Наш гусак, пабачыўшы адчыненыя вароты, адразу да іх і падаў сігнал: «Го-го-го!», гэта значыць - «за мной усім родам!». Так увесь род гусіны і падаўся праз вароты ў ярыну. А там, ля самага плота, Жаўняроў авёс. Ды такі авёс - цёмна-зялёны, як трысцё.
Прыпаўшы да таго аўса, мае гускі зусім замоўклі. Яны елі, елі. Клаліся на авёс, адпачывалі. Пасля зноў уставалі, зноў елі.
Раптам з'явілася старая Жаўнярыха. Яна толькі выгукнула:
- А божухна, а літасцівы!
Пасля схапіла нейкую парканіну і пачала латашыць маіх гусак. А мне ж дадзены наказ - бараніць гусей і ад людзей і ад бобікаў. Я са сваім пруточкам да яе ды ў голас:
- Што вы робіце! Гэта мае гусі!
- Ах, твае? Гэта твае гусі? Дык на ж і табе!
Тут парканіна загуляла па маіх баках. Ужо ж яна мяне так перыла, так пляжыла, што жывога месца на мне не засталося. Гусі тым часам самі выбеглі ўсе на выган. Пайшоў і я за імі, слязьмі абліваючыся. Старая тая зачыніла вароты і падалася да гасподы, праклінаючы і маіх гусей і мяне самога...
Дабыўшы з гускамі да сонейкавага захаду, пагнаў я іх двору.
Тата запытаўся ў мяне:
- Усіх гусак дапільнаваў? Не згубіў ні аднае?
- Ды не! Усе тут.
- А чаму ж ты нейкі сумны, ды нейкія пісягі ў цябе на руках...
- Мяне старая Жаўнярыха набіла. Кіем біла.
Бацька зжахнуўся.
- Як так? Завошта?
Я расказаў пра ўсё, як яно было. Бацька пайшоў і пасварыўся на старую.
- Хіба так можна рабіць? Ты ж магла акалечыць хлопца. Усё роўна ж мне трэба будзе аддаць табе снапы за тое, што мае гусі выелі.
А мне сказаў:
- Сынок! Сцеражыся! У людзей зямлі мала. Нівы малыя. Калі іх выпасвіць гусьмі, коньмі, авечкамі, дык што ж людзі нажнуць, што ж яны намалоцяць, з чаго ж яны хлеб будуць есці?!. Вароты павінен зачыняць той, хто іх першы пабачыць расчыненымі, каб пазбегнуць шкоды...
Зачыняў пасля. Зачыняю і цяпер, калі дзе бачу адчыненыя...
Цяпер агонь распаліць можа кожны блазан, які навучыўся самастойна штаны сабе зашпіляць.
Ідзеш калі па вуліцы і бачыш, як такі герой стаіць і страляе запалкамі, пстрыкаючы іх па адной з пушачкі. Бывае, што і пажар напстрыкае каторы.
Але ж быў такі час, калі агню не было ў людзей. Першыя вынаходцы агню былі не менш ушанаваны сваімі сучаснікамі, чымсьці ў нашыя дні адкрывальнікі атамных таямніц. Нядаўна ў Інданезіі знайшлі ў джунглях невялічкае ізаляванае племя людзей, жыццё якога стаіць на ўзроўні каменнага веку. Агонь яны і сёння здабываюць, тручы кавалкі сухога дрэва. Падобнае ж племя нядаўна выявілі і ў нетрах басейна ракі Амазонкі. Ды што там Амазонка!
Нябожчык наш вучоны Сербаў расказваў мне ў дваццатыя гады, што ў часе свайго падарожжа ў глыбіні Палесся ён знайшоў адну палескую вёску, у якой жылі сапраўдныя вогнепаклоннікі.
Напярэдадні Купалля ў гэтай вёсцы гасілі, залівалі ўсе агні ва ўсіх хатах. Не пакідалі аднаго нават вугольчыка або іскрынкі. Печы бялілі нанова крэйдай. Пасля ўсе жыхары, дарослыя і малыя, апраналіся ў святочныя, белыя вопраткі і, спяваючы адпаведныя рытуальныя песні, ішлі працэсіямі ў свой лес, на лясную паляну. Там старэйшына гэтай вёскі ссякаў ясень і пачынаў, прыстасаваўшы кавалак яго як корбу, церці аб сухое дрэва, пакуль не загараўся агонь. Калі з'яўляўся новы агонь, людзі раскладвалі вялікі касцёр. Дзяўчаты і маладзіцы вадзілі ля яго карагоды, мужчыны і хлопцы спявалі і танцавалі. Усе песні былі не абы-якія, а прыстасаваныя да гэтага ўрачыстага моманту. Пасля, зноў жа са спевамі, неслі агонь у вёску, а гаспадары кожнае хаты прыпальвалі ад яго лучынкі і заносілі ў свае печы. Ад таго дня яны не зводзілі гэты агонь цэлы год, аж да новага свята.
У нашай мясцовасці я такога свята не ведаў. Але ў часе свайго дзяцінства я бадай-што не бачыў, каб хто распальваў агонь запалкамі. Усе мелі пры сабе скалку, крэмень, крэсіва і цэру. Перад самай першай вайной цэру замяніў крамны кнот. У параўнанні з першым спосабам здабывання агню, - трэнне дрэва аб дрэва, - другі спосаб быў, мабыць, цэлай падзеяй у жыцці многіх народаў, чаму і пратрымаўся амаль да самай рэвалюцыі.
Усе «агнявыя» прылады дарослыя людзі насілі ў адмысловых скураных капшуках, магалейках, на паясах, з левага боку. А магалейкі выраблялі з барановых машонак, каб яны не прапускалі ні дажджу, ні снегу, не мелі ніякіх швоў. Падлеткам насіць агнявыя прылады забаранялася. І вось, - які вялікі гонар! - я атрымаў ад бацькі магалейку тады, калі мне было восем гадоў. Ды не без дай прычыны, а з-за вялікай патрэбы.