- Хіба для яе месца не хопіць у Іркуцку?
- Ды не ў тым справа... Яе возьмуць на Ўсесаюзную выстаўку насценных газет...
- Як сабе хочаце, мы сваю справу зрабілі.
На бліжэйшай станцыі начальнік цягніка вывесіў газету на знадворны бок свайго вагона і, пакуль мянялі лакаматыў, пасажыры і цягніковая абслуга чыталі і разглядалі яе, даючы добрыя водгукі. Гэта ўсё натхніла начальніка на такую прапазіцыю:
- Пераходзьце да мяне ў дзевяты вагон! Я вам даю на двух мяккае купэ.
Во ганарар зарабілі! Ледзьве-ледзьве мы ўтлумачылі, што для нас ганарар - добрыя водгукі, што знаходжанне ў сваім калектыве, - а тыя брыгаднікі пачалі лічыць і нас членамі свае брыгады, - і ёсць узнагарода.
Развіталіся мы з ім вельмі добра ў Іркуцку... Там у мяне была перасадка на новы цягнік.
У 1947-1949 гадах жыў я ў Мінгрэліі, на Каўказе. У нашым паселішчы жыла адна сям'я. Бацька працаваў агратэхнікам на чайных плантацыях, маці - настаўніцай у сярэдняй школе. Было ў іх двое дзяцей, хлопчык і дзяўчынка. Вучыліся яны ў ў той жа школе, дзе працавала маці. Дзеці гэтыя былі добрыя, сардэчныя. Праўду кажучы, дрэнных дзяцей мы там і не сустракалі наогул. Але гэтыя - былі лепшыя з лепшых. Неяк аднойчы знайшлі яны маленькую галачку, якая вывалілася з гнязда. Пашкадавалі яны, каб гэтую галачку сабакі ці каты не з'елі. Узялі ды аднеслі ў сваю кватэру. Там брат і сястра даглядалі галачку, кармілі яе, размаўлялі з ёй штодня... Галачка падрасла, стала спраўнай птушачкай. Пачала лётаць. Адлятаючы на платаны да сваіх родзічаў, яна зноў вярталася да дзяцей. Калі дзеці ішлі ў школу, галачка «ехала» на плячы ў хлопчыка або ў дзяўчынкі. На вялікай перамене школьнікі прабавалі карміць яе, але яна брала ежу толькі ад сваіх гаспадароў. Калі сама яна наядалася, тады брала ежу ў дзюбку і адносіла другім галкам, якія сядзелі на бліжніх дрэвах і ўважна сачылі за ўсімі падзеямі на школьным дварышчы.
Разам са сваімі юнымі сябрамі галачка ад школы вярталася на кватэру.
У суседнім доме жыла сям'я рабочых чайнага саўгаса. Прыехалі яны на заробак з Варонежчыны. У гэтай сям'і было таксама двое дзяцей, але дарослых: хлопец і дзяўчына. Усе яіны працавалі на чайных плантацыях, толькі хлопец крыху гультаяваты быў. Сястра зарабляла добра і, між іншым, купіла сабе залаты гадзіннік. Яна насіла яго на руцэ толькі ў святочныя дні. Вось і ў той дзень, у нядзелю, яна дастала з куфэрка свой каштоўны гадзіннік, паклала яго на тумбачку, а сама пайшла на панадворак мыцца. Памыўшыся, прыходзіць у пакой, зірнула - гадзінніка няма. Ніхто з вуліцы ў пакой не ўваходзіў. У пакоі быў адзін брат, які спаў на сваім ложку.
Сястра раскатурхала яго і запатрабавала, каб ён аддаў ёй гадзіннік. Той адказвае, што ён ніякага гадзінніка і ў сне не бачыў.
Прыйшлі ў хату бацькі, узяліся сароміць хлопца. Адным словам, пачаўся вялікі скандал.
Тым часам на вуліцы пад платанамі гулялі дзеці. Раптам яны заўважылі, што на адным платане сядзіць галачка і трымае ў дзюбіку гадзіннік. Гэта іх, зразумела, зацікавіла і яны пачалі выгукваць:
- Галка з гадзіннікам!
- Галка з гадзіннікам!
Пачулі пра тое ў хаце, дзе ішла вялікая сварка. Выбеглі ўсёй сям'ёй на вуліцу. Бачаць - сапраўды галка трымае дзяўчынін гадзіннік.
- Трэба хутчэй паклікаць галчыных гаспадароў!
Як толькі тыя прыйшлі, галачка адразу зляцела з дрэва на дзяўчынчына плячо, а дзяўчынка і забрала ад яе гадзіннік...
А як галачка ўзяла чужы гадзіннік? Вельмі проста: яна пабачыла адчыненую фортачку. Пырхнула ў хату - а там на тумбачцы нешта бліскучае, прыгожае. Яна - за браслецік ды на дрэва.
Працуючы, робячы што-небудзь, мы, бывае, забываемся на самыя старадаўнія спосабы паляпшэння працы, вынайдзеныя яшчэ калі-калі нашымі продкамі. Асабліва гэта адчуваецца там, дзе няма магутнай тэхнікі, а работы - нечапанае мора. Але знаходзяцца людзі, памяць якіх трымае ў сваёй глыбіні такія спосабы і, у выпадку патрэбы, выклікае іх на сонечны дзень. Сустракаў я за сваё жыццё нямала гэткіх здольных, мудрых людзей. Работу, на якую большасць траціла багата энергіі, выяўлялася, можна зрабіць пры зусім малой затраце сіл. Калі хто пачынае рабіць гэтую самую работу больш лёгкім спосабам, думаеш: «Ой! Праўда! А як жа, чаму ж гэта мы самі не здагадаліся?» У такіх выпадках трэба ў першую чаргу запытацца ў сваёй памяці, у свайго розуму: «Як лягчэй, хутчэй і лепш зрабіць гэтую работу?» - і толькі пасля такога роздуму пачынаць яе.
Асабліва мне запомініўся, добрым словам не раз яго згадваў і згадваю, адзін сталяр, уралец Сяргей Аляксандравіч Муратаў. Мне пашэнціла працаваць з ім не малы час, хоць я для яго быў напарнік несамавіты: ён - выдатны майстар-сталяр, а я - сталяр звычайны.