Выбрать главу

- Дзе ж ты пераможаш тых чарвей! Праз некалькі дзён з яечак з'явіцца сотня вусеняў. А гэты матылёк, пэўна, яшчэ не адзін паклад зробіць.

Пакуль мы так з ёй разважалі, на лісціну ўзбягаюць мурашкі, ды чарадой. Ну нібыта ім нехта тэлеграму адбіў: «Гайда сюды, яечкі падрыхтаваны!» Праходзяць мурашкі адна за адной і яечкі забіраюць, забіраюць. Не прайшло і пяці хвілін - ніводнага не засталося.

- Век жыві, век вучыся, - кажа жонка. - Ну адкуль жа ў нас могуць быць на агародзе чэрві, калі самыя яечкі мурашкі адразу забіраюць!

Мы яшчэ падумалі тады, што для мурашкі матыльковае яечка куды большае, прапарцыянальна росту, чым для нас курынае.

Так мы і жылі без клопату колькі гадоў, да самага свайго ад'езду, не ведаючы ніякага гексахларану, маючы такіх выдатных памочнікаў і вартаўнікоў на сваім гародзе.

Сказалі мы суседзям пра свае нагляданні, парадзілі і ім завесці мурашнікі на гародах.

Мядзведзь

Набліжалася восень, набліжалася і пара капаць бульбу. Трэба было адрамантаваць для гэтага кошыкі, сплесці новыя. Узяўшы лодку, я перабраўся на другі бок ракі Бірусы, нарэзаў добрай лазы, аднёс у лодку. Пасля надумаў: «Дай прайдуся борам, можа, дзе знайду сенажатку някошаную, для коз сена накасіць». Падняўся на ўзвышша. Іду. А напярэдадні, ды нават за гадзіны дзве быў дождж. Тайгу ўсю прамыла, падмаладзіла, а на ўсіх пясчаністых дарожках пазамывала старыя сляды. Ідучы каля адной вывараці, бачу на пяску адбітак следу, нібыта ад лапця. Я, спачатку не звярнуўшы асаблівай увагі, крочу далей. Можа, праз гоні бачу зноў сляды, зноў лапці на пяску надрукаваны. Спыніўся я, пастаяў над гэтымі слядамі. Колькі жыву ў паселішчы, не бачыў ніводнага чалавека, абутага ў лапці. Адкуль жа яны маглі ўзяцца ў тайзе? Калі прайшоў далей, бачу новы доказ таго, што лапатнік гэты - мядзведзь. Я, значыцца, іду якраз па гарачых слядах. Ад аднаго следу аж пара... Пастаяў я, падумаў. Нават звычайнай стрэльбы ў мяне няма з сабой, адзін кухонны ножык, якім лазу рэзаў. Змагацца, дужацца з мядзведзем у мяне сілы не хопіць. «Не, пайду я лепш да сваёй лодкі ды дадому паеду. - Павярнуў я з бору ў кірунку да ракі і іду ўзлессем. Калі глянуў на бор, аж на ўзвышшы, на лясной прагаліне, стаіць мядзведзь ды, не раўнуючы, як фельдмаршал які, правую лапу ўгору падняў, нібы на мяне паказвае. Я спыніўся. Што рабіць? Уцякаць - самая апошняя справа. Звер адразу за табой кінецца. - Пайду на яго. Напалохаецца ды пачне ўцякаць сам». Іду. Мядзведзь ні з месца. Прайшоў далей - мядзведзь хоць бы скрануўся. Падыходжу яшчэ бліжэй.

Мядзведзь стаіць, як скамянеў. Я тады, - куды ж мне дзецца, - як гойкнуў:

- А ну давай яго!

Мядзведзь хоць бы што. Калі я прыгледзеўся лепш - гэта гарэлы пень, такі, як мядзведзь. Каб не тыя свежыя сляды, я на яго ўвагі не звярнуў бы.

Каму, можа, смешна, а мне страху хапіла.

За дурной галавой і нагам неспакой

Аднойчы ў дзень адпачынку надумаліся мы невялічкай кампаніяй, - чалавек дзесяць, - схадзіць у тайгу пазбіраць суніц. Пабралі мы посуд сярэдняй ёмістасці і пайшлі. А год быў ягадны. Усялякіх ягад багата-багата, толькі не лянуйся - збірай. Прайшлі мы тайгой, можа, кіламетр які, трымаемся, каб не заблудзіцца, берага ракі. А паўз бераг, нібыта нейкае сухадольнае рэчышча, так і цягнецца паляна за палянай. Прыйшлі мы на першую паляну. І вялікая яна, і прыгожая. Трава на ёй - някошаная, там яе мала дзе косяць. Ягад на гэтай паляне поўна. Мы, як тая казачная каза: «Бегла праз масточак, хапіла кляновы лісточак», - па жменьцы-другой ягад сабралі ды давай на другую паляну, там, праз невялічкі ўзлесачак, бачым - ягад яшчэ больш. Тым часам адзін з нашай кампаніі сказаў:

- Я далей не пайду, нешта ў мяне ногі баляць. Пазбіраю тут і тут жа буду вас чакаць.

А мы - далей. Прыйшлі на трэцюю паляну - зноў па жмені ці па дзве набралі, аж праз невялічкі ўзлесачак - яшчэ паляна. Ягад на ёй, як насыпана... Мы - туды... Вось так ішлі з паляны на паляну, вось так нас вабіла чарговая... Колькі мы іх прайшлі - не злічыць нават. Урэшце сонца павярнула на захад. Трэба нам назад таксама паварочваць. Зноў праходзім цераз тыя прыгожыя паляны, зноў «хапаем кляновыя лісточкі» - па жменьцы суніц. Цяпер больш хуткім крокам выходзім на тую самую першую паляну, ад яе зусім блізенька і нашае жытло. Шукаем свайго сябра, якога пакінулі на гэтай паляне, а ён, вочы галінкай бярозавай накрыўшы, спіць сабе. Побач стаіць посуд яго - пад самую дужку поўны суніц. Глянулі мы на свае судзінкі, якія ледзь запоўнілі да палавінкі, глянулі на свае ногі, з якіх аж дым ідзе ад пераўтомы і ціхенька заўздыхалі: «За дурной галавой і нагам неспакой...»