Выбрать главу

Кутасік з шапачкай выпалі ў яе з рук. Ніколі раней не даводзілася ёй бачыць гэты пярсцёнак, але ў яе зусім не было патрэбы разглядваць каралеўскія ініцыялы на камяні ці чытаць надпіс на пярсцёнку, каб даведацца, што гэта за пярсцёнак і хто быў яго ўладальнікам. Абапёршыся на поручань ганка, яна заплюшчыла вочы і так сядзела, ціхая і бледная, быццам была пры смерці. Ёй здавалася, што сэрца ў яе вось-вось разарвецца ад пакуты.

З-за гэтага пярсцёнка бацьку яе Эрыку Іварсану, дзядзьку яе Івару Іварсану і жаніху яе Паўлю Эліясану давялося развітацца з жыццём, а цяпер ёй суджана знайсці гэты пярсцёнак, вельмі моцна ўшыты ў кутасік Паўлевай шапачкі! Як жа ён туды трапіў? Калі ж ён туды трапіў? Ці ведаў Паўль аб тым, што пярсцёнак зашыты ў кутасіку?

Не! Яна адразу ж запэўніла самую сябе, што ён ніяк не мог ведаць аб гэтым.

Яна прыгадала, як ён размахваў гэтай шапачкай і падкідваў яе ўгору, думаючы, што і яго і старых Іварсанаў апраўдаюць.

Малюнак гэты стаяў перад яе вачыма, нібы ўсё здарылася толькі ўчора: вялізны натоўп людзей, спачатку поўны нянавісці і варожасці да яе і да яе блізкіх, а пад канец перакананы ў іх невінаватасці. Ёй прыгадалася цудоўнае цёмна-сіняе асенняе неба і пералётныя птушкі, якія збіліся са шляху і трывожна ляталі над плошчай, дзе ішоў цінг. Паўль бачыў іх, і ў той момант, калі яна прыціснулася да яго, шапнуў ёй, што хутка душа яго будзе мітусіцца ў нябёсах, быццам маленькая птушачка, якая збілася са шляху. І ён запытаўся, ці дазволіць яна яму прылятаць і гнездавацца пад дахавым жолабам сядзібы ў Ольсбю.

Не, Паўль не мог ведаць, што ўкрадзенае дабро схавана ў шапачцы, якую ён падкідваў угору, пазіраючы на цудоўнае асенняе неба.

Гэта было на другі дзень. Сэрца яе сутаргава сціскалася кожны раз, калі яна ўспамінала аб ім, але цяпер ёй што б там ні было патрэбна ўспомніць усё да канца. Са Стакгольма прыйшоў указ, што божы суд неабходна разумець так: усе тры абвінавачваемыя аднолькава вінаватыя, і іх трэба пакараць смерцю праз павешанне.

Яна была там, калі прыгавор прыводзілі ў выкананне, была дзеля таго, каб людзі, якіх яна любіла, ведалі, што ёсць на свеце чалавек, які верыць у іх і смуткуе. Але дзеля гэтага наўрад ці патрэбна было ісці на ўзгорак вісельнікаў. Пасля божага суда настрой у людзей стаў іншым. Усе тыя, хто акружалі яе перад салдацкім частаколам, былі цяпер добрыя з ёю. Людзі разважалі ды меркавалі між сабой, а потым вырашылі, што божы суд патрэбна разумець так: усе тры абвінавачваемыя невінаватыя. Бо стары генерал дазволіў усім тром выкінуць па дзве шасцёркі. Значыць, і разважаць тут больш няма чаго. Генеральскага пярсцёнка ніхто з іх не браў.

Калі вывелі трох сялян, пачуўся ўсеагульны страшны лямант. Жанчыны плакалі, мужчыны стаялі, сціснуўшы кулакі і сцяўшы зубы. Казалі, што быць, маўляў, прыходу Бру разораным, як Іерусаліму, бо там пазбавілі жыцця трох бязвінных мужчын. Людзі выкрыквалі словы суцяшэння прыгавораным да пакарання смерцю і здзекваліся з катаў. Безліч праклёнаў пасылалася на галаву ротмістра Лёвеншольда. Казалі, быццам ён пабываў у Стакгольме і па яго віне прыгавор божага суда вытлумачылі на шкоду абвінавачваемым.

Але, ва ўсякім выпадку, усе людзі, разам з Марыт лічылі падсудных невінаватымі і верылі ім, а гэта дапамагло дзяўчыне перажыць той дзень. І не толькі той дзень, але і ўсе астатнія дні — да гэтага часу. Калі б людзі, з якімі ёй давялося сустракацца, лічылі яе дачкой забойцы, то яна не ў сілах была б вынесці цяжару жыцця.

Паўль Эліясан першым узышоў на маленькі дашчаны памост пад шыбеніцай. Спачатку ён кінуўся на калені і пачаў маліцца богу, потым звярнуўся да святара, які стаяў побач з ім, і пачаў аб нечым прасіць яго. Затым Марыт убачыла як пастар зняў з яго галавы шапачку. Калі ўсё было скончана пастар перадаў Марыт шапачку і апошняе прывітанне Паўля. Ён паслаў ёй шапачку ў знак таго, што думаў пра яе ў свой перадсмяротны час.

Як ёй магло нават прыйсці ў галаву, што Паўль падарыў бы ёй на памяць шапачку, калі б ведаў, што ў ёй схавана крадзенае дабро? Не, калі ўжо і было што надзейнае на свеце, дык толькі адно: Паўль не ведаў, што пярсцёнак, які быў надзеты на пальцы нябожчыка, — у шапачцы.

Хутка нагнуўшыся, Марыт Эрыксдотэр узяла шапачку, паднесла яе да вачэй і пачала ўважліва разглядаць. «Адкуль магла ўзяцца ў Паўля гэта шапачка? — падумала яна. — Ні я, ды і ніхто іншы ў сядзібе не вязаў яе яму. Відаць, ён купіў яе на кірмашы, а магчыма, памяняўся з кім-небудзь».