- Ці так я іду, ці правільным шляхам?
- Ды не, - кажуць, - зусім не! Вам трэба ісці вось гэтай дарогай. Адразу і прыйдзеце туды, куды вам трэба.
Бедная жанчына паслухала іх, прайшла кіламетраў дзесяць па асенняй калатусе, ды з клункамі, і даведалася, што ёй трэба было зусім у адваротны бок ісці...
Скажыце, ці варты тыя людзі добрага слова? Нейкая звярыная, жывёльная жорсткасць і бязлітаснасць кіруюць такімі істотамі...
А вось у Свабодным, гуляючы ў лесе, мы неяк затлуміліся і пайшлі не ў патрэбны бок, а ў адваротны. Па дарозе сустрэлі двух хлопчыкаў, якія ехалі на фурманцы ў кузню, везлі нейкую дэталь ад жняяркі для рамонту. Павіталіся з намі. Жонка пытаецца:
- Ці далёка да Свабоднага?
Большы адказвае:
- Недалёка, але ж вы не ў той бок ідзеце. Сядайце на нашу фурманку, мы вас падвезямо...
Едучы, яны расказалі нам пра свае дзіцячыя справы, а ў нас запыталіся, хто мы, дзе жывём. Уся гутарка была далікатная, без ніякіх выкрутасаў і зухаватасці...
У Свабодным жа мы наглядалі неаднойчы, як дзеці, якія не хадзілі ў поле, гулялі ў розныя гульні, у тым ліку і ў хованкі. Было дзяцей блізу нашае хаты шасцёра-сямёра, прычым больш-менш аднаго ўзросту. Але гуляў разам з імі адзін хлопчык гадоў чатырох, а можа, і менш таго, бо ён хадзіў у адной кашульцы, без штонікаў. Клікалі яго - Вася.
Калі давалі сігнал хавацца, ён адыходзіў крокі на два і закрываў далонямі свой твар. Гэта азначала, што ён схаваўся, што яго ніхто не бачыць. Мімаволі згадаліся нам страўсы, якія, прытаміўшыся ад пагоні, хаваюць галовы ў пясок. І вось хлопец або дзяўчынка, якія правяралі ўсе хованкі, самыя патаемныя мясцінкі, праходзілі колькі разоў ля гэтага маленькага Васі і ўсё пыталіся:
- Ды дзе ж той Вася схаваўся? Ды як жа нам адшукаць Васю? Хто нам дапаможа знайсці Васю?
А Вася аж танцуе на сваёй схованцы, але рук ад твару не адымае. Урэшце ён застукаў усіх, ён перамог...
Як бы хацелася зірнуць сёння на таго Васю! Цяпер яму, пэўна, чатырнаццаць або пятнаццаць гадкоў. Вось бы паглядзець, як ён гуляе з малодшымі ад сябе! Ці так жа добра, як гулялі з ім самім...
У вайну некаторы час я працаваў эканамістам. Мае абавязкі былі - улік работы брыгад. А тут яшчэ трэба выходзіць на тэрміновыя пагрузкі вагонаў нашымі вырабамі, якія накіроўваліся на заводы. Адным словам, работы хапала ўсім і ўсялякай. Тым не менш, шмат хто знайшоў час і ўрабляў агародныя пляцоўкі. Меў такую пляцовачку і я. Расло ў мяне багата гародніны, большую палову яе з'ядалі сябры, якія, калі справа даходзіла капаць гарод, казалі:
- А навошта нам? Мы заўтра, можа, адсюль паедзем...
Аднак елі тую гародніну яны надзвычай ахвотна. Насеялі і насаджалі мы розных кветак, спаборнічалі адзін з адным, сусед з суседам. Перад уваходам у мае жытло была вялізная клумба, уся занятая браткамі, прычым самых розных колераў і барваў. Хоць даскокамі, але знаходзіў я час прапушыць зямлю пры іх, паліць. Раслі яны так, што лепш не можа быць. Нават людзі з дужа жорсткімі сэрцамі спыняліся ля клумбы і захапляліся ўголас...
І што было галоўнае: усе ўздыхалі аб тым, што вось прыйдзе зіма, маразы, і гэтае хараство загіне пад снегам...
Я падумаў, падумаў: што калі хоць частку кветак узяць на зіму ў памяшканне?
Пачаў я ажыццяўляць сваю задуму. Зрабіў вялікую скрыню, больш метра даўжынёй, сантыметраў сорак вышынёй і столькі ж ушыркі. У скрыню я насыпаў самай лепшай зямлі і перасадзіў з зямлёй жа даволі багата кветак. Некалькі дзён і начэй гэтая скрыня стаяла ля клумбы, а перад самымі маразамі я занёс яе ў сваё жытло, паставіў на вышыню двух метраў.
Усе ў адзін голас казалі:
- Нічога не будзе! Гэтыя кветкі ў памяшканні жыць не стануць.
А трэба дадаць яшчэ, што ў мяне ўсю ноч гарэла лямпа ў дзвесце ват. Печка, вялізная, чыгунная, палілася круглыя суткі, без перапынку.
Што дапамагло - не ведаю: ці святло ад лямпы, якая была на адлегласці аднаго метра ад кветак, ці цеплыня ад печы, ці добрая акуратная перасадка, але кветкі красавалі безупынна. Адны адцвіталі, другія пачыналі, зеляніна была цёмна-зялёная, здаровая.
Кожны вечар, прыходзячы з работы, мы падыходзілі да кветак і разглядвалі іх з добрай, прасветленай усмешкай. Можа, кожны згадваў тыя дні, якія красавалі для яго, як гэтыя прыгожыя, дзівосныя кветкі, калі на душы і сэрцы было спакойна і чыста. Хто ведае! Адны ўздыхалі, другія ўголас выказвалі сваё захапленне.
І дажылі кветкі, прыносячы асалоду ўсім, аж да канца сакавіка месяца.