Сэльма Лагерлёф
Пярсцёнак Лёвеншольдаў
I
Ведаю, што жылі ў даўніну на свеце людзі, якія не зналі страху. Чула я і пра такіх, якія лічылі забавай прайсціся па першым тонкім лёдзе. І не было для іх большай радасці, як скакаць на неаб'езджаным кані. Так, былі сярод іх і такія, што не пагрэбавалі б згуляць у карты з самім юнкерам Алегордам, хоць загадзя ведалі, што гуляе ён мечанымі картамі і таму заўсёды выйграе. Ведала я і некалькі бясстрашных душ, што не пабаяліся б адправіцца ў дарогу ў пятніцу ці сесці за абедзенны стол, накрыты на трынаццаць персон. І ўсё ж сумняваюся, ці хапіла б у каго-небудзь з іх духу надзець на палец жахлівы пярсцёнак, які належаў старому генералу з маёнтка Хедэбю.
Гэта быў той самы стары генерал, які здабыў Лёвеншольдам і імя, і маёнтак, і дваранскую годнасць. І да таго часу, пакуль маёнтак Хедэбю заставаўся ў руках Лёвеншольдаў, яго партрэт вісеў у параднай гасцінай на верхнім паверсе паміж вокнамі. Гэта была вялікая карціна, якая займала ўвесь прасценак ад падлогі да столі. Здалёку здавалася, нібы гэта Карл XII[1] уласнай персонай, быццам гэта ён стаіць тут у сінім мундзіры, у вялікіх пальчатках з замшавай скуры, упарта падпіраючы вялізнымі батфортамі стракатую, шахматнай клеткай, падлогу. Але падышоўшы бліжэй, вы бачылі, што намаляваны быў чалавек зусім іншага роду.
Над каўняром мундзіра ўзвышалася магутная і грубая мужыцкая галава; здавалася, чалавек на партрэце народжаны, каб араць зямлю да канца сваіх дзён. Але пры ўсёй сваёй агіднасці чалавек гэты быў з выгляду разумны, і верны, і слаўны. Калі б ён з'явіўся на свет у нашы дні, то мог бы стаць сама меней прысяжным засядацелем у павятовым судзе, а то і старшынёй муніцыпалітэта. Ды, хто ведае, магчыма, ён і ў рыксдагу б засядаў[2]. Але паколькі жыў ён у часы вялікага, доблеснага караля, то адправіўся на вайну; туды пайшоў бедным салдатам, а вярнуўся дамоў славутым генералам Лёвеншольдам; і за верную службу атрымаў ва ўзнагароду ад казны маёнтак у прыходзе Бру.
Адным словам, чым даўжэй вы разглядвалі партрэт, тым больш прыміраліся з абліччам генерала. Здавалася, вы пачыналі разумець — сапраўды такія і былі яны, тыя самыя воіны, што пад кіраўніцтвам караля Карла XII праклалі яму шлях у Польшчу і Расею[3]. Яго суправаджалі не толькі шукальнікі прыгод і прыдворныя кавалеры, але і такія простыя і адданыя людзі, як гэты вось чалавек на партрэце. Яны любілі караля, мяркуючы, што дзеля яго варта і жыць і памерці.
Калі вы разглядвалі вобразатвор старога генерала, побач заўсёды аказваўся хто-небудзь з Лёвеншольдаў, каб заўважыць незнарок: гэта, маўляў, зусім не прыкмета ганарыстасці ў генерала, што ён зняў пальчатку з левай рукі, каб мастак адлюстраваў на партрэце вялікі пярсцёнак з пячаткай, які стары Лёвеншольд насіў на ўказальным пальцы. Пярсцёнак гэты дараваны быў яму каралём, а для яго на свеце існаваў толькі адзін-адзінюсенькі кароль. І пярсцёнак быў адлюстраваны разам з генералам на партрэце, каб засведчыць, што Бенгт Лёвеншольд застаўся верны Карлу XII. Бо нямала давялося яму выслухаць злосных нагавораў на свайго ўладара[4]! Адважваліся нават запэўніваць, быццам неразумнасцю сваёй і самавольствам ён давёў краіну ледзь не да пагібелі; але генерал усё роўна заставаўся заўзятым прыхільнікам караля. Бо кароль Карл быў для яго чалавекам, роўнага якому не ведаў свет! І таму, хто быў блізкі да яго, давялося даведацца, што ёсць на свеце нешта такое, што намнога прыгажэйшае і вышэйшае за людскую славу і поспехі і дзеля чаго варта змагацца.
