, калі часовая нядоля ахіне чалавека...
У маім асабістым жыцці бывалі моманты вельмі добрыя, прыгожыя, бывалі і дужа цяжкія, горкія. Я неяк прызвычаіўся быў ніколі не танцаваць ад радасці, а прыглядацца да яе, можа, гэта не сапраўдная радасць, а якое-небудзь ашуканства або падробка. Калі ж з'яўлялася да нас гора, я прыглядаўся таксама, ці няма ў ім добрага хоць крыху. Быць не можа, так думалася мне, каб гора цалкам было саткана з аднае змрочнасці ды гаркаты. Хоць адна-дзве светлыя нітачкі павінны быць у гэтай тканіне.
І знаходзіліся. Быў адзін такі момант. Прыходжу дадому, а жонка мне ціхенька кажа:
- Засталіся ў нас тры бульбінкі. Больш - анічагуткі.
Сын, маленькі хлопчык, пачуў гэта і дадае:
- Адна цыбулінка ёсць яшчэ ў нас!
Я адразу адказваю:
- Гэта ж цуд! Беларусы кажуць, што гора тады, калі ні цыбулькі, ні крышыць у што. А ў нас зараз будуць з усяго гэтага не адна, а дзве стравы!
І пачаў сам гатаваць абед. Адцадзіў адвар ад бульбы, пакрышыў цыбулінку - першая страва. З'елі па бульбіне - другая страва.
Тады мой сын, узяўшы вясёлы тон, дадаў:
- Яшчэ ёсць трэцяя страва - рот прапаласкаць...
Так мы паабедалі. На другі дзень з харчаваннем справа наладзілася, з'явіліся нават і трэція стравы. Так што рот паласкаць перайшло на чацвёртую...
Працаваў я ў райспажыўсаюзе, - канец ліпеня 1931 года. Са сваёй новай работай і абавязкамі азнаёміўся хутка. Сяджу аднойчы, працую. Ідзе аднекуль наш старшыня. Зірнуў я і аж спалохаўся: нельга пазнаць, з твару змяніўся, усхваляваны, відаць, бясконца. Не павітаўшыся, прайшоў да сябе, у кабінет. А ў мяне была тэрміновая справа да яго. Заходжу. Сядзіць, маўчыць, а выгляд усё такі самы - дужа неспакойны.