- А божухна! Калі ж пачнецца добрая дарога?
Я іх супакоіў тым, што сказаў:
- Гэта ёсць самая найлепшая частка нашага шляху. Праз кіламетраў пятнаццаць - самая горшая. Але, праўда, там вакол будзе тайга, багата жардзін усялякіх, можна ўмацавацца як хочаш...
Яны не падзякавалі мне за паведамленне, але пачалі пытацца, што зрабіць і як для бяспекі.
У сяле Апана-Ключы мы спыніліся. Механікі праверылі сваю машыну, а юныя вандроўнікі папрывязвалі ўсе да аднаго свае рэчы, панастаўлялі ля бартоў бярозавых колікаў для сябе.
У першы ж дзень мы праехалі вёску Байкан і ўзышлі ў тайгу сапраўдную. Дарога - мора разліванае. Ад'ехалі ад Байкана кіламетраў пяць-шэсць, як паламалася дышла. Але тут, на шчасце, быў добры прыпынак: сталоўка, некалькі домікаў, у якіх жылі нарыхтоўшчыкі жывіцы. Пакуль павалілі бярозу, абкантавалі яе на дышла, перастаўлялі жалеззе са старога на новае, надышла ноч. Заначавалі дзе хто здолеў: хто ў хатках, хто на трактары, хто ля агню. Раніцай паснедалі ў сталоўцы, паснедаць можна было як хочаш, прадукты - вышэйшай якасці, нават толькі што застрэленая дзічына: цецерукі, рабчыкі, глушцы... Пасля снедання паехалі далей.
Пачаліся другія суткі. Ад'ехаліся, можа, пятнаццаць кіламетраў - аварыя: лопнула жалезная злука, «серьга», пры дапамозе якой дышла чапляецца за трактар. Гэтага з пня не ссячэш...
Пайшлі з паклонам у паселішча Азёрнае, да нарыхтоўшчыкаў жывіцы. Пакуль дачакаліся іхняга начальніка - час ішоў без супынак. Начальнік, чалавек добры і разумны, каб не трымаць такую партыю людзей, даў загад - адкруціць патрэбную частку з іхняга трактара і даць нам. Пакуль адкручвалі, пакуль прыкручвалі - надышоў вечар. Заначавалі ў Азёрным. Паснедаўшы ў гэтым паселішчы, раніцой крануліся, падзякаваўшы і насельнікам і начальству за гасціннасць і дапамогу.
3
Ехалі, ехалі. А тут машкара, камары. Яны ж - як абавязковае блюда ў кепскай сталоўцы. У геолагаў - бутлі з дыэцілфталатам. У нас - бутэлечкі з дзёгцем бярозавым ды яшчэ накамарнікі - сеткі, тканыя з конскага воласу. Глянеш на нас - нібыта з нейкага пякельнага маскараду павылазілі ўсе - мурзатыя, пакусаныя ды яшчэ ў карычневы колер ад бярозавага дзёгцю пафарбаваныя... Едзем, едзем. У адным месцы сасновы сук нізка нахіліўся над намі. Папрыгіналі галовы, а адзін малады хапіўся рукамі, каб падняць яго крыху, адвесці ад дзяўчат. У гэты момант - трактар даў поўны ход, вырваў за сабой цялежку, а хлопец і застаўся вісець на суку. Саскочыць - праўда, нібыта мякка, але ж унізе гразь. Калі не ўтопіцца, падаючы з вышыні, дык увесь гразёй зальецца. І брызент ніякі не падкладзеш: гразь суцэльная. Пабралі сякеры, нассякалі лапак, накідалі з бакоў на дарогу. На тыя лапкі саскочыў. Заблоціўся, зразумела, але ж не так, як бы без лапак было. А самае галоўнае - час ідзе. Трэція суткі. Дзень на другую палову пераходзіць, а мы ад'ехаліся роўна нічога. І вось трапілі на такое месца, што ні ўзад, ні ўперад. Наша цялежка загрузла па самыя барты. Стасільны трактар не можа даць рады. Нават адчапіўся ад нас, каб не засесці самому, і ад'ехаўся на лепшае месца. Раптам чуем, тарахціць недзе ззаду яшчэ трактар. Пад'ехаў бліжэй. Калёсны, слабы, але ж дзве вялізныя бочкі партвейну вязе, значыць, сілу нейкую мае. Ад'ехаўся і ён на лепшае месца, паставіў свой партвейн, пасля разам тузганулі нашу цялежку і вывалаклі з гэтага прадоння, адвезлі метраў за сотню, на больш прыдатнае месца. Там трактарысты нашыя і - з калёснага заняліся падкручваць гайкі, бо яны, некаторыя, зусім аслаблі.
Пасажыры павыходзілі на абочыны: хоць ногі крыху адыдуць, адпачнуць ад такой язды. Тым часам следам за намі на парцы коней ехала пошта ў лёгенькай карыфашцы. Нічога не ведаючы, паштавік заехаў на тое месца, дзе тапілася нашая цялежка і выціснула сабой такую вялізную яміну. Левы конь адразу пагрузіўся ў тую яміну, у гразь. Засталася над гразёй адна толькі галава. Паштавік адразу выпраг другога каня, вывеў яго на абочыну і стаў думаць горкую думу: ніхто ж ніколі не дасць веры, каб на дарозе, хоць бы і таежнай, конь утапіўся. Значыцца, паштавік нейкую памылку вялікую зрабіў... У гэты час нашыя трактарысты запусцілі маторы. Пачуўшы іх, паштавік сеў конна на выратаванага каня, прыехаў на нашую стаянку, злез і ўкленчыў проста ў гразь:
- Ратуйце, людцы! Конь утапіўся на дарозе!
Хто ж тут скажа - «справа не мая»? Пабралі рыдлёўкі, сякеры, вяроўкі, пайшлі да таго каня. А ён, бедны, калі пабачыў людзей, як пачаў ірзаць, як пачаў ірзаць - не спыняецца. А карціна якая жудасная: ляжыць на гразі адна галава і ржэ, нават грывы не відно. Прыйшлі людзі, абступілі вакол таго бедалагу. Хто рыдлёўкай гразь адлівае, хто лапкі сячэ, хто жэрдачкі падносіць. Намасцілі з бакоў дзве гаці невялічкія, прашмаргнулі вяроўкі ды ўсім натоўпам і выцягнулі таго каня. Падзякаваў паштавік ратавальнікам, спрог зноў коні ў карыфашачку ды следам за намі.