Калі пярсцёнак генерала і на самай справе быў такі, якім ён адлюстраваны на партрэце, то гэта была вельмі нязграбная штучка, якую ў цяперашнія часы наўрад ці пажадаў бы хто насіць на пальцы. Аднак пярсцёнак Лёвеншольдаў вельмі высока цаніўся дзвесце гадоў таму назад. Нельга забываць, што ўсе ўпрыгожанні і посуд з высакароднага металу неабходна было тады за рэдкім выключэннем здаваць у казну, што даводзілася змагацца з Гёртцавымі далерамі і з дзяржаўным банкруцтвам[5] і што для многіх золата было чымсьці такім, аб чым яны ведалі толькі па чутках і чаго ніколі ў вочы не бачылі. Так і здарылася, што ў народзе не маглі забыць пра залаты пярсцёнак, які быў пакладзены ў труну без усякай карысці для людзей. Многія былі гатовы лічыць нават несправядлівым, што ён ляжаў там. Яго нельга было прадаць за вялікія грошы ў чужыя краіны і здабыць хлеб таму, каму не было чым харчавацца, апрача як сечанай саломай і драўлянай карой.
Але хоць многія і жадалі завалодаць гэтай вялікай каштоўнасцю, не знайшлося нікога, хто б сапраўды падумваў прысвоіць яе. Пярсцёнак так і ляжаў у труне з прыкручаным векам, у замураваным склепе, пад цяжкімі каменнымі плітамі, недасяжны нават самаму дзёрзкаму злодзею; і думалі, што так ён і застанецца там да сканчэння вякоў.
II
У сакавіку месяцы 1741 года памёр генерал-маёр Бенгт Лёвеншольд, а праз некалькі месяцаў у тым жа годзе здарылася так, што маленькая дачка ротмістра Ёрана Лёвеншольда, старэйшага генералавага сына, які жыў у той час у Хедэбю, памерла ад крывавага паносу. Хавалі яе ў нядзелю, адразу пасля службы, і ўсе малельшчыкі прама з царквы пайшлі за пахавальным шэсцем і праводзілі нябожчыцу да Лёвеншольдавай фамільнай грабніцы, дзе абедзве вялізныя магільныя пліты былі зрушаны на самы край. У скляпенні пад плітамі муляр зрабіў пралом, каб маленькую труну мёртвага дзіцяці можна было паставіць побач з дзядулінай.
Пакуль прыхаджане, якія сабраліся каля склепа, слухалі надмагільнае слова, мабыць, сёй-той і ўспомніў аб каралеўскім пярсцёнку і пашкадаваў, што вось ляжыць ён, маўляў, схаваны ў магіле без усякай карысці і радасці.
А магчыма, сёй-той і шапнуў суседу, што цяпер не так ужо і цяжка дабрацца да пярсцёнка: бо да заўтрашняга дня склеп наўрад ці замуруюць.
Сярод тых, каго трывожылі такія думкі, быў і нейкі селянін з сядзібы Маламстуга ў Ольсбю. Звалі яго Борд Бордсан. Ён быў зусім не з тых, хто гараваў бы да сівых валасоў з-за пярсцёнка. Наадварот, калі хто-небудзь пачынаў размову пра пярсцёнак, Борд звычайна казаў: што ў яго, маўляў, і так добрая сядзіба і яму няма чаго зайздросціць генералу, калі б ён забраў з сабой у магілу хоць цэлы шэфель[6] золата.
І вось цяпер, стоячы на могільніку, Борд Бордсан, як і многія іншыя, падумаў: «Дзіўна, што склеп застанецца адкрытым». Але не абрадаваўся гэтаму, а занепакоіўся. «Ротмістру, бадай, патрэбна б загадаць, каб склеп замуравалі сягоння ж пасля паўдня, — падумаў ён. — Знойдуцца такія, каму захочацца дабрацца да пярсцёнка».
Справа гэта яго зусім і не тычылася, але як бы там ні было, а ён усё больш і больш звыкаўся з думкай, што небяспечна пакідаць склеп адкрытым на ноч. Стаяў жнівень, ночы былі цёмныя, і калі склеп не замуруюць сягоння ж, то туды можа прабрацца злодзей і завалодаць скарбам.
Яго ахапіў такі страх, што ён ужо пачаў быў падумваць, ці не пайсці яму да ротмістра, каб папярэдзіць яго. Але Борд цвёрда ведаў, што ў народзе лічыцца дурнем, і яму не хацелася выстаўляць сябе на пасмешышча. «У гэтай справе ты маеш рацыю, гэта ўжо дакладна, — падумаў ён, — але калі перастараешся, цябе падымуць на смех. Ротмістр маху не дасць і ўжо абавязкова распарадзіцца, каб замуравалі пралом».
Ён так паглыбіўся ў свае думкі, што нават не заўважыў, як пахавальны абрад закончыўся, і працягваў стаяць каля магілы. І прастаяў бы яшчэ доўга, калі б жонка не падышла да яго і не тузанула за рукаў кафтана.
— Што гэта на цябе найшло? — запыталася яна. — Стаіш тут і вачэй не зводзіш, быццам кот каля мышынай норкі.
Селянін уздрыгнуў, узняў вочы і ўбачыў, што, апрача іх з жонкай, нікога на могільніку ўжо няма.
— Ды нічога, — адказаў ён. — Стаяў тут, і прыйшло мне ў галаву…
Ён ахвотна расказаў бы жонцы, што іменна яму прыйшло ў галаву, але ведаў, што яна куды больш здагадлівая за яго. І палічыла б толькі яго трывогі дарэмнымі. Сказала б, што замураваны склеп ці не — нікога гэта справа не тычыцца, апрача ротмістра Лёвеншольда.
5
Карл XII, вярнуўшыся ў Швецыю пасля чатырнаццацігадовай адсутнасці (1715), застаў краіну ў стане поўнага эканамічнага краху, але нягледзячы на гэта, вырашыў сабраць сродкі для працягу вайны. Наткнуўшыся на супраціўленне дзяржаўнага савета і рыксдага, ён адхіліў іх ад кіравання дзяржавай і перадаў усю паўнату ўлады ў рукі гальшэйнгаторпскага міністра Гёртца (1668–1718), які правёў шэраг эканамічных мерапрыемстваў з мэтай выцягвання з насельніцтва сродкаў для новых ваенных намераў караля. У ліку гэтых мерапрыемстваў былі канфіскацыя каштоўнасцей, а таксама выпуск абясцэненых, так называемых фальшывых грошай, празваных у народзе «Гёртцавымі далерамі». Перыяд уладарання ненавіснага чужаземнага міністра лічыцца адным з самых змрочных эпізодаў шведскай гісторыі і вядомы пад назвай «Гёртцавага часу».
6
Шэфель — старадаўняя шведская мера ёмістасці для цвёрдых і сыпучых целаў, роўная 20,9 літра.