Выбрать главу

Конь стаў на дыбкі, а пастар, які з цяжкасцю ўтрымліваўся ў сядле, закрычаў правадніку, каб той пабаяўся бога, адпусціў павады. Але Інгільберт, здавалася, нічога не чуў, і пастар убачыў, як ён, пацямнеўшы тварам, сцяўшы зубы, спрабуе адолець каня, каб спіхнуць яго ўніз у багну. І жывёліну і конніка чакала немінучая смерць.

Тады пастар выцягнуў з кішэні саф'янавую торбачку і шпурнуў яе прама ў твар Інгільберту.

Той адпусціў павады, каб злавіць торбачку, і адчуўшы свабоду, пастарскі конь з перапуду рвануўся наперад па вузкай грэблі. Інгільберт застыў на месцы, не зрабіўшы ніякай спробы дагнаць пастара.

V

Не прыходзіцца здзіўляцца, што пасля такога ўчынку Інгільберта ў пастара памутнела ў галаве. Дзень ужо хіліўся да вечара, калі яму ўдалося дабрацца да жылля. Нічога мудронага не было і ў тым, што з лесу ён патрапіў не на дарогу ў Ольсбю, якая была і лепшая і карацейшая за астатнія, а паскакаў у аб'езд на поўдзень, так што неўзабаве апынуўся каля самай брамы Хедэбю.

Блукаючы на кані ў лясным гушчары, ён толькі падумваў аб тым, каб, вярнуўшыся шчасліва дамоў, перш-наперш паслаць па ленсмана[12] і папрасіць яго накіравацца ў лес адабраць у Інгільберта пярсцёнак. Але, праязджаючы міма Хедэбю, ён задумаўся, а ці не павярнуць яму туды па дарозе і ці не расказаць ротмістру Лёвеншольду, хто адважыўся спусціцца ў склеп і ўкрасці каралеўскі пярсцёнак.

Здавалася б, навошта доўга ламаць галаву над такой яснай справай. Але пастар усё ж вагаўся, ведаючы, што ротмістр і яго бацька не вельмі ладзілі між сабой. Ротмістр быў настолькі ж міралюбівы, наколькі бацька яго — ваяўнічы. Ён паспяшаўся выйсці ў адстаўку, як толькі быў заключаны мір з расейцамі[13], і з таго часу ўсе свае сілы аддаваў на аднаўленне росквіту краіны, літаральна даведзенай да галечы за гады вайны. Ён быў супраць адзінаўладдзя і вайсковых ушанаванняў і нават часам дрэнна выказваўся пра самога Карла XII, пра яго высокую персону, як, зрэшты, і пра многае іншае, што так высока цаніў яго стары бацька. Для большай дакладнасці патрэбна сказаць, што сын актыўна ўдзельнічаў у рыксдагаўскіх спрэчках[14], прычым заўсёды як сябра партыі прыхільнікаў міру. Так, у сына з бацькам нямала было зачэпак для сварак.

Калі сем гадоў таму быў украдзены генеральскі пярсцёнак, пастар, ды і многія іншыя палічылі, што ротмістр не вельмі стараецца атрымаць яго назад. Усё гэта прымусіла цяпер пастара падумаць: «Якая карысць, калі я вазьму на сябе клопат злезці з каня тут, у Хедэбю. Ротмістр усё роўна не запытаецца, хто носіць сягоння каралеўскі пярсцёнак на пальцы — бацька ці Інгільберт. Лепш за ўсё мне адразу ж паведаміць аб крадзяжы ленсману Карэліусу».

Але пакуль пастар такім чынам раіўся з самім сабой, ён убачыў, што брама, якая перагароджвала шлях у Хедэбю, ціхенька адчынілася, ды так і засталася адчыненай насцеж.

Гэта быў сапраўды цуд, але ці мала на свеце розных брам, якія такім жа чынам расчыняюцца самі па сабе, калі яны дрэнна зачынены. І пастар не стаў больш ламаць галаву над гэтымі абставінамі, але палічыў іх знакам таго, што яму патрэбна заехаць у Хедэбю.

Ротмістр прыняў яго гасцінна, куды больш ветліва, чым звычайна.

— Які гонар для нас, што вы, высокапаважаны брат, зазірнулі да нас. Я якраз вельмі хацеў сустрэцца з вамі і сягоння некалькі разоў намерваўся пайсці да вас у маёнтак і пагаварыць аб адной надта незвычайнай справе!

— Дарэмна б толькі схадзілі, брат Лёвеншольд, — сказаў пастар. — Яшчэ на світанні я паехаў вярхом па прыхадскіх справах на сетэр у Ольсбю і вось толькі зараз вяртаюся назад. Ну і дзянёк выпаў для мяне, старога! Столькі прыгод!

— Тое ж і са мной было, хоць я наўрад ці ўставаў сягоння з крэсла. Запэўніваю вас, высокапаважаны брат, што хоць мне хутка міне пяцьдзесят і я трапляў у розныя пераплёты, як у суровыя ваенныя гады, так і потым, цудаў, падобных сягонняшнім, мне сустракаць не даводзілася.

— А калі так, — прамовіў пастар, — першае слова я ўступаю вам, брат Лёвеншольд. Я таксама магу расказаць вам, высокапаважаны брат, вельмі цікавую гісторыю. Але не буду сцвярджаць, што яна самая дзіўная з усіх, якія здараліся са мной у жыцці.

— Але, магчыма, — запярэчыў ротмістр, — вам, высокапаважаны брат, мая гісторыя зусім не падасца такой ужо незвычайнай. Таму я і хачу запытацца: вы чулі, пэўна, што расказваюць пра Гатэнйельма[15]?

— Пра гэтага жахлівага пірата і адчайнага капера[16], якому кароль Карл надаў чын адмірала? Хто ж не чуў, што пра яго расказваюць!

вернуться

12

Ленсман — службовая асоба, прадстаўнік каралеўскай улады на месцах.

вернуться

13

30 жніўня 1721 г. быў заключаны мірны дагавор паміж Расеяй і Швецыяй (Ніштацкі мір), згодна з якім да Расеі адышлі Інгерманландыя, Ліфляндыя, Эстляндыя, Выбарг і паўднёва-заходняя Карэлія.

вернуться

14

У 1713 г., насуперак забароне Карла XII, быў скліканы рыксдаг, на якім разгарнуліся дэбаты наконт далейшага палітычнага курсу краіны. Большасць членаў рыксдага рашуча патрабавала неадкладнага заключэння міру.

вернуться

15

Гатэнйельм — Ларс (Ласэ) Андэрсан Гатэ (1689–1718) — вядомы шведскі марак. Нарадзіўся ў сялянскай сям'і, плаваў на шведскіх і замежных гандлёвых суднах. У час Паўночнай вайны арганізаваў каперскую флатылію (гл. ніжэй). Нажыў вялікія багацці і часткова субсідзіраваў каралеўскую казну. У 1715 г. яму быў нададзены дваранскі тытул, пасля чаго стаў называцца Гатэнйельмам. Узвышэнне яго было адмоўна сустрэта шведскай арыстакратыяй, бо яго падазравалі ў сувязях з піратамі. Загінуў у марской бітве пры Гётэборгу.

вернуться

16

Капер — уладальнік судна ці флатыліі, які займаецца ў час вайны марскім разбоем у нейтральных водах. У адрозненне ад піратаў каперы нападалі толькі на варожыя судны з ведама свайго ўрада, атрымліваючы на гэта спецыяльную грамату. Каперства існавала ў Эўропе да сярэдзіны XIX ст.