Яна яшчэ раз перавярнула шапачку, разглядваючы ўзор з усіх бакоў. «Калісьці гэта шапачка была, напэўна, прыгожая і новая, — падумала яна. — Паўль любіў рознае прыгожае ўбранне. Ён заўсёды быў незадаволены, калі мы ткалі яму шэрыя саматканыя кафтаны. Ён хацеў, каб саматканае сукно яму заўсёды фарбавалі. А шапачкі ён любіў часцей чырвоныя, з вялікім кутасікам. Гэта несумненна прыйшлася яму па густу».
Адклаўшы шапачку, яна зноў абапёрлася аб поручань, імкнучыся перанесціся ў мінулае.
Яна была ў лесе той самай раніцай, калі Інгільберта напалохалі да смерці. І бачыла, як Паўль разам з яе бацькам і дзядзькам стаяў, схіліўшыся над трупам. Абодва старыя вырашылі, што Інгільберта трэба перанесці ўніз, у даліну, і накіраваліся насячы галля для насілак. А Паўль на момант забавіўся, каб разгледзець Інгільбертаву шапачку. Яна яму вельмі спадабалася. Шапачка была ўзорыстая, звязаная з чырвонай, сіняй і белай пражы, і ён непрыкметна памяняў яе на сваю. Ён зрабіў гэта без усялякага дрэннага намеру. Магчыма, ён проста хацеў пафарсіць крыху ў ёй. Ягоная ўласная шапачка, пакінутая ім Інгільберту, вядома ж, была не горшая за гэту, але не такая стракатая і не так адмыслова звязаная.
А Інгільберт зашыў пярсцёнак у шапачку, перш чым пайсці з дому. Магчьма, ён думаў, што за ім будзе пагоня, і таму спрабаваў схаваць яго. Калі ж паваліўся, нікому і ў галаву не прыйшло шукаць пярсцёнак у шапачцы, а Паўлю Эліясану і тым больш.
Напэўна, так яно і было ўсё. Яна магла б паклясціся ў гэтым, але трэба ўсё ж пераканацца да канца.
Марыт паклала пярсцёнак у сундук і з шапачкай у руках пайшла на двор для жывёлы, каб паразмаўляць з даглядчыцай жывёлы.
— Выйдзі на святло, Мэрта, — крыкнула яна ў цёмную глыбіню хлява, — і дапамажы мне з узорам, а то адной ніяк не разабрацца!
Калі даглядчыца жывёлы выйшла да яе, Марыт працягнула ёй шапачку.
— Я ведаю, што ты майстар вязаць, Мэрта, — сказала яна. — Я хацела пераняць гэты ўзор, ды не магу ў ім разабрацца. Глянь жа сама! Ты ж вельмі вопытная ў гэтай справе: куды мне да цябе!
Даглядчыца жывёлы ўзяла шапачку і паглядзела на яе. Відаць было, што яна вельмі здзівілася. Выйшаўшы з ценю, які адкідвала сцяна хлява, яна зноў пачала аглядаць шапачку.
— Адкуль яна ў цябе? — запыталася Мэрта.
— Яна праляжала ў мяне ў сундуку шмат гадоў, — адказала Марыт. — А чаму ты ў мяне пытаешся?
— Таму, што гэту самую шапачку я звязала майму брату Інгільберту тым апошнім летам, калі ён яшчэ быў жывы, — сказала даглядчыца жывёлы. — Я не бачыла яе з той самай раніцы, калі ён пайшоў з дому. Як магла яна трапіць сюды?
— Можа, яна звалілася ў яго з галавы, калі ён падаў, — адказала Марыт. — І хтосьці з нашых работнікаў падабраў яе ў лесе і прынёс сюды. Але калі ўжо гэта шапачка развярэдзіла табе сэрца, можа, ты і не захочаш зняць для мяне ўзор?
— Давай мне шапачку, і ўзор будзе ў цябе да заўтрашняга дня — сказала даглядчыца жывёлы.
У голасе яе пачуўся плач, калі, узяўшы шапачку, яна пайшла назад на двор для жывёлы.
— Не, не трэба табе здымаць узор, раз гэта так цяжка, — сказала Марыт.
— Ніколькі мне не цяжка, калі я раблю гэта для цябе.
І на самай справе, ніхто іншы, а Марыт успомніла пра Мэрту Бордсан, якая засталася адна ў лесе пасля смерці бацькі і брата, і прапанавала ёй пайсці даглядчыцай жывёлы ў сваю сядзібу Стургордэн у Ольсбю. І Мэрта заўсёды была ёй удзячна за тое, што Марыт дапамагла ёй вярнуцца да людзей.
Марыт зноў пайшла на ганак палевай клеці і ўзяла ў рукі вязанне, але ёй не працавалася; абапёршыся, як раней, галавой на поручань, яна намагалася прыдумаць — што ж ёй цяпер рабіць.
Калі б хто-небудзь у ольсбюскай сядзібе ведаў, як выглядаюць жанчыны, якія адмовіліся ад свецкага жыцця дзеля пустэльніцтва ў манастыры, то сказаў бы, што Марыт падобная на такую жанчыну. Твар яе быў жаўтавата-бледны і зусім без маршчын. Нетутэйшаму чалавеку амаль немагчыма было б сказаць — маладая яна ці старая. Ва ўсім яе абліччы было нешта супакоенае і ціхае, як у чалавека, які адмовіўся ад усякіх жаданняў. Яе ніколі не бачылі бесклапотна-вясёлай, але і вельмі маркотнай таксама ніколі не бачылі.
Пасля цяжкага ўдару, які напаткаў яе, Марыт ясна адчула, што жыццё для яе скончана. Яна атрымала ў спадчыну сядзібу Стургордэн, але добра разумела, што калі захоча захаваць сядзібу ў сябе, то ёй давядзецца выйсці замуж: сядзібе ж патрэбен гаспадар. Не жадаючы выходзіць замуж, яна перадала ўсе свае ўладанні аднаму са стрыечных братоў зусім бясплатна, абумовіўшы сабе толькі права жыць і харчавацца ў сядзібе да сканчэння сваіх дзён.