Выбрать главу

Вазьму пару самых простых прыкладаў з супольнай працы. Наша брыгада канчала новы дом. Хто насцілаў падлогу, хто столь, хто навешваў вокны і дзверы. Работа ішла добрым ладам, без жаднае затрымкі. У свой час прывезлі нам абед. Паабедалі. Прыходзіць прараб, звяртаецца да ўсіх.

- Браточкі! Маю вельмі тэрміновае, нечаканае заданне. Трэба перанесці лістоўнічнае бярвенне ад штабеля, дзе яно ляжыць, да вашага дома. Работа гэтая для возчыкаў з коньмі, але іх сёння няма і не будзе. Яны ўсе заняты далёка адсюль. За пераноску я заплачу ў падвойным размеры. Насіць іх можаце як хто здумае: хоць па два чалавекі, хоць па дзесяць адразу да аднаго бервяна ляпіцеся, абы толькі работа была зроблена.

Цесляры, сталяры, паабедаўшы, - адразу да штабеля, каб, скончыўшы гэтую нечарговую работу, перайсці да сваёй, асноўнай. Бярвенні такія, што адно бралі чатыры чалавекі. А то і шэсць, і восем. Пабачыўшы гэта, я кажу свайму сябру:

- Сяргей Аляксандравіч! Трэба нам далучыцца да якога звяна, бо мы ўдвух нічога не зробім. Бачыш, як носяць?

- Няхай носяць! Мы з табой самі справімся і не натомімся так, як яны.

Узяўшы вострую сякеру, мой сябар насек з розных дрыноў валікі-качалкі, сантыметраў па семдзесят - восемдзесят даўжынёй. Пасля і кажа:

- Вось на гэтых качалках бярвенне само і пойдзе. Ты толькі перанось іх, як будуць вызваляцца, з заду наперад.

Застраміўшы ў тарэц сякеру, ён крыху падняў ад зямлі бервяно, а я падкінуў валік. Пасля - другі, трэці... Мой напарнік, крыху прыгнуўшыся, застромленай сякерай вёў бервяно, даваў яму кірунак, а я падкладваў ды падкладваў валікі, памагаў сваёй сякерай, застраміўшы яе з камля... Мы ўдвух у сярэднім зрабілі ўдвая больш, чым нашы таварышы. Яны ўсе бачылі, як лёгка перавозім мы бярвенне, але нейкае самалюбства не дазволіла ім скарыстаць наш спосаб. Ды і нацягаліся ўжо даволі, натрудзілі плечы, рукі...

Багата ў нашай супольнай з ім працы было падобных выпадкаў, але не менш цікава і тое, як мы з ім пачыналі сваю штодзённую работу.

Першыя дні я крыху непакоіўся. Прыходзім мы на сваю рабочую пляцоўку. Усе да аднаго становяцца адразу працаваць, а мы... мы пачынаем вастрыць усе інструменты: жалезкі ад фуганкаў, фальцовак, стамескі.

- Сяргей Аляксандравіч! Пакіньма! Бачыш, колькі сябры зрабілі?

- Няхай робяць, няхай! Яны рукі свае панабіваюць. Ды і якасць іхняе работы будзе несамавітая. А мы з табой іх здагонім і абгонім.

Так і было. Наш інструмент толькі спяваў, калі мы пускалі яго ў поўны ход. Да абеду мы сапраўды абганялі сваіх суседзяў... А яны гневаліся.

- Што з імі раўняцца?! У іх жалезкі лепшыя!

А жалезкі тыя - з аднае фабрыкі...

У сваёй далейшай працы часам падсвядома выкарыстоўваў я падобныя парады, назіранні і не толькі ў сталярнай справе, а і ў розных іншых, як, напрыклад, у мулярскай...

Асінавыя дровы...

А яшчэ вось як народная дасціпнасць дапамагла нам пазбавіцца дужа непрыемнай аперацыі: у нядаўна адрамантаванай кватэры зімою здымаць жалезную трубу, якая злучала нашу галандачку з комінам у суседняй кватэры. Справа ў тым, што трубу запоўніла сажа, нават дым не праходзіў.

Суседка, Кацярына Пятроўна, пачуўшы тое, кажа:

- Не слухайце муляроў, не трэба нічога разбіраць ды ў кватэры бруд разводзіць. Вазьміце бярэмца сухіх асінавых дроў ды прапаліце імі ў печы.

Спачатку мы з жонкай падумалі, што наша суседка жартуе, бо яна была кабета вясёлая, жыццярадая. Я, на ўсякі выпадак, запытаўся ў яе:

- А ці не падобна ваша парада, Кацярына Пятроўна, да той, якую мне, малому, давалі, калі я меўся зайцоў лавіць: вазьмі, маўляў, драбочак солі і ўскінь зайцу на хвост, заяц адразу і сядзе...

- Ды што вы, - кажа, - якія жарты! Пойдзем, я памагу вам і бервяно асінавае распілаваць.

Падрыхтавалі мы ўсё. Прынёс я бярэмца дроў. Распалілі. І што б вы думалі: як пачало гудзець, як пачало палаць, дык мы і не дазналіся, куды тая сажа знікла, так добра прачысціла трубу. У далейшым, дзе б мы ні жылі, рыхтуючы паліва для зімы, я заўсёды клаў асобна маленькую кладнічку сухіх асінавых дроў і прапальваў імі печ не менш аднаго разу на месяц, не чакаючы таго, пакуль сажа запоўніць увесь комін...

Ветрык

Стаў я на тралёўку. Трэба было траляваць - вывозіць на конях - бярвенне з тайгі, з сопак і падвозіць яго да вялізнага тартака, дзе гэтае бярвенне паступова распілоўвалася на дошкі, цёс, брусы, на чыгуначныя шпалы.