Яна была задаволена тым, што так паступіла, і ніколі ў гэтым не раскайвалася. Баяцца, што дні пацягнуцца для яе марудна і бесклапотна, не даводзілася. Людзі паверылі ў яе жыццёвы розум і дабрату, і варта было каму-небудзь захварэць, як адразу клікалі яе. Дзеці таксама вельмі хінуліся і лашчыліся да яе. У клеці на палях у яе заўсёды было шмат малых. Яны ведалі, што ў Марыт заўсёды знойдзецца час дапамагчы ім справіцца з іх маленькімі нягодамі.
І вось цяпер, калі Марыт сядзела на ганку, разважаючы, што ёй рабіць з гэтым пярсцёнкам, яе апанаваў раптам страшны гнеў. Яна думала пра тое, як лёгка можна было адшукаць гэты пярсцёнак. Чаму генерал не паклапаціўся, каб пярсцёнак быў знойдзены? Ён жа ўвесь час ведаў, дзе пярсцёнак, цяпер Марыт гэта разумела. Але чаму ж ён не зрабіў так, каб Інгільбертаву шапачку таксама абшукалі? Замест гэтага ён дазволіў пакараць смерцю з-за свайго пярсцёнка трох невінаватых чалавек. На гэта ў яго была ўлада, а вось прымусіць пярсцёнак выйсці на свет божы — не было!
Спачатку Марыт падумала была, што ёй патрэбна пайсці да пастара, расказаць яму ўсё і аддаць пярсцёнак. Але не, гэтага яна нізашто не зробіць!
Так ужо атрымалася: дзе б ні паявілася Марыт — ці ў царкве, ці ў гасцях, з ёю абыходзіліся з вялікай павагай. Ёй ніколі не даводзілася пакутаваць ад пагарды, якая звычайна выпадае на долю дачкі ліхадзея. Людзі былі цвёрда перакананы ў тым, што тут адбылася неверагодная несправядлівасць, і хацелі згладзіць яе. Нават знатныя паны, сустракаючы, бывала, Марыт на царкоўным узгорку, абавязкова падыходзілі да яе перамовіцца некалькімі словамі. Нават сям'я з Хедэбю — вядома, не сам ротмістр, а яго жонка з нявесткай — не раз спрабавалі зблізіцца з Марыт. Але яна заўсёды ўпарта адхіляла гэтыя спробы. Ніводнага слова не сказала яна ніводнаму з жыхароў маёнтка з часу божага суда.
Дык няўжо цяпер яна выйдзе на плошчу і голасна прызнаецца ў тым, што гаспадары Хедэбю часткова мелі рацыю? Пярсцёнкам, як стала вядома, усё ж завалодалі сяляне з Ольсбю. Магчыма, нават пачнуць сцвярджаць аб тым, што яны, маўляў, ведалі, дзе пярсцёнак, выцерпелі арышт і дазнанне, спадзеючыся, што будуць апраўданы і змогуць прадаць пярсцёнак.
Ва ўсякім выпадку Марыт разумела, што гонар ротмістра, а заадно і яго бацькі, будзе выратаваны, калі яна аддасць пярсцёнак і раскажа, дзе яго знайшла. А Марыт не хацела і пальцам паварушыць дзеля таго, што прынесла б карысць і выгаду Лёвеншольдам.
Ротмістр Лёвеншольд быў цяпер васьмідзесяцігадовым дзедам, багатым і магутным, знатным і паважаным. Кароль надаў яму баронскі тытул, і не было выпадку, каб яго напаткала якая-небудзь бяда. Сыны ў яго былі вельмі добрыя, жылі, як і ён, у дастатку і выгадна ажаніліся.
А чалавек гэты забраў у Марыт усё, усё, усё, што ў яе было.
Яна засталася адна на свеце, гаротная, без мужа, без дзяцей, і ўсё па яго віне. Доўгія гады чакала яна і чакала, што яго напаткае суровае пакаранне, але так нічога і не здарылася.
Раптам Марыт падскочыла, ачуўшыся ад свайго глыбокага роздуму. Яна пачула, як па двары шпарка бягуць дзеці, напэўна, да яе.
Гэта былі два хлопчыкі гадоў дзесяці-адзінаццаці. Адзін быў сынам гаспадара, Нільс, другога яна не ведала. І, вядома ж, яны прыбеглі папрасіць яе ў нечым дапамагчы.
— Марыт, — сказаў Нільс, — гэта Адрыян з Хедэбю. Мы з ім былі вунь на той дарозе і ганялі абруч, а потым паспрачаліся, і я разадраў яго шапачку.
Марыт моўчкі сядзела, гледзячы на Адрыяна. Прыгожы хлопчык, у абліччы якога было штосьці ціхае і лагоднае. Яна схапілася за сэрца, бо заўсёды адчувала боль і страх, калі бачыла каго-небудзь з Лёвеншольдаў.
— Цяпер мы зноў сябруем, — працягваў Нільс, — вось я і падумаў: дай жа папрашу цябе, можа, ты паправіш Адрыяну шапачку, перш чым ён пойдзе дадому.
— Добра, — сказала Марыт, — зацырую!
Узяўшы ў рукі разадраную шапачку, яна паднялася, збіраючыся пайсці ў клець.
— Напэўна, гэта знак божы, — прамармытала яна. — Пагуляйце ж яшчэ крыху на двары! — сказала Марыт хлопчыкам. — Хутка будзе гатова.
Зачыніўшы за сабой дзверы ў клець, яна пачала цыраваць дзіркі ў шапачцы Адрыяна Лёвеншольда.
IX
Зноў мінула некалькі год, а пра пярсцёнак па-ранейшаму не было ні слыху ні дыху. Але вось здарылася так, што ў 1788 годзе дзяўчына Мальвіна Спак пасялілася ў Хедэбю і стала там аканомкай. Была яна беднай пастарскай дачкой з Сёрмланда, ніколі раней за межы Вермланда не выязджала і не мела ніякага ўяўлення аб тым, што творыцца ў маёнтку, дзе ёй трэба было служыць.