Калі яна прыехала, яе адразу запрасілі да баранэсы Лёвеншольд, каб адкрыць вельмі дзіўны сакрэт.
— Я лічу, што будзе вельмі правільна, — сказала гаспадыня дома, — адразу ж адкрыць вам, паненка, таямніцу. Трэба сказаць, у нас у Хедэбю водзяцца прывіды. Нярэдка здараецца, што па лесвіцах і ў галерэях, а часам нават і ў панскіх пакоях сустракаеш рослага, дужага чалавека, апранутага прыкладна як стары каралінец — у высокіх батфортах і сінім форменным мундзіры. Ён з'яўляецца зусім нечакана, калі адчыняеш дзверы ці выходзіш на лесвічную пляцоўку: і не паспееш нават падумаць, хто гэта, як ён тут жа знікае. Ён нікога не крыўдзіць, і мы нават схільныя думаць, што ён мае ласку да нас, і я прашу вас, паненка, не палохацца, калі сустрэнеце яго.
Дзяўчыне Спак ішоў у той час дваццаць другі год; была яна лёгкая і спрытная, на рэдкасць здольная ў розных хатніх справах і работах, кемлівая і рашучая, таму дзе б яна ні вяла гаспадарку, усё ішло ў яе як па масле. Але яна страшна баялася прывідаў і ніколі не пагадзілася б служыць у Хедэбю, калі б ведала, што яны там водзяцца. Аднак цяпер яна ўжо прыехала, а беднай дзяўчыне, вядома ж, асабліва не даводзілася выбіраць і адмаўляцца ад такога добрага месца. Таму яна зрабіла баранэсе рэверанс, падзякавала за перасцярогу і запэўніла, што не запалохаецца.
— Мы нават не разумеем, чаму ён тут блукае, — працягвала гаспадыня дома. — Дочкі лічаць, што ён падобны на дзядулю майго мужа — генерала Лёвеншольда, якога вы бачыце вунь на тым партрэце, і яны звычайна называюць прывід Генералам. Але вы, паненка, вядома, разумееце, што ніхто не падумае сказаць, быццам па доме блукае сам генерал — ён жа, напэўна, найцудоўны быў чалавек. Шчыра кажучы, мы і самі не можам усё гэта зразумець. І калі сярод слуг пойдуць якія-небудзь плёткі, у вас, паненка, спадзяюся, хопіць розуму не прыслухоўвацца да іх.
Дзяўчына Спак яшчэ раз зрабіла рэверанс і запэўніла баранэсу, што ніколі не дапусціць сярод слуг ніякіх плётак пра паноў; і на гэтым аўдыенцыя была закончана.
Дзяўчына Спак была, вядома, усяго толькі беднай аканомкай, але паколькі паходзіла не з простай сям'і, то ела за панскім сталом, як і кіраўнік маёнтка з гувернанткай. Зрэшты, мілавідная і прыемная, з мініяцюрнай і кволай фігуркай, светлавалосая, з ружовым, квітнеючым тварыкам, яна зусім не псавала выгляду за панскім сталом. Усе лічылі яе вельмі прыстойным чалавекам, які змог стаць карысным у многіх адносінах, і яна адразу ж зрабілася ўсеагульнай любіміцай.
Неўзабаве аканомка заўважыла, што прывід, аб якім казала баранэса, быў пастаянным прадметам размовы за сталом. То адна з маладых баранэс, то гувернантка аб'яўлялі:
— Сягоння Генерала бачыла, — аб'яўлялі такім тонам, быццам гэта было нейкім гонарам, якім і пахваліцца не грэх.
Дня не праходзіла без таго, каб хто-небудзь не запытаўся ў яе, ці не сустракаўся ёй прывід, а паколькі Мальвіне пастаянна даводзілася адказваць «не», то яна заўважыла, што гэта выклікала пэўную пагарду да яе. Нібы яна была горшая за гувернантку ці кіраўніка маёнтка, якія бачылі Генерала незлічонае мноства разоў.
І сапраўды, дзяўчыне Спак ніколі не даводзілася так свабодна і нязмушана абыходзіцца з прывідам, як ім. Але з самага пачатку яна прадчувала, што справа гэта дабром не скончыцца. Іх Хедэбю чакае вельмі страшны пярэпалах. Яна сказала сама сабе, што калі гэты прывід, які прыходзіць да іх, і на самай справе істота з таго свету, то гэта, бясспрэчна, які-небудзь няшчасны, які мае патрэбу ў дапамозе жывых, каб супакоіцца ў магіле. Аканомка была вельмі рашучая, калі б на тое яе воля і ўлада, у доме правялі б строгі вышук і даведаліся б пра саму сутнасць гэтай з'явы, замест таго, каб яна была пастаяннай тэмай размоў за абедзенным сталом.
Але дзяўчына Спак ведала сваё месца, і ніводнае слова ў асуджэнне паноў ніколі не сарвалася б у яе з языка. Сама ж яна пазбягала ўдзельнічаць у агульным паджартоўванні з прывіду і захоўвала ў тайне ўсе свае дрэнныя прадчуванні.
Цэлы месяц пражыла дзяўчына Спак у Хедэбю, перш чым ёй давялося ўбачыць прывід. Аднойчы раніцай, спускаючыся з паддашка, дзе яна пералічвала перад мыццём бялізну, аканомка сустрала на лесвіцы нейкага чалавека, які састўпіў убок, даўшы ёй прайсці. Было гэта сярод белага дня, і яна зусім не думала ні аб якіх прывідах. Яна толькі здзівілася: што рабіць чужому чалавеку на гарышчы, і тут жа вярнулася, каб пацікавіцца, чаго ён тут. Але на лесвіцы не было відаць ні душы. Аканомка, поўная рашучасці схапіць за каўнер злодзея, зноў паспешліва ўзбегла па лесвіцы, зазірнула ў паддашак, абшукала ўсе цёмныя куткі і клець. Але нідзе нікога не было, і яна раптоўна здагадалася, што адбылося.