Якраз гэтак жа як Бенгт Лёвеншольд пажадаў, каб пярсцёнак быў адлюстраваны разам з ім на партрэце, пажадаў ён узяць яго з сабой і ў магілу. І тут справа была зусім не ў ганарыстасці. У яго і ў думках не было выхваляцца тым, што ён носіць на пальцы пярсцёнак вялікага караля, калі з'явіцца перад госпадам Богам і мноствам Яго архангелаў. Хутчэй за ўсё ён спадзяваўся, што як толькі ўвойдзе ў тую залу, дзе сядзіць акружаны сваімі ўдалымі рубакамі Карл XII, пярсцёнак паслужыць яму апазнавальным знакам. Так што і пасля смерці яму давядзецца быць блізка ад таго чалавека, якому служыў і пакланяўся ўсё сваё жыццё.
Такім чынам, калі труну генерала апусцілі ў каменны склеп, які ён загадаў узвесці для сябе на могільніку ў Бру, пярсцёнак усё яшчэ красаваўся на ўказальным пальцы ягонай левай рукі. Сярод тых, хто праводзіў генерала ў апошні шлях, знайшлося нямала такіх, хто пашкадаваў, што гэты скарб знікне разам з нябожчыкам у магіле, бо пярсцёнак генерала быў амаль такі ж слаўны і вядомы, як ён сам. Казалі, нібы золата ў ім столькі, што хапіла б купіць цэлы маёнтак і што пунсовы сердалік з выгравіраванымі на ім ініцыяламі караля каштаваў не менш. І ўсе лічылі, што генералавы сыны заслугоўваюць самай глыбокай павагі за тое, што не пярэчылі бацькоўскай волі і пакінулі гэту дарагую рэч з ім.
1
Карл ХІІ (1682–1718) — шведскі кароль (1697–1718). Падзеі, аб якіх упамінаецца далей, звязаны з тым перыядам яго ўладарання, калі Швецыя вяла супраць Даніі, Рэчы Паспалітай, Саксоніі і Расеі Паўночную вайну (1700–1721) за пануючае становішча на берагах Балтыйскага мора. Першы перыяд вайны складваўся для Швецыі ўдала, аднак ваенны паход Карла XII ў Расею закончыўся поўным разгромам шведскай арміі пад Палтавай (1709). Паводле слоў Ф. Энгельса, пасля паражэння ў Расеі Швецыя страціла сваю эканамічную і палітычную магутнасць і была адкінута на становішча другаразраднай краіны. Вярнуўшыся на радзіму, Карл XII арганізаваў ваенны паход у Нарвегію (1716–1718), дзе і загінуў каля сцяны нарвежскай крэпасці Фрэдрыстэн.
2
Рыксдаг узнік у Швецыі ў 1617 г. і да 1867 з'яўляўся сходам прадстаўнікоў усіх саслоўяў, які выконваў ролю дарадчага органа пры каралі. Рыксдаг у сучасным значэнні — шведскі парламент.
3
Ваенны паход Карла XII у Рэч Паспалітую пачаўся ў студзені 1702 г. Нанёсшы шэраг паражэнняў польскаму войску, захапіўшы Кракаў і Варшаву, Карл XII дамогся звяржэння караля Аўгуста, выхаду Рэчы Паспалітай з антышведскай кааліцыі і падпісання мірнага пагаднення ў Варшаве (18 лістапада 1705 г.). Уварваўшыся затым у Саксонію і вымусіўшы яе да выхаду з вайны (Альтранштацкі мір 1706 г.), Карл XII арганізаваў ваенны паход у Расею (жнівень 1707 г.). Разлічваючы на дапамогу свайго тайнага саюзніка, украінскага гетмана Мазэпы, Карл XII павёў сваю армію цераз Украіну, але тут сустрэў рашучы адпор з боку расейскіх войск. Першае паражэнне шведскай арміі было нанесена ў бітве пры Лясной (28 верасня 1708 г.), а затым яна была поўнасцю разгромлена ў Палтаўскай бітве (27 чэрвеня 1709 г.) Пасля ўцёкаў Карла ХІІ у Турцыю рэшткі яго войска канчаткова капітулявалі 1 ліпеня 1709 г. Ф. Энгельс адзначаў, што сваёй спробай заваяваць Расею Карл XII загубіў Швецыю і паказаў усім непаражальнасць Расеі.
4
Пасля паражэння шведскай арміі ў Расеі ў разоранай вайной Швецыі ўзнікла апазіцыя, якую ўзначальвала служылае дваранства і падтрымлівалі іншыя саслоўі, незадаволеныя нарастаючым цяжарам падаткаў і павіннасцей, настойлівым імкненнем караля працягваць вайну. Яго лічылі вінаватым ва ўсіх бедах, якія наваліліся на Швецыю. Разам з тым сярод часткі шведскага насельніцтва бытавала ідэалізаванае ўяўленне пра Карла XII як пра вялікага палкаводца і героя. Гэтыя дваістыя адносіны да Карла XII знайшлі сваё адлюстраванне і на старонках рамана С. Лагерлёф.