Забягаючы наперад, павінен сказаць, што свята мы і спраўлялі ўвосень, свята ўраджаю - выдатнага, прыгожага, плённага.
Прыходзілі нават да нас аграномы пытацца:
- Што вы робіце, чаму ў вас таматы на лясе чырванеюць?
Тады для Вятчыны гэта было дзіва. Цяпер, праз сорак гадоў, - там гэта звычайная рэч. Але скажам пра вясну. Мы ўсё пасадзілі ў добрым часе, усё ў нас расце, з лех вывальваецца, а ў гаспадыні, на адабраным у нас кавалку - поўная пустка. Да таго пустка, што нават маленькі дзіцёнак, наш сын, заўважыў:
- Мабыць, яны, тата, не ўмеюць працаваць. Гэта ж у нас было поўна гуркоў, а ў іх няма ніводнага...
Можа, падумаецца каму, што я казкі расказваю, байкі баю, але прыходзіць зноў да нас гаспадыня і пачынае пакаянную прамову:
- Даруйце мне, грэх папутаў, сквапнасць прымусіла ўзяць адабраць ад вас леташні гарод... Бог мяне пакараў. Нічога ў мяне не вырасла... Дазвольце хоць пару гурочкаў у халаднік узяць у вас...
- Ды бярыце хоць дзесятак, на добрае здароўе ешце, хопіць нам, - адказвае мая жонка...
Гэта ж не канец. Увосень, не чакаючы вясны, зноў ідзе да нас гаспадыня і пачынае сваю размову...
- Раіліся мы з мужам, думалі і надумалі...
Але ў мяне цярплівасці тут не хапіла, і я адказаў, не даслухаўшы яе да канца:
- Не выказвайце сваіх думак, каб пасля вам не прыйшлося зноў прасіць прабачэння. Мы ў вас ніякім гародам карыстацца не будзем, бо паедзем на іншую кватэру.
Так і пераехалі...
Пайшлі мы з жонкай у піянерскі парк у горадзе Ўфе, каб пасядзець у халадочку, бо дзень быў спякотны.
Побач з намі села сціплая, даволі прыгожая дзяўчына, з выгляду або маладая настаўніца, або студэнтка якой вышэйшай школы. Мы былі заняты сваімі думкамі кожны, усе маўчалі. У гэты час каля нас прайшла жанчына ў гадах, пасля вярнулася, спынілася і сказала:
- Даруйце, што я вас турбую. У мяне не хапае грошай на параходны білет. Можа, ваша ласка будзе памагчы мне?!
Жонка дастала крыху грошай і дала той жанчыне. Дзяўчына таксама дастала свой партманет і дала грошай столькі, колькі і мая жонка. Жанчына падзякавала і пайшла далей. Мая жонка, не звяртаючыся ні да кога, разважаючы нібыта сама з сабой, кажа:
- Хто яго ведае, каб на свеце не было ашуканцаў, можна было б распытаць жанчыну, колькі менавіта ёй не хапае грошай, і дапоўніць адразу ўсю суму. Але ж часта сабраныя такім або падобным спосабам грошы ідуць немаведама для чаго...
Дзяўчына адказала маёй жонцы так:
- Вы кажаце правільна. Але ў той жа час прыходзіцца і верыць, проста інтуіцыяй распазнаваць, дзе праўда, дзе хлусня... Літаральна гэтымі днямі пазванілі да нас у кватэру. А ў нас сям'я немалая: бацькі, браты, сёстры. Адчыняем дзверы. Стаіць кабета сярэдняга ўзросту, на руках дзіцёнак. Другі - трымаецца за матчын падол.
Пытаемся, як звычайна:
- Што ж вам трэба?
- Пазычце мне тры рублі. Трэба даць тэлеграму матцы, каб яна прыслала мне дапамогу.
Мы запрасілі яе зайсці ў кватэру, пакармілі яе і дзетак, далі ёй ношанай, але добрай і прыстойнай вопраткі для яе самой і для дзяцей і вось пра што мы даведаліся, размаўляючы ў той жа час з ёю.
Яна нарадзілася і жыла ў вёсцы. Выйшла замуж. Муж яе адыходзіў на заработкі, пасля прыязджаў зноў дадому. І вось у апошні свой прыезд заявіў:
- Я завербаваўся на добрыя работы ў Сібір. Паедзем усе разам. Там будзе кватэра на ўсю нашу сям'ю.
- Я пачала збірацца з усёй сваёй маёмасцю. Маці радзіла: не кратайся з месца. Няхай едзе, усталюецца, напіша, з'ездзіш паглядзіш, а пасля таго - забірай дзяцей і ўсе рэчы. Я яе не паслухала, бо, так мне думалася, будуць лішнія выдаткі на дарогу. Адным словам, спакавала ўсё, да апошняй дзіцячай пялюшачкі, і прыехалі параходам да Ўфы. Тут нам, паводле ягоных слоў, трэба было пераязджаць на вакзал і далей ехаць чыгункай. Пасадзіўшы нас на прыстані чакаць, ён забраў усе рэчы: свае, мае і дзіцячыя, а затым пагрузіўся на цягнік і паехаў адзін. Пра гэта я даведалася дакладна...
Мы запыталіся, дзе яна жыве, як харчуецца. Жанчына адказала, што жыве ў дзіцячым пакоі на прыстані, што ў яе няма грошай толькі на тэлеграму. Мы далі ёй грошай крыху больш, чым яна прасіла.
Праз два дні чуем зноў званок, зноў яна са сваімі малымі. Атрымала ад маткі грошы і прыйшла аддаваць нам доўг. Зразумела, мы ад яе грошы не ўзялі. А цяпер скажыце: а каб ёй ні мы, ні іншыя людзі не паверылі? Каб ніхто не пазычыў грошай? Што ж ёй рабіць тады? У той жа час, калі б такі нягоднік, як яе муж, прыйшоў бы пазычаць грошы на які «няшчасны выпадак»? Цяжка распазнаць праўду, але прыходзіцца верыць людзям...