Выбрать главу

Тады суддзя зрабіў знак ленсману, і той падняўся на ганак судовай палаты, дзе яго лепш бачылі і чулі:

— Івар Іварсан выкінуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, больш ачкоў набраць нельга!

Людзі зразумелі, што Івар Іварсан прызнаны невінаватым, і ўзрадаваліся. А многія пачалі крычаць:

— Будзь здароў, Івар Іварсан!

Але тут здарылася такое, што вельмі здзівіла ўсіх. Паўль Эліясан радасна закрычаў і, сарваўшы з галавы сваю вязаную шапачку з кутасікам, падкінуў яе ў паветра. Гэта адбылося так нечакана, што стражнікі не паспелі перашкодзіць яму. Усе толькі ахнулі. Праўда, Івар Іварсан быў Паўлю Эліясану ўсё роўна што бацька, але цяпер, калі справа ішла аб ягоным жыцці, няўжо ён і сапраўды радаваўся таму, што іншага прызналі невінаватым?

Хутка быў усталяваны парадак: начальства адышло направа, арыштанты са стражнікамі — налева, іншыя гледачы адсунуліся бліжэй да судовай палаты, так што барабан зноў застаўся пасярэдзіне, нічым не заслонены, і ён відзён з усіх бакоў. Цяпер настала чарга Эрыка Іварсана перанесці смяротнае выпрабаванне. Але, узяўшы ў рукі кубак з касцямі, ён паспрабаваў выпрастаць сагнутую спіну і сказаў:

— Дзякуй Богу, што брат мой Івар апраўданы, бо хоць у гэтай справе я таксама невінаваты, ён заўсёды быў лепшы за мяне. І малю Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб ён даў мне выкінуць найменей ачкоў, каб дачка мая магла павянчацца з тым, каго яна кахае, і жыць з ім шчасліва да канца дзён сваіх.

З Эрыкам Іварсанам здарылася тое, што часта бывае са старымі: уся яго былая моц, здавалася, пайшла ў голас. Яго словы пачулі ўсе і ўскалыхнулі народ. Ужо вельмі ж непадобна было на Эрыка Іварсана прызнаць, што хтосьці больш варты за яго, ды яшчэ жадаць сабе смерці дзеля чужога шчасця. Ва ўсім натоўпе не знайшлося б цяпер ніводнага чалавека, хто па-ранейшаму лічыў бы яго разбойнікам і злодзеем. Са слязамі на вачах маліліся людзі Богу, каб Эрык выкінуў пабольш ачкоў.

Ён і не патурбаваўся патрэсці ў кубку косці, а толькі, падняўшы кубак уверх і апусціўшы яго ўніз, выкінуў косці на барабанную шкуру. Вочы яго былі надта старыя, каб убачыць ачкі на кубіках, і ён, нават не зірнуўшы на іх, стаяў, утаропіўшыся ў прастору.

Але суддзя і іншыя паспяшаліся да барабана. І ўсе прачыталі на іхніх тварах тое ж здзіўленне, што і ў мінулы раз.

А натоўп, які стаяў перад салдацкім частаколам, быццам зразумеў усё, што адбылося, яшчэ задоўга да таго, як ленсман аб'явіў вынік справы. Нейкая жанчына ўсклікнула:

— Няхай уратуе цябе Гасподзь, Эрык Іварсан!

І ўслед пачуўся шматгалосы крык:

— Дзякуй і хвала Госпаду за тое, што ён дапамог табе, Эрык Іварсан!

Вязаная шапачка Паўля Эліясана ўзляцела ў паветра, як і першы раз, і ўсе зноў ахнулі. Няўжо ён не думае, чым гэта пагражае яму самому?

Эрык Іварсан стаяў маўклівы і абыякавы, твар ягоны ніколькі не пасвятлеў. Думалі — магчыма, ён чакае, калі ленсман аб'явіць вынік, але нават калі гэта і адбылося і Эрык даведаўся, што ён таксама, як і ягоны брат, выкінуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, то застаўся абыякавы. Ён хацеў быў дабрацца да свайго ранейшага месца, але так знясілеў, што судоваму прыставу давялося падхапіць яго, а то б не ўтрымацца яму на нагах.

Настала чарга Паўлю Эліясану падысці да барабана, каб паспрабаваць шчасця, і ўсе позіркі накіраваліся да яго. Яшчэ задоўга да выпрабавання ўсе палічылі, што ён, відаць, і ёсць сапраўдны злачынец; цяпер ён быў, можна сказаць, прыгавораны. Больш жа ачкоў, чым браты Іварсаны, выкінуць было немагчыма.

Такі вынік нікога б раней не засмуціў, але тут усе ўбачылі, што Марыт Эрыксдотэр цішком перабралася да Паўля Эліясана.

Ён не трымаў яе ў сваіх абдымках, ні пацалунку, ні пяшчоты не было паміж імі. Яна толькі стаяла побач, моцна-моцна прыціснуўшыся да яго, а ён абняў яе стан рукой. Ніхто не мог бы з дакладнасцю сказаць, ці доўга яны так прастаялі, бо ўвагу ўсіх захапіла гульня ў косці.

Як бы там ні было, яны стаялі побач, злучаныя неспазнаным лёсам насуперак варце і грознаму начальству, насуперак тысячам гледачоў, насуперак жахлівай гульні са смерцю, у якую былі ўцягнуты.

Іх звяло разам каханне, але каханне больш узвышанае, чым зямное. Яны маглі б стаяць так летнім ранкам каля лаза ў плятні, праскакаўшы ўсю ноч напралёт і ўпершыню прызнаўшыся адно аднаму ў тым, што хочуць стаць мужам і жонкай. Яны маглі б стаяць так пасля першага прычасця, адчуваючы, што ўсе грахі зняты з душы. Яны маглі б стаяць так, калі б абоім давялося перанесці жах смерці, і перайсці ў той свет, і сустрэцца зноў, і зразумець, што яны на векі вечныя належаць адно аднаму.