— Дык вось, — працягваў ротмістр, — сягоння ў абед размова зайшла пра даўнія ваенныя гады. Мае сыны і іхні гувернёр пачалі распытвацца ў мяне, як і што было ў даўніну; маладыя ж любяць слухаць пра мінулае. І заўважце сабе, брат мой, яны ніколі не пытаюцца пра тую гарачую і суровую пару, якую давялося перажыць нам, шведам, пасля смерці Карла, калі мы з-за вайны ды безграшоўя адсталі ва ўсім. Не, іх цікавяць толькі згубныя ваенныя гады! Далібог, і не паверыш: яны ж лічаць ні за што аднаўленне гарадоў, якія згарэлі дашчэнту, узвядзенне заводаў і мануфактур, выкарчоўку лесу і пад'ём цаліны. Думаецца, мой брат, сыны мае саромеюцца мяне і маіх сучаснікаў за тое, што мы пакончылі з ваеннымі паходамі і перасталі спусташаць чужыя землі. Відаць, яны мяркуюць, што мы значна горшыя за нашых бацькоў і што нам здрадзіла былая магутнасць шведаў!
— Вы, брат Лёвеншольд, сапраўды маеце рацыю, — сказаў пастар. — Такая любоў юнакоў да вайсковай справы заслугоўвае ўсялякага шкадавання.
— Ну вось я і выканаў іх жаданне, — працягваў ротмістр, — і раз яны захацелі пачуць пра якога-небудзь вялікага героя вайны, я і расказаў ім пра Гатэнйельма і пра яго жорсткае абыходжанне з купцамі і мірнымі падарожнікамі, жадаючы выклікаць сваім расказам жах і пагарду. І калі мне гэта ўдалося, я папрасіў сваіх дзяцей паразважаць над тым, што гэты Гатэнйельм быў заўзяты сын ваеннага часу, і пацікавіўся, ці хацелася б ім, каб на зямлі жылі такія вылюдкі?
Але не паспелі мае сыны адказаць, як слова ўзяў іхні гувернёр і папрасіў дазволу расказаць яшчэ адну гісторыю пра Гатэнйельма. І паколькі ён запэўніў мяне, што гэта прыгода капера толькі падмацуе мае папярэднія выказванні пра жахлівыя зверствы і бясчынствы Гатэнйельма, я згадзіўся.
Ён пачаў свой расказ з таго, што Гатэнйельм загінуў маладым і цела яго было пахавана ў ансальскай царкве[17] ў мармуровым саркафагу, які ён выкраў у дацкага караля[18]. Пасля гэтага ў царкве пачалі з'яўляцца такія страшныя прывіды, што ансальскія прыхаджане не ведалі паратунку. Яны не знайшлі іншага сродку, апрача як выцягнуць цела з труны і пахаваць яго ў зямлі на пустынных шхерах далёка-далёка ў моры. З таго часу ў царкве стала мірна і спакойна. Але рыбакі, якім здаралася заплываць да новага месца пахавання Гатэнйельма, расказвалі, што заўсёды чулі там шум і валтузню, і ў любое надвор'е марская пена бурна закіпала над злашчаснымі шхерамі. Рыбакі думалі, што ўсё гэта была справа рук карабельнікаў і гандляроў, якіх Гатэнйельм загадваў кідаць за борт з захопленых ім суднаў. І цяпер яны ўставалі са сваіх сырых марскіх магіл, каб катаваць пірата. А рыбакі ўсяляк асцерагаліся заплываць у той бок. Але аднойчы цёмнай ноччу аднаму з іх собіла апынуцца занадта блізка ад страшнага месца. Ён адчуў, што яго раптам зацягнула ў вір, у твар пляснула марская пена, і чыйсьці грамавы голас звярнуўся да яго:
— Адпраўляйся ў маёнтак Гата ў Ансале і скажы жонцы маёй: няхай прышле мне сем бярэмяў арэхавых прутоў ды дзве ядлоўцавыя паліцы!
Пастар, які моўчкі і цярпліва слухаў расказ субяседніка, улавіў цяпер, што гэта — звычайная гісторыя аб прывідах, і з цяжкасцю ўстрымаўся ад нецярплівага жэсту. Аднак ротмістр не звярнуў на гэта ніякай увагі.
— Вы разумееце, высокапаважаны брат мой, што рыбаку нічога не заставалася, як падпарадкавацца гэтаму наказу. Паслухалася яго і яна, жонка Гатэнйельма. Былі сабраны самыя гнуткія арэхавыя пруты і самыя моцныя ядлоўцавыя паліцы, і работнік з Ансалы паплыў з імі ў мора.
Тут пастар зрабіў настолькі яўную спробу перапыніць свайго субяседніка, што ротмістр нарэшце заўважыў яго нецярплівасць.
— Ведаю, аб чым вы думаеце, брат мой, — прамовіў ён, — тое ж падумаў і я, пачуўшы ў абед гэту гісторыю, але зараз, ва ўсякім выпадку, папрашу вас, высокапаважаны брат мой, выслухаць мяне да канца. Такім чынам, я хацеў сказаць, што гэты разбойнік з Ансалы, мабыць, быў чалавек бясстрашны і да таго ж вельмі адданы свайму нябожчыку гаспадару. Інакш ён наўрад ці адважыўся б выканаць такі наказ. Калі ён падплыў бліжэй да месца пахавання Гатэнйельма, шхеры пірата захліствалі такія высокія хвалі, нібы разгулялася страшная бура, а бразганне зброі і шум бітвы чутны былі далёка навокал. Аднак работнік падышоў на вёслах як мага бліжэй, і яму ўдалося закінуць на шхеры і ядлоўцавыя паліцы і бярэмі прутоў. Некалькі шпаркіх узмахаў вёсламі — і ён адплыў ад страшнага месца.
— Высокапаважаны брат мой… — пачаў быў пастар, але ротмістр непахісна працягваў.
— Аднак далей ён не паплыў, а перастаў веславаць, рашыўшы паназіраць, ці не здарыцца што-небудзь незвычайнае. І чакаць яму марна не давялося. Бо над шхерамі паднялася раптам да аблок марская пена, шум змяніўся страшным грукатам, быццам на полі бітвы, і жахлівыя стогны разнесліся над морам. Так працягвалася нейкі час, паступова заціхаючы, а пад канец хвалі і зусім перасталі браць штурмам Гатэнйельмаву магілу. Неўзабаве тут стала гэтак жа ціха і спакойна, як і на ўсякіх іншых шхерах. Работнік хацеў ужо накіравацца ў зваротны шлях, але ў той жа міг да яго звярнуўся грамавы і ўрачысты голас:
17
Царква ў прыходзе Ансала, дзе знаходзілася сядзіба Гата, якая належала бацькам Гатэнйельма.
18
Недакладнае выкладанне гістарычнага факту. У сапраўднасці Гатэнйельм заўважыў на адным з захопленых дацкіх суднаў два мармуровыя саркафагі, якія прызначаліся для дацкага караля Фрэдэрыка IV і яго жонкі. Датчане прапанавалі за іх вялікі выкуп, але Гатэнйельм заявіў, што мае намер пакінуць іх для сябе і сваёй жонкі. Тады па загаду дацкага ўрада былі выраблены два якраз такія ж самыя саркафагі з імем і гербам Гатэнйельмаў, і шведскі капер пагадзіўся ўзяць іх у абмен на каралеўскія. Гэтыя саркафагі ўстаноўлены ў ансальскай царкве, у магільным склепе Гатэнйельмаў, і ў адным з іх пахаваны Ларс Гатэ.