На целе Інгільберта не было ніякіх слядоў калецтва, апрача кровападцёку на ілбе. Іварсаны сказалі, што ён стукнуўся галавой аб камень, калі паваліўся. Але хіба гэты крывавы жаўлак не мог быць нанесены тоўстай сукаватай паліцай, якую трымаў у руках Паўль Эліясан.
Ротмістр стаяў, апусціўшы вочы. Ён пакутліва змагаўся з самім сабой. Ніколі не чуў ён аб гэтых трох нічога, апрача добрага, і яму ніяк не верылася, што яны забойцы і злодзеі.
Чалядзінцы акружылі ротмістра. Сёй-той з іх ужо бразгаў зброяй, і ўсе да аднаго лічылі, што без бойкі ім адсюль не пайсці.
Тады да ротмістра падышоў Эрык Іварсан.
— Мы, браты, — сказаў ён, — ды і прыёмыш наш Паўль Эліясан, які ў хуткім часе стане мне зяцем, разумеем, што думаеце пра нас вы, пан ротмістр, і вашы людзі. Дык вось, па-нашаму, не варта нам разыходзіцца, пакуль вы не загадаеце абшукаць нашы кішэні і вопратку.
Ад такой прапановы ў панурага ротмістра стала лягчэй на сэрцы. Ён пачаў адмаўляцца. Іварсаны, ды і іхні прыёмны сын такія людзі, што іх і западозрыць немагчыма.
Але сяляне хацелі пакончыць з гэтай справай. Яны самі пачалі выварочваць свае кішэні і разуваць чаравікі. Тады ротмістр махнуў рукой чалядзінцам, каб тыя выканалі іх волю і абшукалі.
Пярсцёнак так і не знайшоўся, але ў берасцяным кашы, які Івар Іварсан насіў за спінай, знайшлі саф'янавую торбачку.
— Гэта ваша торбачка? — запытаўся ротмістр пасля таго як пераканаўся, што яна пустая.
Калі б Івар Іварсан адказаў сцвярджальна, то і ўсё, магчыма, на гэтым бы скончылася. Але замест гэтага ён спакойна прызнаўся:
— Не, не наша; яна валялася на сцяжынцы, непадалёк ад таго месца, дзе паваліўся Інгільберт. Я падняў торбачку і кінуў яе ў кош, бо яна падалася мне новенечкай.
— Але ў такой вось торбачцы і ляжаў пярсцёнак, калі пастар шпурнуў яго Інгільберту, — сказаў ротмістр; і твар ягоны і голас зноў азмрочыліся. — Цяпер жа вам, Іварсанам, нічога не застаецца, як пайсці са мной да ленсмана, калі вы не лічыце за лепшае дабравольна вярнуць мне пярсцёнак.
Цярплівасць сялян з Ольсбю лопнула.
— Няма ў вас, пан ротмістр, такога права, каб прымусіць нас ісці ў турму, — прамовіў Эрык Іварсан.
Ён схапіўся за рагаціну, якая ляжала побач з Інгільбертам, каб пракласці сабе шлях, а брат ягоны з будучым зяцем далучыліся да яго.
У першы момант аслупянелыя жыхары Хедэбю былі падаліся назад, ледзь не адпіхнуўшы ротмістра, які засмяяўся ад радасці, што нарэшце ўжо дасць доўгачаканы выхад свайму гневу, прымяніўшы сілу. Выхапіўшы шаблю, ён секануў па рагаціне.
Але гэта быў адзіны ратны подзвіг, здзейснены ў гэтай сутычцы. Чалядзінцы адцягнулі яго і вырвалі шаблю з рук.
Здарылася так, што і ленсман Карэліус надумаў накіравацца той раніцай у лес. У тую самую хвіліну ён у суправаджэнні стражніка паказаўся на сцяжынцы. Зноў пачаліся пошукі і зноў дазнанне, але справа ўсё ж скончылася тым, што Эрык Іварсан, ягоны брат Івар і іхні прыёмны сын Паўль Эліясан былі ўзяты пад варту і адведзены ў турму па падазрэнні ў забойстве і разбоі.
VII
Нельга не прызнаць, што лясы ў нас у Вермландзе былі ў той час велізарныя, а палі малыя, двары вялікія, затое хаты цесныя, дарогі вузкія, затое ўзгоркі крутыя, дзверы нізкія, затое парогі высокія, цэрквы непрыглядныя, затое службы доўгія, дні жыцця кароткія, затое беды незлічоныя. Але з-за гэтага вермландцы зусім не апускалі галавы і ніколі не скардзіліся.
Бывала, мароз знішчаў пасевы, драпежныя звяры — статкі, а крывавы панос — дзяцей: вермландцы ўсё роўна амаль заўсёды захоўвалі бадзёрасць духу. А інакш што б з імі здарылася?
Але, магчыма, першапрычынай таго было суцяшэнне, якое служыла як багатым, так і бедным, суцяшэнне, якое ніколі не здраджвала людзям і ніколі не ведала стомы.
Але не думайце, сапраўды, што суцяшэнне гэта было нечым узвышаным ці нечым урачыстым, накшталт слова божага, чыстага сумлення ці шчасця кахання! І ўжо зусім не думайце, што было яно нечым ганебным ці небяспечным, накшталт валацужніцтва ці гульні ў косці! А было яно чымсьці зусім бязвінным і будзённым: нічым самым, як полымем, якое няспынна гарэла ў ачагу зімовымі вечарамі.
Госпадзі божа, якую прыгажосць і ўтульнасць надаваў агонь у самай убогай хаціне! А як жартаваў ён там з усімі дамачадцамі вечары напралёт! Ён трашчаў і іскрыўся, і тады здавалася, быццам пасмейваецца з іх. Ён пляваўся і сыкаў, і здавалася, быццам дразніць некага бурклівага і злога. Часам ён ніяк не мог справіцца з якім-небудзь сукаватым паленам. Тады ў пакоі станавілася дымна і чадна, быццам агонь хацеў растлумачыць людзям, што яго кормяць надта скупа. Часам ён ухітраўся ператварыцца ў гарачую кучу вугалю, якраз калі ў доме кіпела работа, так што заставалася толькі скласці рукі на каленях ды гучна смяяцца, пакуль ён не ўспыхне зноў. Але больш за ўсё агонь сваволіў, калі гаспадыня прыходзіла з трохногім чыгунком і патрабавала, каб ён кухарыў. Зрэдку агонь бываў паслухмяны і паслужлівы і справу сваю рабіў хутка і ўмела. Але нярэдка ён гадзінамі лёгка і гулліва скакаў вакол катла з кашай, не даючы ёй закіпець.