Дома, пры вячэры, я расказаў пра гэтую гульню. Бацька і растлумачыў, што адзіны зайцаў паратунак - ногі. Вось звяры і практыкуюцца, каб у іх ногі былі моцныя.
Перад рэвалюцыяй, гадоў шэсцьдзесят - семдзесят таму назад, у нас, у Беларусі, было мала школ, не было зусім бібліятэк у вёсках, не было тады наогул нідзе на свеце радыё, тэлебачання. Людзі даведваліся пра апошнія навіны і пра тое, дзе што на свеце дзеецца ад розных падарожных людзей, ад вандроўнікаў. Часам гэта былі самыя звычайныя ашуканцы, якія ішлі ад вёскі да вёскі і памаленьку пашыралі ў народзе ўсялякія былі і небыліцы. Усюды іх прымалі, частавалі і прагна слухалі розную несусветную лухту. Прыблізна ў 1906 годзе такія падарожныя людзі, як згаварыўшыся, на пытанне: «Што чуваць?» - адказвалі адно:
- Дужа кепскае чуваць. Будзе скора канец свету. Будзе анёл боскі па небе лётаць, трубіць у трубу, выклікаць на страшны суд усіх жывых і нябожчыкаў. Паадкрываюцца магілы, усе жывыя і ўмерлыя стануць перад тым судом...
Нястрымная людская фантазія дадавала на месцах усялякія новыя падрабязнасці да гэтых апавяданняў, і так па драбочку вырысавалася вялікая, жудасная карціна, у якой прадугледжаны быў нават колер неба.
Хто меў у запасе якую сякую капейку, пачаў прапіваць яе.
- Навошта тыя грошы, канец свету...
Хто павінен быў узараць якую лагчынку, спасылаўся таксама на канец свету. Адным словам - разлад быў немалы.
Здарылася так, што - тады самалётаў яшчэ не было, - з Ковенскай крэпасці вайсковыя ўлады пусцілі паветраны шар, аэрастат. Пад гэтым шарам быў падчэплены вялікі кош, а ў ім сядзела трое вайскоўцаў. Была ў іх труба, каб даваць сігнал у выпадку патрэбы, быў канат, каб людзі з зямлі маглі прыцягнуць шар да зямлі, калі з каша выкінуць канец. Паколькі і газет у нас ніхто не выпісваў, пра такую падзею нашы вяскоўцы нічога не ведалі і не чулі.
Паветраная плынь панесла гэны шар на поўдзень ад Коўна. Несла, гнала яго і падагнала да нашых мясцін. Тым часам у тым шары нешта сапсавалася, і з яго памалу пачаў выходзіць газ, якім ён трымаўся на вышыні. Заўважыўшы гэта, аэранаўты вырашылі, што ім трэба ў прыдатным месцы апусціцца на зямлю, каб ратаваць жыццё. Нашы Агароднікі ім зверху, з неба, спадабаліся. Вайскоўцы выкінулі з каша канец каната і пачалі трубіць у трубу, каб звярнуць увагу людзей на канат, каб людзі прыцягнулі іхні шар да зямлі.
Але людзі страшэнна напалохаліся. Пачуўшы трубныя гукі, згадаўшы апавяданні розных бадзяг-вандроўнікаў, яны падумалі, што сапраўды пачаўся канец свету, што гэта «анёл боскі» лётае над імі і заклікае на страшны суд.
Ніхто да таго каната блізка не падышоў, усе кінуліся ў хаты, пабралі абразы, павыносілі на панадворак, укленчылі і, як хто ўмеў, пачалі маліцца. Жуда была страшэнная. Мне здавалася, што аж зямля пада мной калышацца, вагаецца. Каровы рыкалі, сабакі гаўкалі, куры ўзляталі на платы і стрэхі з гучным кудахтаннем. Здавалася, што і сонца свеціць слабей і зусім не грэе...
Адзін наш жыхар, Мацей Юц, замест абраза схапіў качаргу. З ёй і стаяў, укленчыўшы, на панадворку.
Тым часам паветраны шар адагнала ад нашай вёскі ў канец поля, пад Манькавічы. А было ж там урочышча, якое звалі Гарэлым балотам. Чаму Гарэлым? Бо калісьці хлопцы, пасвячы коні, упалілі торф на тым балотцы. Гарэла яно гады, пэўна, два, зімой і летам. Калі торф выгараў, увесь верх, разам з лесам, абрушыўся ў тую выгарыну. Толькі верхавіны дрэў засталіся на ўзроўні зямлі. Таму і пайшла ў нас назва - Гарэлае балота.
Пакруціўшыся над гэтым урочышчам, канец каната зачапіўся за нейкую верхавіну, пасля чаго шар павольна апусціўся на дол.
Павылазіўшы са свайго каша, аэранаўты забралі свае прылады, трубу і прыйшлі пехатой у нашу вёску, каб адпачыць і падсілкавацца. Прыйшоўшы ў вёску, яны і пабачылі, якое там адбываецца багамолле. Тут адзін «анёл боскі» і пачаў лаяцца, ды так, як да таго ў нас ніхто ніколі не лаяўся. Пры тым ён усё пытаўся:
- Чаму вы за канат не цягнулі?
Тады толькі ўсе зразумелі, што гэта ніякія не анёлы, калі так добра ўмеюць сварыцца. Сталі ўсе па адным уставаць, заносіць у хаты абразы. Так пачаўся, так і скончыўся «страшны суд» у нашай вёсцы. Але не канчаўся ён доўга для таго дзядзькі Мацея, які жыў у канцы вёскі. Вясковыя дуронікі, пабачыўшы здаля дзядзьку Мацея, кленчылі на зямлю, узяўшы ў рукі якія кійкі. Гэта нагадвала тое, як Мацей калісьці стаяў, укленчыўшы, з качаргой у руках.
Бацькі ды наогул старэйшыя людзі-суседзі за такія камедыі не хвалілі дуронікаў, а давалі або пугай пад лыткі, або жыгучкай у штаны. Сапраўды, чаго ж там выскаляцца са старога: не адзін ён тады настрашыўся. Уся грамада страху мела больш, чымсьці трэба...